Пошук


У наш час асаблівае месца займае ўзмацненне барацьбы, якая вядзецца паміж цывілізацыяй смерці і цывілізацыяй жыцця. Ментальнасць, супрацьлеглая жыццю, пасялілася ў сэрцах мільёнаў людзей па ўсім свеце. З 1924 года, калі ў Савецкім Саюзе ўпершыню ў свеце былі легалізаваныя аборты, цывілізацыя смерці хутка пашыралася на іншыя краіны. На працягу некалькіх дзесяткаў гадоў багатыя дзецьмі краіны апынуліся ў дэмаграфічным крызісе.

У імя фальшыва разуметых любові і свабоды забіваецца незлічоная колькасць людзей на розных этапах іх жыцця. У выніку абортаў гінуць зачатыя дзеці, а ў выніку эўтаназіі ці падтрыманага самазабойства — старэйшыя і хворыя асобы. Замах на жыццё чалавека заўсёды звязаны з недахопам любові. Аборт — гэта выключна трагічнае праяўленне крызісу сужэнскага жыцця. Гэта таксама найбольш жудасная форма насілля ў сям’і. Падобным чынам прычына эўтаназіі — не старасць, працяглая хвароба або калецтва. Перш за ўсё — гэта адсутнасць любові, праява жорсткасці дарослых дзяцей у адносінах да іх старэючых бацькоў. Усюды, дзе няма любові, чалавек становіцца няздатным да таго, каб ахоўваць сваё жыццё і жыццё іншых людзей. Адсутнасць любові непазбежна вядзе да будавання цывілізацыі смерці.

Ніякае права, ніводная Канстытуцыя і ніводзін крымінальны кодэкс не ў стане захаваць чалавечае жыццё. Такую ахову могуць гарантаваць толькі любоў і павага да кожнага чалавека. Жыццё чалавека — гэта плод любові, і яго каштоўнасць разумее і шануе той, хто любіць, гэта значыць, жыве ў сяброўстве з Богам. Толькі той, хто жыве ў прысутнасці Бога, хто вучыцца Яго любові, вернай і ахвярнай, будуе цывілізацыю любові. Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae пісаў: «Калі ён [чалавек] выракаецца Бога і жыве так, быццам Бога няма, альбо не паважае Яго запаведзяў, то вельмі проста і хутка адракаецца таксама ці падвяргае сумненню годнасць чалавечай асобы і недатыкальнасць яе жыцця» (EV, 96.).

Касцёл пастаянна нагадвае, што «чалавечае жыццё павінна шанавацца і ахоўвацца ў абсалютнай ступені з моманту зачацця. Ужо з першай хвіліны свайго існавання за чалавечай істотай павінны быць прызнаныя ўсе правы чалавечай асобы, сярод якіх — непарушнае права кожнай бязвіннай істоты на жыццё» (ККК, 2270.). Права на жыццё — гэта паўсюднае права і датычыць усіх людзей, незалежна ад расы, паходжання, узросту. Яно дзейнічае з моманту зачацця, у дзяцінстве, юнацтве і сталасці, аж да глыбокай старасці. Яно распаўсюджваецца таксама на калек, на асобы, невылечна хворыя, на тых, хто не можа карыстацца розумам, не выключаючы яшчэ ненароджаных. Жывая чалавечая істота становіцца чалавекам не ў момант нараджэння, але ў момант зачацця. Жыццё — гэта Божы дар, і таму яно святое і недатыкальнае. «З праўды аб святасці жыцця вынікае прынцып яго недатыкальнасці, упісаны ад пачатку ў сэрца чалавека, у яго сумленне» (EV, 40.). Чалавек не з’яўляецца гаспадаром жыцця, таму ён не мае права прымаць рашэнне аб жыцці ці смерці. Толькі Бог мае права распараджацца жыццём. Умяшанне ва ўласнае жыццё або жыццё іншых людзей зневажае права Створцы на жыццё чалавека.

У барацьбу супраць жыцця ў сусветным маштабе ўключыліся розныя арганізацыі, якія ў імя свабоды чалавека пашыраюць цывілізацыю смерці і насілля. З другога боку, з’явілася шмат людзей, якія бароняць чалавечае жыццё, ствараючы розныя таварыствы і пашыраючы цывілізацыю жыцця і любові ва ўсім свеце, абараняючы чалавека ад самазнішчэння. У некаторых краінах гэтыя рухі аб’ядноўваюцца ў федэрацыі і маюць падтрымку на міжнароднай арэне.

Рухі, якія абараняюць чалавечае жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, можна падзяліць на тры групы. Першую групу ўтвараюць рухі малітоўнага характару. Гэта перш за ўсё Круцыята малітвы ў абарону зачатых дзяцей, а таксама Рух распаўсюджвання духоўнага ўсынаўлення. Абодва рухі носяць масавы характар: прысягу духоўнага ўсынаўлення склалі сотні тысяч вернікаў. Асаблівым чынам яны ахопліваюць малітваю тых маці, якія стаяць перад трагічным выбарам: нарадзіць дзіця ці зрабіць аборт (EV, 100.). У той жа час гэтыя рухі адказваюць на заклік Яна Паўла ІІ: «Неадкладна патрэбна вялікая малітва за жыццё — малітва, што пранікае ўвесь свет». Малітваю трэба ахапіць таксама тых, хто не моліцца: «Евангелле жыцця прызначана не толькі для веруючых, але — для ўсіх» (EV, 101.).

Другую групу складаюць рухі, якія аказваюць дапамогу непасрэдна цяжарным маці, адзінокім маці і шматдзетным сем’ям. Іх дзейнасць заключаецца ў стварэнні і вядзенні дамоў адзінокай маці, цэнтраў для ахвяраў насілля ў сям’і, прытулкаў для маці з дзецьмі ў крызісных сітуацыях, а таксама сямейных кансультацый, медыцынскіх кабінетаў і школ жыцця.

Трэцяя група — гэта фармацыйныя рухі, якія робяць націск на выхаванне пашаны да кожнага чалавечага жыцця, выхаванне да адказнага бацькоўства і чыстасці. Яны вядуць фармацыйную дзейнасць праз рэкалекцыі, навучальныя курсы, курсы для лектараў, псіхалагічныя і педагагічныя семінары. Вядуць выдавецкую дзейнасць і распаўсюджваюць матэрыялы, якія служаць абароне жыцця, выхаванню чыстасці, ахове сям’і і каштоўнасцяў, звязаных з ёю, а таксама фармуюць унутраную паставу адказнага бацькоўства.

Рухі абароны жыцця прапаноўваюць і падтрымліваюць усялякія ініцыятывы, якія служаць дабру зачатага дзіцяці, яго маці і сям’і. Самае галоўнае — каб кожнае зачатае дзіця магло нарадзіцца, а яго сям’я мела адпаведныя ўмовы, каб яго прыняць і выхаваць. Таму трэба зрабіць усё, каб цяжарная жанчына, баючыся, што не здолее выхаваць дзіця, якое носіць пад сваім сэрцам, не спрабавала вырашыць праблему шляхам, што вядзе да смерці дзіцяці, а ў выніку — да яе асабістай трагедыі, але каб знайшла патрэбную дапамогу і падтрымку.

«Абавязак служэння жыццю кладзецца на ўсіх і на кожнага з нас» (EV, 79.), — вучыў нас Слуга Божы Ян Павел ІІ. «Таму ўсе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі як асобныя людзі, але таксама як супольнасць, робячы з безумоўнай павагі да чалавечага жыцця падмурак для новага грамадства. Мы пакліканыя любіць і шанаваць жыццё кожнага чалавека, а таксама цярпліва і смела імкнуцца да таго, каб у нашую эпоху, у якой становіцца ўсё больш прыкметаў смерці, урэшце запанавала новая культура жыцця — плён культуры праўды і любові» (EV, 77.).

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

Абноўлена 05.06.2017 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.