Пошук

28.12.2019 09:41   Падрыхтавала: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Пакланенне мудрацоў. Мастак Дучо дзі Буонінэнья / flickr.com

Сёння разам з сайтам «Прастора малітва» мы завяршаем Адвэнтавыя рэкалекцыі 2019 «Новы пачатак».

РАЗВАЖАННЕ 5: НОВЫ ПАЧАТАК З МУДРАЦАМІ

Спакой

Ілюстрацыйная выява: ncfgiving.com

Рыхтуючыся да заключнага разважання ў сёлетніх рэкалекцыях, мы засяродзімся на спакоі розуму. Адзначце гукі, чутныя вакол, па чарзе звяртаючы на кожны з іх увагу.

Потым проста сканцэнтруйцеся на дыханні, жыццядайным Божым дары. На ўдыху прыміце Яго дар жыцця, а на выдыху аддайце Богу ўсё, што вас трывожыць.

Бог вёў усходніх мудрацоў святлом зоркі. Вы бачыце гэтае ззянне?

Паспрабуйце адну-дзве хвіліны правесці ў спакойным зорным святле. Дазвольце яму свяціць на вас з вышыні, асвятляючы жыццёвы шлях і глыбіню вашай асобы. З удзячнасцю прыміце ўсё, што ў гэты час малітвы будзе дадзена вам.

Божае Слова

Пакланенне мудрацоў. Мастак Джота дзі Бандонэ / flickr.com

Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».

Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народа і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

“І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму». Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі.

А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра.

Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.

Мц 2, 1–12

Разважанне

Пакланенне мудрацоў. Фрагмент. Мастак Леанарда да Вінчы / wikipedia.org

Невядома, кім былі мудрацы з Усходу. Традыцыя прыпісвае ім каралеўскую годнасць, але Святое Пісанне называе іх мудрымі.

Але кім бы яны ні з’яўляліся, яны ўбачылі зорку, пакінулі свае сем’і, дамы і ўсе сумневы наконт падарожжа і пайшлі за святлом. Яны верылі, што зорка сведчыць аб нараджэнні Вялікага Караля, і хацелі пакланіцца Яму.

Напэўна, мусілі моцна збянтэжыцца, калі зорка ўрэшце затрымалася над сціплым прытулкам Марыі і Юзафа. Верагодна, яны чакалі ўбачыць палац, аднак не засумняваліся, ці варта пашукаць больш адпаведнага месца.

Яны «вельмі ўзрадаваліся», як кажа Евангелле, і ўпалі на калені і пакланіліся Дзіцяці. Мудрацы давяралі зорцы, нягледзячы на тое, што яна нечакана так здзівіла іх.

Пакланенне мудрацоў. Мастак Альбрэхт Дзюрэр / commons.wikimedia.org

Завяршаючы рэкалекцыі, я магу ахапіць позіркам пройдзены шлях і паглядзець наперад.

У чым я бачу новы пачатак для сябе? Ці дадзена мне бачыць зорку, якая ззяе над ім? Што з’яўляецца зоркай майго жыцця? Што ўзрушвае і дае мне энергію і радасць? Ці магу я даверыцца гэтаму настолькі, каб выправіцца следам, альбо я са страхам адступаю назад? Ці захаваю я давер, калі шлях прывядзе мяне ў нечаканае месца?

Ці зраблю я першы крок да новага пачатку?

Размова з Богам

Пакланенне мудрацоў. Мастак Эдвард Бёрн-Джонс / liveinternet.ru

Усведамляючы сябе ў Божай прысутнасці, зноў заглыбляюся думкамі ў сваё жыццё, каб зразумець, дзе ў ім свеціць зорка. Яна можа быць у выглядзе асобы, якая натхняе мяне, або падзеі, якая штосьці ўва мне змяняе, паказвае лепшы шлях, або сустрэчы, якая напаўняе жыццём. А магчыма, нічога з пералічанага не ўласціва ёй, бо яна — толькі далікатнае ўнутранае прагненне, якое ўва мне жыве і не знікае.

Я перакананы толькі ў адным. Калі я пайду за гэтай «зоркай», то яе святло прывядзе мяне да Бога.

Я прашу Пана дапамагчы мне распазнаць зоркі майго жыцця. (Часам іх сапраўды больш, чым адна!)

Пакланенне Нованароджанаму Хрысту: сучасная версія. Роспіс у касцёле святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Фрагмент. Мастак Уладзімір Кандрусевіч / kp.by

Па чым я пазнаю зорку? Па радасці, якую яна выклікае. Аднак гэтую радасць часам амаль поўнасцю засланяе страх перад невядомым. Прашу Бога паказаць мне, дзе мая праўдзівая радасць і ў чым знайду паўнату жыцця. Малюся, каб Ён дапамог мне з даверам выправіцца ў шлях прыгод насуперак сваім страхам. Пан — мой пастыр, нідзе я не буду ў самоце.

Малюся таксама аб тым, каб Бог паказаў мне рэчы, якія стрымліваюць мяне і не даюць ісці за маёй зоркай.

Гэта могуць быць, напрыклад, імкненне заставацца ў бяспецы, жаданне мець усё пад кантролем, патрэбу ў пахвале ад іншых. Прашу Божай дапамогі ў вызваленні ад перашкод, каб свабодна і радасна стаць на шлях новага пачатку.

Заключнай часткай нашай малітвы няхай зноў будзе прабыванне ў цішыні перад Богам, каб даць месца Яго слову.

Заканчэнне

Ілюстрацыйная выява: gettyimages.com

Завяршаючы рэкалекцыі, карысна пэўны час прысвяціць прагляду таго, што адбывалася на працягу гэтых пяці малітоўных частак, каб адзначыць тэмы і пытанні, якія найбольш закранулі вас.

Якія пачуцці ўзрушылі вас? Які сказ, ці фраза з Евангелля, ці адно слова застаецца з вамі? Якія ласкі атрымалі ад Бога? Ці заўважылі перамену ў сабе? Што было складаным у гэтых рэкалекцыях?

Добра было б запісаць думкі, планы і ідэі наконт новых пачынанняў, якія ўзніклі падчас малітвы, каб захаваць на будучыню натхненні і пастановы.

Ці можаце ўзгадаць моманты, калі анёлы «наведвалі» вас на працягу мінулага Адвэнту? Ці здарылася штосьці паваротнае, як гарматнае ядро ў жыцці святога Ігнацыя? Ці ўбачылі вы «зоркі» над галавой? Куды іх святло кліча вас?

Ілюстрацыйнае фота: Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці

Езус не прагне нічога іншага, як толькі ўвайсці ў кожную хвіліну нашага жыцця.

Папрасіце Яго цяпер дапамагчы вам убачыць ласкі і благаслаўленні, атрыманыя ад Бога. Прысвяціце некалькі хвілін удзячнасці за гэты святы час, які вы правялі разам з Ім, за паглыбленне адносінаў паміж вамі. Якімі рашэннямі і пастановамі вы будзеце падтрымліваць і ўмацоўваць сувязь з Богам кожны дзень?

Ілюстрацыйнае фота: H. Hollemann / DPA

Бог сапраўды з намі — Эмануэль — будзем жа радавацца і весяліцца!

Абноўлена 29.12.2019 17:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа