Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: візіт ad limina біскупаў з Гамбіі, Ліберыі і Сьера-Леонэ
Дзяржава Ватыкан
27.04.2010 13:16

26 красавіка 2010 г. распачаўся візіт ad limina біскупаў з Гамбіі, Ліберыі і Сьера-Леонэ ў Апостальскую Сталіцу. Дэлегацыя складаецца з пяці біскупаў, якія прадстаўляюць гэтыя заходнеафрыканскія краіны.

На атлантычнае ўзбярэжжа Заходняй Афрыкі з Еўропы першымі прыбылі партугальцы, якія ў XV i XVI стагоддзях распачалі на гэтых землях евангелізацыю. З часам Гамбія і Сьера-Леонэ сталі вялікабрытанскімі калоніямі, і толькі ў 60-х гг. ХХ стагоддзя краіны атрымалі незалежнасць. Сёння ў абедзвюх краінах большасць складаюць мусульмане. У Гамбіі іх налічваецца каля 90% на 1,5 мільёнаў жыхароў, католікаў жа толькі каля 42 тысяч, аб’яднаных у адну дыяцэзію. У Сьера-Леонэ іслам вызнаюць каля паловы 5-мільённага жыхарства, а адна трэцяя — традыцыйныя афрыканскія рэлігіі. Католікаў у трох дыяцэзіях налічваецца каля 267 тысяч.

У Ліберыі, якая атрымала незалежнасць ужо ў 1847 г., хрысціяне складаюць дзве трэція больш чым 3-мільённага насельніцтва краіны. Католікаў у Ліберыі каля 310 тысяч у трох дыяцэзіях.

Усе гэтыя заходнеафрыканскія краіны ў апошнія гады перажывалі ўнутраныя канфлікты, што пагоршыла і без таго складаную эканамічную сітуацыю. «Падчас вайны і адразу пасля яе заканчэння ўсе касцёльныя ўстановы, ад парафіі да дыяцэзіяльных „Карытас“ і біскупаў, прызналі за свой прыярытэтны абавязак уключэнне ў працэс рэабілітацыі тых, хто прымаў удзел у барацьбе, — паведаміў Ватыканскаму радыё біскуп Джорджыо Бігуццы са Сьера-Леонэ. — Былі прыняты намаганні, каб дзеці маглі вярнуцца ў свае сем’і, каб забяспечыць ім акцэптаванне і ўспрыняцце іх у вёсках і школах як асоб нармальных». «Сёння ўсе згодныя, што гэтая праграма была адна з найбольш паспяховых, бо тыя людзі сапраўды былі нанава ўключаны ў грамадства», — дадаў італьянскі місіянер.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.