Пошук

07.04.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 2, 14а. 22–33

Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У дзень Пяцідзесятніцы ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю і прамовіў моцным голасам да іх: Мужы юдэйскія, выслухайце гэтыя словы: Езус з Назарэту быў Мужам, якога Бог паказаў вам у сіле, цудах і знаках, што Бог учыніў праз Яго сярод вас, як і самі ведаеце. Вызначаная воля і прадбачанне Божае выдала Яго, а вы, укрыжаваўшы рукамі бязбожных, забілі Яго. Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад мукаў смерці, бо немагчыма было, каб яна трымала Яго. Давід жа гаворыць пра Яго: Я заўсёды меў Пана перад сабою, бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся. Таму ўсцешылася сэрца маё і ўзрадаваўся язык мой, і цела маё будзе спачываць у надзеі. Бо не пакінеш душы маёй у адхлані, не дасі Святому Твайму ўбачыць тленне. Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця. Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім.

Мужы і браты, дазвольце мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, які памёр і пахаваны, і магіла ягоная знаходзіцца сярод нас па сённяшні дзень. Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог прысягнуў яму пасадзіць на ягоным троне патомка ягонага. Ён прадбачыў і казаў пра ўваскрасенне Хрыста, што не засталася душа Яго ў адхлані, і цела Ягонае не ўбачыла тлення. Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі. Вось, узнесены правіцаю Бога і, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, Ён выявіў тое, што вы бачыце і чуеце.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 16 (15), 1–2а і 5. 7–8. 9–10. 11  (Р.: 11а)

Рэфрэн: Ты дарогу жыцця мне пакажаш, о Пане.
Альбо: Аллелюя.

1. Захавай мяне, Божа, бо на Цябе спадзяюся, *
2. Сказаў я Пану: Ты — мой Пан.
5. Пан частка спадчыны маёй і келіха майго, *
Ён лёс мой трымае.

Рэфрэн:

7. Благаслаўлю Пана, які даў мне розум, *
бо і ноччу вучыць мяне маё сэрца.
8. Пан заўсёды перад маімі вачыма, *
бо Ён праваруч мяне, я не пахіснуся.

Рэфрэн:

9. Таму радуецца маё сэрца і весяліцца душа, *
і цела маё будзе спачываць бяспечна,
10. бо не пакінеш душы маёй у адхлані *
і не дасі святому Твайму ўбачыць тленне.

Рэфрэн:

11. Ты дарогу жыцця мне пакажаш, *
паўната радасці перад Табою,
вечнае шчасце *
праваруч Цябе.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 П 1, 17–21

Адкуплены вы каштоўнай Крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага ягняці

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Калі вы называеце Айцом таго, хто без прадузятасці судзіць кожнага паводле ўчынкаў яго, то са страхам праводзьце час вашага зямнога вандравання. Ведайце, што не тленным серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі, але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага ягняці. Ён быў прадвызначаны яшчэ да стварэння свету, але з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас, што паверылі праз Яго ў Бога, які ўваскрасіў Яго з мёртвых і адарыў хвалою, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. Лк 24, 32
Пане Езу, тлумач нам Пісанні,
няхай палае сэрца нашае, калі да нас прамаўляеш.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 24, 13–35

Пазналі Яго ў ламанні хлеба

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх: Што?

Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як  гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.

Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы:  Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця