Пошук

14.10.2015 00:00  

Што прыходзіць вам у галаву, калі вы чуеце слова «свабода»? Якія ўспаміны і малюнкі ўзнікаюць перад вачыма?

Часцей за ўсё ў гэтым выпадку людзі ўспамінаюць свае падлеткавыя пратэсты супраць бацькоў і стандартных культурных правілаў або сонечны дзень, праведзены ў цішыні і адзіноце на прыродзе, або сустрэчу ў мужчынскай кампаніі без жонак і дзяцей, часам дэманстрацыі або маршы пратэсту, якія суправаджаліся эмацыйным пад’ёмам на хвалі ўсеагульнага ўзбуджэння і бясстрашша натоўпу, або сыход з абрыдлага месца працы... Усё гэта важныя і запамінальныя (праўда, толькі з-за сваёй эмацыйнасці) падзеі, але ці гэта з’яўляецца свабодаю?

Яшчэ адно не менш важнае пытанне: а ці хочаш ты быць свабодным або свабоднаю, не які-небудзь чалавек наогул, а менавіта ты?

Наша свабода належыць да тых здабыткаў, з якімі мы нараджаемся і з якімі паміраем, а гэта значыць, што мы не ў стане штосьці змяніць у натуральным парадку рэчаў: усе мы валодаем прыроджанай і пажыццёвай свабодаю распараджацца сабою, сваім жыццём так, як захочам. Я разумею, што рызыкую выклікаць ваш пратэст і сумненні, настойваючы на гэтай думцы, але давайце паразважаем разам. Кожны чалавек можа распараджацца сваім жыццём так, як захоча. «Няўжо? — можаце здзівіцца вы. — А як жа наша штодзённая залежнасць: патрэбы блізкіх, начальнік-дыктатар, эканамічная сітуацыя, здароўе, улады, надвор’е ды ўзрост, у рэшце рэшт?!» Вядома ж, гэта так, але хіба ў нас няма выбару?

Чалавечая свабода прадугледжвае менавіта магчымасць выбіраць, але што і калі мы называем выбарам у нашым паўсядзённым жыцці? Ці можна лічыць выбарам сітуацыю, калі ў нас ёсць толькі два варыянты, адзін з якіх прыемны і карысны, а другі балючы і бессэнсоўны. Звычайна ў такіх выпадках мы ідзем па лёгкім шляху, нават не заўважаючы іншага варыянту, гэта значыць, не перажываючы іншую сітуацыю як магчымасць выбару.

Сапраўдны выбар у жыцці чалавека з’яўляецца тады, калі ў абодвух варыянтах, на абедзвюх шалях вагаў, знаходзіцца аднолькавая колькасць плюсаў і мінусаў, дзе плюсы — гэта каштоўныя набыткі, а мінусы — страты або тое, чым давядзецца расплаціцца за набыткі. Так ці інакш, менавіта такія выпадкі прымушаюць нас спыніцца і задумацца, а дакладней, скарыстацца сваёю свабодаю.


Выбар здзяйсняецца звычайна ў некалькі этапаў, на кожным з якіх чалавек нават можа і не скарыстацца сваёю свабодаю. Першы этап кожнага выбару пасля таго, як вызначаны варыянты, — гэта яснае ўсведамленне сваіх жаданняў, што на практыцы не так і проста. Мець жаданні, а тым больш разумець іх — занятак даволі рызыкоўны: калі не ўдаецца атрымаць тое, чаго мы моцна прагнулі, перажыванні і горыч непазбежныя. Менавіта таму многія з нас несвядома блакуюць сваю магчымасць выбіраць, гэта значыць, адмаўляюцца ад свабоды ўжо на першым этапе — аддаюць перавагу таму, каб ніколі не ведаць пра свае жаданні, або штучна заглушаюць іх.

Логіка ў дадзеным выпадку простая: лепш ні пра што не думаць і нічога не чакаць, не спадзявацца і не марыць, тады не будзе балюча, калі ўсё гэта не здзейсніцца, і будзе прыемна, калі ўсё ж такі «пашанцуе».

Вось і атрымліваецца, што жыццё мінае, а мы скардзімся на яго аднастайнасць, шэрасць, прадказальнасць і адсутнасць усялякай свабоды выбару. Напрыклад, як вы адказваеце на пытанне «чай ці кава?»? Здавалася б, дробязь, але ці адважваецеся вы нават у такой простай сітуацыі на «рызыку» яснага разумення сябе і сваіх жаданняў? А можа, нават у такія моманты адмаўляецеся ад сваёй маленькай свабоды?

Другі этап выбару — аналіз наступстваў. Па якім шляху пайсці, за якім жаданнем? Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што ў кожнага з нас заўсёды ёсць некалькі жаданняў, і часта ўзаемавыключальных. Гэта значыць, што, выбіраючы адно з іх, мы аўтаматычна адмаўляемся ад іншых. Страта гэтай іншай магчымасці і з’яўляецца тым самым мінусам або расплатаю за здзяйсненне жаданняў. Так на дадзеным этапе ўзнікае паняцце адказнасці.

З’яўляючыся дарослымі людзьмі, мы пралічваем набыткі і (нават у большай ступені) страты кожнага з варыянтаў або адмаўляемся ад аналізу і атрымліваем «нечаканыя» негатыўныя наступствы, вінавацячы атачэнне, а нярэдка і Бога ў жорсткасці, несправядлівасці і дэспатызме, разглядаючы натуральныя наступствы нашых учынкаў як пакаранне і наракаючы на абмежаванне нашай свабоды. Заставацца вечна наіўнымі і інфантыльнымі «дарослымі дзецьмі» — вось яшчэ адзін пашыраны спосаб ігнаравання сваёй свабоды.

Прыняцце рашэння — наступны этап ажыццяўлення выбару. На гэтым этапе мы непазбежна звяртаемся да сваёй унутранай сістэмы каштоўнасцяў, да той сістэмы вымярэння, з дапамогай якой мы ўзважваем варыянты. Аднак, якім бы дзіўным гэта ні здавалася на першы погляд, прымаючы рашэнне мы часцей выбіраем не тую магчымасць, дзе больш набыткаў, а тую, дзе менш стратаў. Іншымі словамі, мы выбіраем паміж наступствамі, вымяраючы іх, у залежнасці ад нашай глыбіннай (а не завучанай!) сістэмы каштоўнасцяў у грашовых знаках, кілаграмах, колькасці любові і мноствам іншых умоўных адзінак.

Адмовіцца ад сваёй свабоды можна і на гэтым этапе — для гэтага трэба проста не мець выразных уяўленняў пра тое, што добра і што дрэнна (а гэта і ёсць сістэма каштоўнасцяў), да чаго, зрэшты, схіляе філасофія «бытавога постмадэрнізму». Менавіта ў такім выпадку можна заўсёды перакладаць цяжар выбару на плечы іншых людзей, ускладваючы на іх жа адказнасць за наступствы і страты. Такі спосаб уцёкаў ад свабоды дае нам магчымасць заўсёды адчуваць сябе нявіннымі ахвярамі і часам нават пераканаць сябе ў тым, што ў сваіх пакутах мы бярэм на сябе частку Мукі Хрыста, дапамагаючы Яму несці свой крыж. Так нараджаюцца месіянскія ідэі, а разам з імі і манія велічы.

Наступны этап выбару — ажыццяўленне дзеянняў. Тут адмовіцца ад сваёй свабоды зусім проста. Хіба вы ніколі пасля доўгага аналізу і канчатковага (і беспаваротнага!) рашэння не «пачыналі жыць з панядзелка»? Са мною таксама бывала такое, таму нам не трэба вучыць адно аднаго блакаваць сваю свабоду і на гэтым этапе.

І, нарэшце, апошні этап выбару — гэта падвядзенне вынікаў і прызнанне адказнасці. Як жа хочацца часам сказаць пасля ўсяго: «Гэта не я, я хацеў зусім іншага, калі б не...»

Свабода — каштоўны дар Бога чалавеку. У страху перад адказнасцю за свой выбар, у жаданні атрымліваць усё і заўсёды, нічога не страчваючы і ні ад чаго не адмаўляючыся, чалавецтва спарадзіла вялізную і страшную ілюзію, выдумку, паняцце, якога няма ў рэальнасці, — «свабода ад...», а далей можна назваць усё, што заўгодна: ад бацькоў, начальства, патрэбаў, улады, шлюбных сувязяў, беднасці, хваробаў...

Змагаючыся за гэтую выдуманую «свабоду ад...» мы часам губляем усё жыццё, наракаючы пры гэтым на прыцясненні і «немагчымасць выбіраць», адначасова ігнаруючы, а па сутнасці, адпрэчваючы адзіную рэальную свабоду, з якой мы нараджаемся і паміраем і якую немагчыма страціць — «свабоду для...».


Дык што прыходзіць вам у галаву, калі вы чуеце слова «свабода» і як вы скарыстоўваеце сваю «свабоду для...»?

Наталля Пан, псіхолаг

Ave Maria №5 (182) 2010

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.