Пошук

21.12.2019 09:29   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Пакланенне Дзіцятку Езусу. Мастак Герыт ван Хонтхорст / wikipedia.org

Сёння разам з сайтам «Прастора малітвы» мы працягваем Адвэнтавыя рэкалекцыі 2019 «Новы пачатак».

РАЗВАЖАННЕ 4: НОВЫ ПАЧАТАК З ЕЗУСАМ

Спакой

Ілюстрацыйная выява: gettyimages.com

Засяроджанне на мысленным паўтарэнні аднаго малітоўнага слова дапамагае суцішыць унутраны шум. Прысвяціце гэтаму практыкаванню пэўны час, каб увайсці ў малітву. Спачатку падумайце аб тым, у якім вы цяпер месцы і як сябе адчуваеце, а таксама аб тым, што вас непакоіць.

Аддайце гэта ўсё Богу.

Затым папрасіце ў Яго тое, чаго шукаеце ў сённяшняй малітве. Магчыма, гэта будзе просьба аб тым, каб пазнаць Езуса як Пана і Збаўцу альбо як блізкага Сябра. Вазьміце арамейскае слова Мараната, якое азначае «Прыйдзі, о, Пане», і паўтарайце яго ў рытме дыхання: Мараната. Некалькі хвілін… Калі штосьці адцягне ўвагу, проста вярніцеся да слова.

Божае Слова

Ілюстрацыйная выява: flickr.com

У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дома і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:

«Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі супакой людзям добрай волі».

Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.

Лк 2, 1–20

Разважанне

Ілюстрацыйная выява: calvary.edu

Мы дасягнулі чацвёртага тыдня Адвэнту і наблізіліся да найвялікшага пачатку сярод усіх магчымых — нараджэння Езуса. Гэта быў, несумненна, новы пачатак для ўсяго чалавецтва, таму што Бог прыйшоў, каб жыць сярод нас.

Але, як ні дзіўна, гэта быў новы пачатак і для Бога таксама. Бог вечны. Бог ніколі не меў пачатку і не будзе мець канца.

Але ў нараджэнні Езуса Ён пачаў штосьці новае: Бог пачаў жыць чалавечым жыццём, з усім, што з ім звязана, уключаючы смерць.

І што гэта значыць для мяне? Якое дачыненне падзея больш чым двухтысячагадовай даўніны мае да майго цяперашняга жыцця? Святы Павел кажа нам, што Бог стаўся чалавекам у асобе Езуса, „выракся самога сябе“ (пар. Флп 2, 7), так што Ён мог поўнасцю спазнаць сваю новую чалавечасць. Ён не чапляўся за сваю боскасць, але стаў дакладна такім, як мы.

Святы Лука кажа нам, што Ён узрастаў: не толькі фізічна, але таксама ў мудрасці і ведах. Як Бог Ён ведаў усе рэчы; як чалавек Ён набываў веды аб усім, паступова, як мы гэта робім.

Дзяцінства Езуса. Мастак Герыт ван Хонтхорст / wikipedia.org

Пакора Езуса можа многаму навучыць мяне.

Ці не чапляюся я за сваё мінулае? Магчыма, гэта перашкаджае мне поўнасцю прыняць цяперашняе маё жыццё і тую навіну, якую яно можа прынесці? Ці не адбываецца так, што я прапускаю дары, якія Бог прапануе мне менавіта ў гэты момант, які з’яўляецца адзінай рэальнасцю?

Тое, што было, мінула, а таго, што будзе, яшчэ не існуе. Толькі ў тым, што ёсць цяпер, я магу знайсці Бога.

Размова з Богам

Ілюстрацыйная выява: christjesus.ru

  • Уяўляю, што Езус сядзіць побач са мной. У Яго прысутнасці я спрабую ўбачыць, што стрымлівае мяне ад распачацця новай старонкі ў жыцці. Што перашкаджае зноў і зноў, і нават у гэты момант? Я прашу Яго паказаць мне, ці не трымаюся я абедзвюма рукамі за рэчы, якія не даюць ні дапамогі, ані карысці, ані жыцця, а наадварот, шкодзяць мне.
  • Мне страшна адпусціць некаторыя залежнасці і схільнасці, таму што без іх жыццё выглядае нязносным? Я прашу Езуса дапамагчы мне даверыцца Яму настолькі, каб зрабіць першы маленькі крок, якім бы нязначным ён ні здаваўся. Гэта можа быць прынамсі ўсведамленне таго, што я маю залежнасць і патрабую дапамогі. Малюся аб дары надзеі, якая дазволіць мне ўбачыць, што новы пачатак і новае жыццё магчымыя для мяне.
  • А можа, я трымаюся за нейкую крыўду, якая перашкаджае мне цалкам прыняць новы пачатак у пашкоджаных адносінах? Прашу Езуса даць мне сілы адпусціць тую крыўду, з якой я звыкся і нават навучыўся прыкрывацца ёй. Прашу аб ясным бачанні ўсёй непрыдатнасці такой паставы.
  • Магчыма, працэс пераменаў у жыцці прыняць складана, і я адчайна чапляюся за ўспаміны аб тым, як было раней. З Езусам я магу паразмаўляць аб усім, магу папрасіць Яго ўмацаваць маю рашучасць пакінуць мінулае за сабой і павярнуцца да сучаснасці тварам, каб сустрэцца з магчымасцямі новага жыцця і большай свабоды. Усё, што мне трэба, — прыняць іх.
  • Цяпер я дам прастору цішыні, каб Езус мог прамаўляць да мяне і запэўніць, што ў Яго дарах — заўсёды і толькі — жыццё.

Працяг будзе.

Абноўлена 28.12.2019 09:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа