Сэнс шчаслівага сужэнства і сям’і не ў тым, каб «выпраўляць» гэты інстытут, але ў тым, каб больш мудра выхоўваць чалавека.
З пачатку свайго існавання чалавецтва ведае, што Бог — гэта Любоў. Ён не толькі стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, але і асабіста клапоціцца пра лёс кожнага з нас. Менавіта таму, як найлепшы Айцец і Сябра, Ён нястомна падказвае нам праз сумленне і Святое Пісанне аптымальны шлях жыцця для таго, каб наша радасць на зямлі была большаю, а вечнасць — поўнаю. Гэты клопат пра чалавека пацвярджае даручэнне, якое Бог пакінуў Адаму і Еве: «Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (Быц 1, 28). Паколькі так гучаць першыя словы Бога-Любові, скіраваныя да чалавека, гэта азначае, што ад выканання даручэння Створцы залежыць лёс асобных людзей і ўсяго чалавецтва.
Гэтае першае даручэнне, запісанае ў Бібліі, вынікае з самой натуры Бога, які не Адзін, а ўяўляе з сябе Супольнасць Асобаў. Любоў — гэта дар, а дар рэалізуецца праз сустрэчу з іншаю асобаю. Чалавек створаны на падабенства Божай Любові, таму ён двойчы залежны: яму патрэбны не толькі той, хто яго любіць, але таксама і той, каму ён хоча ахвяраваць сваю любоў. Найбольшаю трагедыяй для чалавека, які любіць, стала б незваротная страта тых, каго ён палюбіў. Аднак, каб любіць, аднаго жадання недастаткова. Любоў — гэта не толькі вяршыня дабрыні, але таксама вяршыня мудрасці, гэта не толькі самыя высакародныя, але таксама і самыя складаныя паводзіны ў свеце. Менавіта таму Бог не толькі запрашае нас прыняць удзел у сваёй любові, але і тлумачыць нам сутнасць гэтай любові.
Сужэнства — гэта Божая прапанова найбольш незвычайнай любові паміж мужчынам і жанчынаю, якая магчымая на гэтай зямлі. Гэта любоў, якую толькі Бог можа прапанаваць чалавеку, верная, выключная, безагаворачная, плодная, адказная. Адказная сужэнская і бацькоўская любоў — гэта любоў з найвышэйшым, гэта значыць Божым, знакам якасці.
Разгледзім тры праявы, якія нясуць найбольшую небяспеку для шчаслівага сужэнства і моцнай сям’і, — гэта заключэнне сужэнства непаўналетнімі асобамі, міф пра «свабодныя сужэнствы» і прапаганда гомасексуалізму замест традыцыйнага сужэнства і сям’і. Першая сур’ёзная небяспека тоіцца ў заключэнні сужэнскіх саюзаў людзьмі, якія яшчэ не дараслі да безагаворачнай, вернай і плоднай любові. Яны блытаюць любоў з закаханасцю або палавым інстынктам, яны няздольныя да працавітасці, адказнасці, не могуць быць дарам для іншых.
Яшчэ больш драматычная сітуацыя настае тады, калі адбываецца крадзёж сужэнства. Гэта здараецца тады, калі хтосьці прымае ад іншага чалавека сужэнскую прысягу, нягледзячы на тое, што сам не мае намеру захоўваць гэтую прысягу. Такі сужэнскі саюз непазбежна вядзе да расчараванняў і пакутаў. У саюзах такога тыпу справа даходзіць да балючых крыўдаў і насілля. Тут варта растлумачыць, што насілле ў сям’і пачынаецца ўжо тады, калі хтосьці перастае любіць, а не толькі тады, калі адзін з сужэнцаў здраджвае, б’е або абкрадае сваіх блізкіх. Вяршыняю насілля ў сям’і становіцца аборт. Бацькі забіваюць сваё ненароджанае дзіця, і тым самым яны моцна раняць адно аднаго.
Другая радыкальная небяспека для сужэнства і сям’і — кіраванне не Божымі, а чалавечымі задумамі адносна любові паміж мужчынам і жанчынаю. Класічным прыкладам з’яўляюцца гэтак званыя свабодныя саюзы. Маладыя людзі, якія хочуць «выправіць» Божую прапанову, заяўляюць у адзін голас, што любяць адно аднаго, а значыць жывуць у самым моцным саюзе, які толькі магчымы ў свеце. А яшчэ сцвярджаюць, што жывуць у саюзе, які іх ні да чаго не абавязвае. Такія саюзы прыводзяць да драматычных расчараванняў, а таму для многіх сучасных людзей становяцца прычынаю нявер’я ў магчымасць вернай і адказнай любові паміж мужчынам і жанчынаю.
Найбольш радыкальная небяспека для сужэнства хаваецца ў спробе ліквідаваць сям’ю і замяніць яе гомасексуальнымі «саюзамі». Грамадства, якое прымае такую форму барацьбы з сям’ёю, уваходзіць у канчатковую фазу цывілізацыі смерці, бо гомасексуалісты ствараюць біялагічна хворыя, псіхічна сапсаваныя, сацыяльна-эгаістычныя і амаральныя саюзы. Гэта так званыя саюзы з моцнымі псіхічнымі парушэннямі. Гомасексуалісты маюць псіхічныя бар’еры, якія становяцца прычынай таго, што яны не дапускаюць блізкіх сувязяў з асобамі супрацьлеглага полу.
Тым часам псіхолагі і педагогі падкрэсліваюць, што менавіта кантакт з асобамі іншага полу з’яўляецца вырашальным для гарманічнага развіцця чалавека. Больш за тое, гомасексуальныя саюзы сацыяльна-эгаістычныя, таму што найбольшы ўнёсак у развіццё і будучыню грамадства робяць бацькі, якія перадаюць жыццё сваім дзецям і адказна іх выхоўваюць. Урэшце, гомасексуальныя саюзы амаральныя, бо існуюць супраць задумы Створцы, які стварыў чалавека як жанчыну і мужчыну і паклікаў іх да плоднай фізічнай, псіхічнай, грамадскай і духоўнай любові (пар. Быц 1, 27).
У наш час шмат гаворыцца пра крызіс сужэнства і сям’і. Больш ахвотна пра гэта гавораць ворожыя сям’і свецкія асяроддзі, якія замоўчваюць той факт, што ў крызісе знаходзіцца не сужэнства, а чалавек. Чалавек, «выхаваны» на папулістычных фікцыях «палітычна правільнай» педагогікі, няздольны заключыць шчаслівае сужэнства і стварыць моцную сям’ю, а таксама не ў стане сур’ёзна працаваць, быць адказным палітыкам або сумленна функцыянаваць у якой-небудзь грамадскай структуры. Сэнс шчаслівага сужэнства і моцнай сям’і заключаецца не ў «выпраўленні» гэтага інстытута, а ў больш адказным і дасканалым выхаванні чалавека. Гэта не сужэнства і сям’я расчароўваюць, а нясталыя сужэнцы і бацькі. Чалавек сумуе па любові, але не з’яўляецца любоўю. Менавіта таму толькі ад Бога, які ёсць Любоў, мужчына і жанчына могуць навучыцца сужэнскай і бацькоўскай любові.
Ave Maria №8-9 (148-149) 2007