Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Манаскі інстытут Святой Сям’і з Бардо (сёстры Святой Сям’і)
Слуга Божы Ян Павел ІІ у абвешчанай пасля Сіноду біскупаў апостальскай адгартацыі «Vita сonsecrata» пра кансэкраванае жыццё і яго місію ў Касцёле і ў свеце змясціў такія знамянальныя словы: «На працягу ўсёй гісторыі Касцёла кансэкраванае жыццё было жывым знакам дзеяння Святога Духа, своеасаблівым выбраным асяроддзем абсалютнай любові да Бога і да бліжняга, сведчаннем Божай задумы зрабіць з усяго чалавецтва вялікую сям’ю дзяцей Божых, якія жывуць у цывілізацыі любові». Гэта дзеянне Духа Святога, пра якое гаворыць Папа, асаблівым чынам праявілася ў харызмаце Манаскага інстытута Святой Сям’і з Бардо, заснаванага айцом П’ерам Б’енвэню Ноэлем.

Айцец П’ер Б’енвэню Ноэль нарадзіўся 27 кастрычніка 1793 г. у Бардо ў Францыі. У 1816 г. ён пакідае родны горад, каб распачаць вучобу на юрыдычным факультэце ў Парыжы. Там ён знаходзіць сваё сапраўднае пакліканне — пакліканне да святарства. Ён паступае ў Вышэйшую духоўную семінарыю святога Сульпіцыя ў Ісі каля Парыжа. У 1819 г. атрымлівае святарскае пасвячэнне, потым, ужо як святар, вяртаецца ў свой родны Бардо, дзе цалкам прысвячае сябе Пану Богу ў бліжнім і Найсвяцейшай Панне Марыі, якой даручае ўсё сваё служэнне.

28 мая 1820 г. тры першыя маладыя дзяўчыны распачынаюць супольнае жыццё пад духоўным кіраўніцтвам айца П’ера Б’енвэню Ноэля. Прыкладам да наследавання яны выбіраюць Святую Сям’ю з Назарэта — Езуса, Марыю і св. Юзафа. Іх жыццё вызначаецца ўбоствам, вераю, любоўю і поўнай адданасцю Адзінаму Богу. Малады заснавальнік даручае гэтую новую супольнасць мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Пасрэдніцы ўсялякіх ласкаў і разам з тым Маці Касцёла.

Асаблівае значэнне для ўсёй манаскай сям’і айца П’ера мае цудоўнае благаслаўленне, што адбылося 3 лютага 1822 года. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту амаль усе сабраныя — святар, міністрант, сёстры і дзеці, якімі яны апекаваліся, бачылі Езуса Хрыста ў бліскучым святле. Гэты Божы знак на пачатку заснавання назаўсёды вызначыў жыццё і свядомасць кожнай сястры і кожнага чалавека, які ўступаў у гэтую вялікую Сям’ю айца П’ера Б’енвэню Ноэля.

На сённяшні дзень манаская сям’я айца П’ера складаецца з пяці формаў паклікання: апостальскія сёстры (сёстры, якія займаюцца апостальскай дзейнасцю), кантэмпляцыйныя сёстры (сёстры, якія прысвячаюць сябе рэлігійнаму сузіранню), кансэкраваныя свецкія жанчыны, свецкія сябры, а таксама святары — сябры супольнасці. Адказваючы на заклік Касцёла і жаданне айца заснавальніка, яго духоўныя дочкі і сыны працуюць цяпер на чатырох кантынентах, у 26 краінах свету. З 1993 года сёстры Святой Сям’і працуюць таксама і ў Беларусі.

Сёстры працуюць там, дзе ёсць патрэба ў іх прысутнасці: у асяроддзях беднякоў, у навучальных установах, у шпіталях, пры парафіях... Імкнучыся жыць духоўнасцю і духам Святой Сям’і з Назарэта, яны дзеляцца харызматам, які атрымаў іх заснавальнік. Харызмат — гэта дар Бога, які дадзены для дабра ўсіх людзей, такім чынам ён не з’яўляецца чыёйсьці ўласнасцю, бо харызмат заснавальніка Святой Сям’і з Бар- до — гэта спадчына ўсіх яго духоўных дачок і сыноў. Ён гучыць так: «быць Сям’ёю і ўтвараць Сям’ю», гэта значыць жыць у еднасці і будаваць еднасць — камунію, наследуючы прастату і ўбогае жыццё Езуса, Марыі і Юзафа з Назарэта. Менавіта таму адносіны ў супольнасцях і па-за імі будуюцца на веры і любові, каб такім чынам сведчыць, што еднасць паміж усімі людзьмі магчымая, а таксама што прыйдзе такі дзень, калі ўсе дзеці Божыя збяруцца ў адну сям’ю.

Напрыканцы жыцця айцец заснавальнік запісаў у сваім духоўным запавеце: «Дочкі мае! Цяпер нішто вас не можа затрымаць. Ідзіце наперад! (...) Будзьце далікатнымі, міласэрнымі і паслухмянымі, як Езус. Будзьце пакорнымі, сціплымі і цнатлівымі, як Марыя. Будзьце беднымі, працавітымі і вернымі, як св. Юзаф. Як у годных дзецях Святой Сям’і, няхай жыве сярод вас Яе дух. Няхай б’ецца ў вас Яе сэрца. Жывіце і памірайце ў Яе руках, адорваючы адна адну такім бязмежна чулым клопатам, які павінны праяўляць па-сапраўднаму любячыя сёстры. (...) Няхай Езус, Марыя і Юзаф заўсёды будуць з вамі».

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.