Пошук

01.12.2019 08:00   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Сёння разам з сайтам «Прастора малітвы» мы распачынаем Адвэнтавыя рэкалекцыі 2019 «Новы пачатак».

Уступ ТУТ>>>

РАЗВАЖАННЕ 1. НОВЫ ПАЧАТАК З ЯНАМ ХРЫСЦІЦЕЛЕМ

Спакой

Ілюстрацыйная выява: shutterstock.com

На пачатку кожнага малітоўнага разважання мы прапануем прысвяціць крыху часу падрыхтоўцы, каб унутраны спакой дапамог вам глыбей увайсці ў малітву. Сёння такім практыкаваннем стане ўвага да дыхання. Паслухайце хвіліну-другую гук свайго дыхання, ягоны рытм.

Няма патрэбы змяняць хуткасць. Адзначце, як паветра напаўняе лёгкія, прыносячы жыццё ўсяму целу, і як пакідае яго праз ноздры.

Удыхніце Божую любоў да вас, а выдыхаючы, аддайце Богу ўсё, чым хочаце падзяліцца з Ім, або тое, што хацелі б адпусціць і даверыць Богу.

Зрабіце такі ўдых-выдых тры разы.

Ян Хрысціцель быў «голасам у пустыні». Пастарайцеся правесці ў спакоі гэты час малітвы, каб пачуць голас прарока ў сваёй уласнай «пустыні».

Божае слова

«Святы Ян Хрысціцель і фарысеі». Мастак Джэймс Цісо / wikimedia.org

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Гэта пра яго сказаў прарок Ісая:
«Голас таго, хто кліча ў пустыні:
„Падрыхтуйце дарогу Пану,
простымі рабіце сцежкі Яму!“».
Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд. Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: «Маем Абрагама за бацьку», бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».

Мц 3, 1–12

Разважанне

«Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў». Ікона / miloserdie.ru

Ян Хрысціцель — незвычайны чалавек. З першага погляду, пэўныя рысы ў ім могуць падацца непрывабнымі і нават адштурхнуць нас.

Чалавек, які гэтак апранаецца, выбірае такую дзіўную ежу, магчыма, не выглядае той асобай, з якой хацелася б праводзіць час.

Тым не менш незвычайныя паводзіны характэрныя для вялікіх прарокаў; побач з імі нязручна, яны могуць, як землятрус, прайсціся па нашым звыклым светапоглядзе, яны прымушаюць сутыкнуцца тварам у твар з тымі праявамі нас саміх, якія мы хацелі б ігнараваць далей. Менавіта аб гэтым прамаўляў Ян, заклікаючы да навяртання. «Кайцеся!», «Прынясіце годны плён пакаяння!»

Ілюстрацыйная выява: depositphotos.com

Пісьменнік і настаўнік Рычард Рор OFM (Richard Rohr) тлумачыць, што слова, якое звычайна перакладаецца як «пакаянне», у грэцкай мове (метаноя) адзначае «разварот розуму» або «перамена».

Ян заклікае нас змяніць спосаб бачання сябе і свету. Ён хоча, каб сябе і свет мы бачылі ў праўдзе, як на самай справе ёсць, а не так, як здаецца і як бы нам хацелася.

І ён прагне гэтага па вельмі добрай прычыне: бо «наблізілася Валадарства Нябеснае». Бог вось-вось прыйдзе і стане жыць сярод нас, як чалавек, як адзін з нас.

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Бог паказвае нам, што нашыя чалавечыя целы і душы, хоць і недасканалыя, Ён любіць да такой ступені, што рады падзяліць іх, прыняць на Сябе. Бог прагне, каб мы бачылі рэчаіснасць так, як Ён.

Пазней Езус не раз будзе спрабаваць змяніць спосаб бачання людзей.

Ён будзе казаць нам між іншым, што Бог, як бацька марнатраўнага сына, не прамовіўшы ніводнага слова абвінавачвання, хоча толькі святкаваць вяртанне дзіцяці: Ён любіць гэтае дзіця ва ўсім яго бязладдзі і няўдаласці, Ён перапоўнены радасцю, што дзіця зноў пераступае парог бацькоўскага дому.

Размова з Богам

Ілюстрацыйная выява: wordpress.com

  • Аб якім новым пачатку ў маім жыцці я задумваюся падчас сённяшняй малітвы? Пастараюся быць шчырым з самім сабой. Ці ёсць ува мне рэчы, з якімі я баюся сутыкнуцца? Што гэта? Шкодныя звычкі, залежнасці, нездаровыя — або, як цяпер кажуць, «таксічныя» — адносіны? З тым, што бачу ў сабе, звяртаюся да Бога, які мяне любіць, хоць ведае маё нутро лепш, чым я сам. Прашу Езуса дапамагчы мне сустрэцца з маімі цяжкасцямі і заганамі; з усім тым, што патрабуе Ягонага святла.
  • Пэўны час я прысвячу людзям з майго блізкага атачэння — родным і сябрам. Ці новыя пачынанні маглі б закрануць адносіны з імі? Што насамрэч патрабуе зменаў, развароту розуму, каб я паглядзеў іншымі вачыма на ўсё, што адбываецца? Тых, каго я люблю, з кім жыццё сплецена вельмі шчыльна, я прыношу ў святую прастору перад Богам. Гавару з Ім пра мае адносіны, пра рэчы, якія я магу змяніць, і пра тыя аспекты, дзе я адчуваю сябе бяссільным штосьці зрабіць. Часам новы пачатак у адносінах азначае простае ўсведамленне і прыняцце рэальнасці, што я не магу змяніць іншую асобу.
  • Цяпер я звярну ўвагу на тых шматлікіх людзей, з якімі сутыкаюся штодня, хоць яны не ўваходзяць у блізкае кола сяброў. Узгадаю калег па працы, людзей, якія забяспечваюць мае патрэбы ў крамах і кавярнях, бяздомных, якіх я мінаю на вуліцах, мігрантаў, іншаземцаў. Як я стаўлюся да іх? Ці памятаю, што гэтак жа, як і мяне, усіх гэтых людзей любіць Бог? Ці паважаю іх? Можа, асуджаю? Трымаюся з імі ганарыста і нахабна? Ці магчымыя з майго боку тут новыя пачынанні і якія канкрэтна? Аб сваіх адносінах да іншых людзей паспрабую шчыра паразмаўляць з Езусам.
  • Нарэшце, я прашу Бога дапамагчы мне прыняць самога сябе. Прашу Яго дапамагчы мне ўсвядоміць, што я бязмежна любімы. Я прашу вылечыць мяне, малюся аб святле, надзеі і радасці. Прашу Бога паказаць адзін маленечкі крок, які я магу зрабіць сёння ў кірунку новага пачатку. Потым некалькі хвілін правяду ў цішыні, слухаючы, што Бог скажа мне.

Працяг будзе.

Ілюстрацыйная выява: tadamichi / iStock

Абноўлена 20.12.2019 23:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця