Пошук

14.12.2019 14:38   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Сон святога Юзафа (фрагмент). Мастак Антон Рафаэль Менгс / wikipedia.org

Сёння разам з сайтам «Прастора малітвы» мы працягваем Адвэнтавыя рэкалекцыі 2019 «Новы пачатак».

РАЗВАЖАННЕ 3: НОВЫ ПАЧАТАК З ЮЗАФАМ

Спакой

Сон святога Юзафа. Мастак Люка Джардана / papaboys.org

Каб увайсці ў малітву з засяроджанасцю і спакоем, на некаторы час закрыйце вочы і прыслухайцеся да сваіх думак, жаданняў і турботаў.

Дыхайце з усведамленнем таго, што знаходзіцеся ў прысутнасці Бога, на выдыху адпускаючы ўсё, што непакоіць вас цяпер. Паўтарыце некалькі разоў.

Вы пачынаеце сённяшнюю малітву, каб атрымаць больш святла і зразумення жыцця, імкненняў і мараў.

Бог прамаўляе да Юзафа ў сне і з намі працягвае размаўляць разнастайнымі спосабамі. Цяпер у цішыні сэрца слухайце Божы голас.

Божае Слова

Заручыны Марыі з Юзафам. Выява: pinterest.com

Нараджэнне Езуса Хрыста было такім.

Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

алі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных». А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае „з намі Бог“».

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.

Мц 1, 18–24

Разважанне

Ілюстрацыйная выява: lds.org

Гэты кароткі фрагмент Пісання апавядае пра вельмі балючы перыяд у адносінах паміж Марыяй і Юзафам. Мы не ведаем, ці спрабавала Марыя растлумачыць Юзафу, што адбылося з Ёю, ці Яна вырашыла нават не спрабаваць.

Досыць ясна адно: Юзаф быў перакананы, што Марыя не была яму вернай, таму вырашыў не браць Яе за жонку.

Які вялізны боль давялося перажыць ім абодвум: Марыя адчувае, што чалавек, якога Яна любіць, больш не верыць ёй, а Юзаф думае, што каханая здрадзіла яму.

Евангелле не дае звестак, як доўга працягвалася незразуменне, пакуль анёл Пана не адкрыў Юзафу праўду, але, незалежна ад працягласці, гэта быў невыносна цяжкі час для пары нарачоных.

Ілюстрацыйная выява: lds.org

Большасці з нас давялося ў жыцці не раз пакутваць з прычыны незразумення. Многія, калі не ўсе, і ў будучыні дасведчаць разрыў адносін з блізкім чалавекам, развітанне са старэйшым членам сям’і або сябрам.

Магчыма, цяпер я жыву з болем у сэрцы. Гэта акурат адпаведны момант, каб задацца пытаннем: дзе новы пачатак у такой сітуацыі? Дзе Бог ва ўсім гэтым?

Суцяшэнне і падтрымку можна знайсці ў тым, што нават Марыя і Юзаф — двое найсвяцейшых людзей — не пазбеглі балючага досведу. Напэўна, мне ёсць чаму павучыцца, разважаючы над тым, як яны паводзілі сябе падчас цярпення.

Размова з Богам

Ілюстрацыйная выява: churchleaders.com

  • Пад любячым позіркам Бога я магу шчыра паглядзець на адносіны з самымі блізкімі людзьмі: з сужэнцам, братам і сястрой, бацькамі, дзецьмі. Ці гэтыя сувязі напоўнены жыццём? Калі так, то я дзякую Богу.

Кожную асобу я ў малітве прыводжу пад Божы позірк і прашу Пана і надалей умацоўваць нас ва ўзаемнай любові і захоўваць ад незразумення і памылковага ацэньвання адно аднаго.

  • Калі тым не менш я заўважаю, што нешта пайшло не так у адносінах, некалі напоўненых любоўю, то спрабую без прадузятасці паглядзець на тое, што адбываецца. Прашу Бога даць мне Сваё святло, каб убачыць праўду.
    Калі я несправядліва суджу пра чалавека, прашу Бога паказаць мне гэта і даць адвагу прызнаць сваю памылку. Калі я нейкім чынам вінаваты, прашу падказаць: ці магу я штосьці зрабіць, каб нашыя адносіны маглі атрымаць новы пачатак?
Ілюстрацыйная выява: bellefontefaith.com

  • У тым выпадку, калі з усёй шчырасцю разважаючы над адносінамі, я застаюся пры меркаванні, што разрыў сяброўства ці зносінаў выкліканы здрадай іншай асобы, а таксама калі бачу згубнасць пэўнай сувязі для мяне, пастараюся знайсці адпаведнае і годнае выйсце. Успомню, як Юзаф паводзіў сябе, калі адчуваў неабходнасць спыніць адносіны з Марыяй. Ён не хацеў абвінаваціць Яе або ў якасці «рэваншу» публічна зняславіць.

    Зноў я звяртаюся да Бога з просьбай аб святле, аб здольнасці прабачыць іншаму чалавеку.
    Я прашу Божай ласкі, каб ніякае дзеянне, якое я лічу патрэбным ажыццявіць, не было выразам помсты.
  • Прабываю пэўны час у цішыні, дазваляючы Богу дакрануцца да майго сэрца.

Працяг будзе.

Ілюстрацыйная выява: aleteia.org

Абноўлена 20.12.2019 23:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.