Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты)
Жыхары Неапаля са здзіўленнем глядзелі на маладога, але ўжо вядомага адваката Альфонса Лігуоры, які кожны дзень вельмі доўга адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт. «Руплівасць гэтага чалавека выклікала здзіўленне і... заклапочанасць многіх людзей, нават дбайных святароў», — занатавалі сведкі.

Для Альфонса Лігуоры Эўхарыстыя была самым чулым знакам любові, бо Езус знішчае сябе, каб стаць пасілкам, каб паяднацца з намі: «Найлепшым месцам для Бога ёсць сэрца чалавека». І таму: «Будзем упэўненыя, што не зробім Езусу нічога больш прыемнага чым тое, калі прымем Яго ў Эўхарыстыі. Больш за Святую Камунію, для нас няма ў свеце ніякага іншага дабрадзейства».

Да Эўхарыстыі вяла ўся апостальская дзейнасць заснаванай у 1732 годзе кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля, якую звычайна называюць супольнасцю рэдэмптарыстаў, ад лацінскага слова «Redemptor» — «Адкупіцель».

Святы Альфонс Лігуоры заснаваў гэтую новую манаскую супольнасць, каб абвяшчаць «вялікае адкупленне» тым людзям, якія, жывучы ў маленькіх гарадах і вёсках, былі не толькі матэрыяльна беднымі, але і духоўна занядбанымі. Дзякуючы місіям і рэкалекцыям ён хацеў прывесці простых людзей да адкрыцця бязмежна любячага іх Сына Божага, які для іх стаўся чалавекам, прыняў муку на крыжы, стаў пасілкам і ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пасяліўся сярод сваіх братоў. Ён пастаянна паўтараў, што споведзь і Святая Камунія з’яўляюцца крыніцаю ўсялякага дабра, сунімаюць неўпарадкаваныя жаданні, даюць сілу супрацьстаяць спакусам. Заснавальнік падкрэсліваў праўду, якая вынікае з сутнасці адкуплення, аб паўсюдным пакліканні людзей да збаўлення і асвячэння, што магчыма рэалізаваць у любым становішчы. На думку св. Альфонса, малітва з’яўляецца неабходнаю ўмоваю збаўлення і асвячэння. Праяваю жыцця малітвы ёсць сакрамэнтальнае жыццё, перш за ўсё ўдзел у святой Імшы і частая Святая Камунія.

Імкнучыся захаваць вернасць свайму заснавальніку, якога Касцёл узнёс да хвалы алтара і абвясціў святым, доктарам Касцёла, апекуном спаведнікаў і маралістаў, рэдэмптарысты прапаведуюць «вялікае адкупленне» праз місіі і рэкалекцыі ў 77 краінах свету, у тым ліку таксама і на Беларусі.

Духоўнасць кангрэгацыі выключна хрыстацэнтрычная, таму што рэдэмптарысты аддаюць асаблівую пашану таямніцы Уцелаўлення, Мукі і Смерці Хрыста, а таксама Эўхарыстыі. Гэтыя тры асноўныя элементы духоўнасці св. Альфонса — Уцелаўленне, Муку і Эўхарыстыю — нельга аддзяліць адно ад аднаго, бо сам святы разглядаў іх разам і тлумачыў, што Езус, нарадзіўшыся ў Назарэце, ужо з самага пачатку быў як бы ўдзельнікам пазнейшых падзеяў, што адбыліся на Кальварыі. Хрыстус у святой Імшы нагадвае нам пра сваю любоў, якую Ён прынёс праз смерць на дрэве крыжа. Але Эўхарыстыя — гэта не толькі мінулае, сухі ўспамін гістарычных падзеяў. Гэта пастаянна жывая, дзейсная сучаснасць. Святы Альфонс Лігуоры так гаворыць у адной са сваіх працаў: «Ахвяра святой Імшы не менш важная, чым ахвяра Крыжа. Гэта тая самая ахвяра і той самы святар, які асвячае яе з Крыжа. Ахвяра алтара — гэта прадаўжэнне Крыжа».

Сярод святых і благаслаўлёных рэдэмптарыстаў ёсць вялікая група славянаў. Першае месца займае святы Клеменс Марыя Хофбаўэр, які ўступіў у кангрэгацыю рэдэмптарыстаў яшчэ пры жыцці заснавальніка і шмат гадоў са сваімі субратамі знаходзіўся на місіі ў маленькім касцёле св. Бэнона ў Варшаве, дзе кожны дзень натоўпы людзей збіраліся на Эўхарыстыю, якая цэлебравалася надзвычай урачыста. Сярод святых рэдэмптарыстаў славянскага паходжання — таксама біскуп Філадэльфіі Ян Нойман. У 2001 г. Ян Павел ІІ далучыў да шэрагу благаслаўлёных мучанікаў чатыроў рэдэмптарыстаў з Украіны і адного са Славакіі, якія засведчылі сваю вернасць Езусу ў камуністычны перыяд. Ідзе таксама беатыфікацыйны працэс трох польскіх рэдэмптарыстаў.

Рэдэмптарысты, мэта якіх «наследаваць Збаўцу Езуса Хрыста, абвяшчаючы Божае слова ўбогім, так як Ён гэта пра сябе сказаў: „Паслаў Мяне абвяшчаць Евангелле ўбогім“», «...вядуць навернутых людзей да поўнага ўдзелу ў Адкупленні» асабліва праз сакрамэнт паяднання і Эўхарыстыю.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.