Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Шанштацкі Інстытут Сясцёр Марыі (шанштацкія сёстры)
Ушанаванне Маці Божай — гэта найбольш пэўны і самы кароткі шлях да святасці, да паяднання з Хрыстом. Ніхто не быў у такіх блізкіх адносінах з Езусам, як Марыя, якую мы ўшаноўваем ружанцоваю малітваю і дзякуючы гэтай малітве пазнаём Яе жыццё з Езусам.

Над жыццём Маці Божай разважаў і яго наследаваў заснавальнік Шанштацкага руху Слуга Божы айцец Ёзаф Кэнтэніх. Ён нарадзіўся 18 лістапада 1885 года. Калі яму было 9 гадоў, родная маці не магла больш займацца яго выхаваннем і аддала яго ў дзіцячы прытулак. Тады ён даручыў сваё жыццё Марыі. З таго часу Марыя спадарожнічала яму на працягу ўсяго жыцця і выхоўвала яго як свайго ўласнага сына. Адбывалася гэта на шляху простай, звычайнай, дзейснай веры ў Божы Провід. Разважаючы над жыццём Марыі, айцец Кэнтэніх вучыўся жыць так, як Яна.

Усім, што здаралася з ім у жыцці, айцец Кэнтэніх дзяліўся з Панам Богам, а рабіў ён гэта часта падчас Эўхарыстыі. Шмат цяжкіх рашэнняў прымаў ён падчас святой Імшы, складаючы гэтыя рашэнні разам з ахвяраю Хрыста на алтары. Так было, напрыклад, 20 студзеня 1942 года, калі, арыштаваны гестапа, ён дабравольна адмовіўся ад паўторнага медыцынскага агляду і гэтым самым прыняў прысуд, які асуджаў яго на канцэнтрацыйны лагер у Дахау. Гэтае рашэнне ён прыняў падчас цэлебрацыі святой Імшы. Ён верыў, што Бог патрабуе ад яго такой ахвяры. Час паказаў, што яго рашэнне было слушнае і вельмі плённае. У лагеры ён дапамог многім людзям, праводзячы душпастырскую дзейнасць сярод вязняў.

Жыццёвы шлях айца Кэнтэніха быў пазначаны крыжам. Гэты спосаб асабістага наследавання Хрыста ён прымаў як відавочны. Усё, а таксама і крыж, было для яго праяваю Божай, поўнай міласэрнасці, бацькоўскай любові, якую ён прымаў, а таксама нястомна абвяшчаў.

Шанштацкі рух бярэ сваю назву ад месца заснавання — Шанштат, што азначае «прыгожае месца». Гэты рух марыйны і апостальскі. Айцец Кэнтэніх хацеў перадаць іншым вопыт выхаваўчай прысутнасці Маці Божай у сваім жыцці і Яе дзейснай дапамогі. Таму харызматам заснаванага ім руху з’яўляецца «выхаванне новага чалавека і новай супольнасці». Новы чалавек — гэта такі чалавек, які, як Марыя, жыве кожную хвіліну ў блізкасці з Езусам і, як Марыя, нясе Езуса свету, дзеліцца Ім з бліжнімі праз ахвяраваную дапамогу, любоў і добразычлівасць. Мэта руху — дапамагчы сучаснаму хрысціяніну жыць у секулярызаваным свеце паводле прынцыпаў Евангелля і быць у гэтым свеце актыўным місіянерам. У рух могуць уваходзіць усе, хто разам з Марыяй адважваецца на такі шлях да святасці — як духоўныя, кансэкраваныя асобы, так і свецкія, якія займаюць розныя грамадскія становішчы. Святасць — гэта прывілея не толькі Папы, біскупаў, святароў, законнікаў, законных сясцёр, але і заданне для ўсіх людзей. Усе пакліканы да святасці, бо Хрыстус аддаў жыццё за ўсіх, за кожнага чалавека, за цябе таксама. Хто аддае сябе Марыі, той можа быць упэўнены, што Яна дапаможа яму дасягнуць святасці і давядзе яго да Бога.

Шанштацкія сёстры з 1990 года працуюць таксама ў Беларусі. Сваім жыццём сёстры перадусім хочуць прыпадобніцца да Марыі, каб праз Яе здабываць сэрцы іншых для Валадарства Езуса Хрыста. Таму яны прысвячаюць сябе евангелізацыйнай і дабрачыннай працы. Сваім служэннем яны вядуць людзей да запавета любові з Маці Божаю і такім чынам садзейнічаюць таму, каб іх жыццё, напоўненае дабром і любоўю, стала дарам для Бога, Касцёла і Айчыны.

Айцец Кэнтэніх гаворыць: «Калі кожны з нас будзе ўглядацца ў Марыю, то стане падобным да Яе. У ружанцы мы лепш за ўсё ўбачым Марыю, зразумеем як жыць, каб прыпадобніцца да Яе».

У Год Эўхарыстыі мы пастаянна нанава ўзгадваем пра гэта. Мы прагнем таксама, як Марыя, спасцігаць таямніцу Езуса Хрыста, захоўваючы Яго Словы ў сэрцы, разважаючы над імі і жывучы паводле іх.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.