Пошук

29.11.2019 17:05   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: shutterstock.com

Запрашаем да ўдзелу ў Адвэнтавых рэкалекцыях гэтага года разам з сайтам «Прастора малітвы».

Адвэнтавыя рэкалекцыі 2019: «Новы пачатак»

Ілюстрацыйная выява: unsplash.com

Час, прысвечаны малітоўным разважанням, дае шмат добрых натхненняў і магчымасцяў, каб адступіць ад руціны і напружанасці штодзённага жыцця, малітоўна паразважаць над тым, хто і што з’яўляецца сапраўды важным.

Удзел у сёлетніх рэкалекцыях дае шанц шчыра паглядзець на міжасобасныя сувязі, стаўленне да свету, і асабліва ўважліва — на адносіны з Богам. Часта гэтай сферы жыцця не хапае ўвагі, часу, шчырасці.

Адвэнт — выдатная магчымасць паразважаць над пытаннямі і праблемамі ў прысутнасці Бога, які любіць і чакае кожнага з нас, каб мы наблізіліся да Яго.

Уводзіны

Ілюстрацыйная выява: pixabay.com

Дапамагаць нашай малітве ў гэтым годзе будуць разважанні над новым пачаткам.

Мы паглядзім, як жыццё можа пачаць рухацца іншым шляхам, у нечаканым напрамку, калі Бог уваходзіць у нашую гісторыю.

Некалі святы Ігнацый быў упэўнены ў сваім рыцарскім шляху, пакуль у Памплоне гарматнае ядро не спыніла яго «кар’ерны рост». Божае дзеянне змяніла кірунак жыцця.

«Святы Ігнацый Лаёла, паранены пад Памплонай». Мастак Альбэрт Шэвалье Тэйлер / pinterest.com

Падчас Адвэнту мы паразважаем над тэкстамі Евангелля і ўбачым, як Бог уваходзіў у гісторыі людзей і перамяняў іх.

Як Марыя, мы можам перажыць «момант звеставання», у які нашыя планы разбурацца дзеля больш грандыёзнага Божага плану. Разам з Юзафам мы можам абудзіцца «ад сну» з ясным бачаннем наступнага кроку.

Падобна да мудрацоў з Усходу, мы таксама можам дазволіць святлу «зоркі» прывесці нас у новае месца, дзе ёсць Бог.

Ілюстрацыйная выява: cruxnow.com

Знайдзіце ў гэтыя снежаньскія адвэнтавыя дні крыху часу на цішыню, каб пачуць голас, які «кліча ў пустыні».

Глядзіце ўважліва і не абмінайце магчымасці новых пачынанняў; яны з’явяцца, бо вы будзеце ісці з Богам.

На парозе Адвэнтавых рэкалекцый звернемся да паслання, якое Бог кіруе да нас праз прарока Ісаю: «Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта?» (Іс 43, 19).

Практычныя заўвагі

«Малітва перад пасілкам». Мастак Фрыц фон Удэ / wikimedia.org

Дазвольце яшчэ нагадаць некалькі практычных рэчаў адносна ўдзелу ў анлайн-рэкалекцыях.

Слова retreat у перакладзе з англійскай мовы азначае не толькі рэкалекцыі, але і адступленне, крок назад, прытулак і нават выязную сустрэчу.

Падобныя рэчы, як правіла, маюць на ўвазе намер і пэўны план, таму на пачатку гэтых Адвэнтавых рэкалекцый падумайце аб інтэнцыі, з якой вы будзеце маліцца, а таксама ўсталюйце, як, дзе, калі будзеце карыстацца тэкстамі разважанняў.

Колькі часу вы прысвеціце малітве, можаце вызначыць толькі вы самі.

Ілюстрацыйная выява: woodenurecover.com

Але потым ужо важна не змяняць працягласць у залежнасці ад настрою. Матэрыял кожнай асобнай часткі разлічаны на 20–25 хвілін, але падрыхтоўка да малітвы, паўторнае вяртанне да момантаў, якія закранулі найбольш, альбо запіс думак, пытанняў, ідэй могуць патрабаваць дадатковага часу.

Не варта перарываць малітву, калі аднойчы яна падасца цяжкай ці бессэнсоўнай, але таксама не трэба занадта доўга працягваць яе, калі ўсё даецца лёгка і прыемна.

Загадзя падбярыце месца і пару дня для малітвы. Для гэтага прапануем адно дапаможнае пытанне: у якім месцы і калі я адчуваю сябе найлепш здольным засяродзіцца для спакойнага разважання? Адказваючы на гэтыя пытанні, вы адпаведна падрыхтуецеся да рэкалекцый.

Ілюстрацыйная выява: shutterstock.com

І яшчэ некалькі словаў «на старце». Узгадайце на момант, што Бог глядзіць на вас з любоўю тут і цяпер, чакаючы сустрэчы ў малітве.

Памятайце таксама аб іншых удзельніках ва ўсім свеце, якія будуць на іншых мовах маліцца разам з вамі: вы з’яўляецеся часткай вялікай малітоўнай супольнасці вернікаў.

Адвэнтавая прапанова

Ілюстрацыйная выява: christianity.com

Над тэмай «Новага пачатку» вы маглі б паразважаць разам з іншымі людзьмі. Магчыма, з некаторымі сябрамі дома альбо ў парафіі ці ў суседстве, з калегамі па працы, бо мы памятаем словы Езуса:

«Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх»

(Мц 18, 20).

Тэксты разважанняў будуць суправаджаць нас на працягу пяці тыдняў. Яны прысвечаны новым пачаткам у жыцці. Малітва з іншымі можа стаць для нас адным з добрых новых пачынанняў у гэтым Адвэнце.

Працяг будзе.

Ілюстрацыйная выява: stlukesmarsdenpark.org.au

Абноўлена 20.12.2019 23:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця