«Ружанец — сцяжына ў нябёсы», — так кажа беларуская паэтка Данута Бічэль, якая сярод сваёй духоўнай паэзіі мае верш і пра Ружанец... А чым Ружанец з’яўляецца для мяне, для майго брата, што скажа тата? Чым кожны хоча падзяліцца, як Ружанец можа прыгадзіцца?
Ад першага дня месяца, які ў нашай мове называецца кастрычнік і паходзіць ад слова «кастра», тая самая кастра-кастрыца, што сыплецца, калі чэшаш лён, каноплі, каб сталіся яны прыдатнай кудзеляй, пачынаецца малітва на ружанцы.
І сыплюцца словы прывітання Маці Божай «Вітай, Марыя» пры судакрананні пальцаў з драўлянымі ці пластмасавымі, а ў каго і бурштынавымі пацеркамі, як тая кастрыца па ўсёй зямлі беларускай, і ў вёсцы, і ў полі за вёскай, і ў горадзе, і ў лістотавым золаце...
У Беларусі любяць гэтую малітву, у Беларусі гэтай малітвай моляцца часта і мужчыны, і жанчыны розных узростаў, да яе прывучаюць дзяцей з маленства, асабліва калі побач з дзецьмі час ад часу з’яўляецца бабуля.
Моляцца, калі ідуць на святую Імшу ў касцёл ці капліцу; калі сцішваюцца перад крыжам спачылага родзіча на могілках; калі едуць у далёкую дарогу; калі ўвечары пры запаленай свечцы, стаўшы на калені, ці ў самоце, ці ў цішыні сямейнай, адчуваючы каленямі цвёрдую падлогу, паўтараюць уголас ці проста ў сэрцы самыя простыя словы малітвы, у якія, аднак, укладаюцца самыя глыбокія памкненні душы...
За дзяцей і бацькоў, за суседзяў,
За сяброў, і хто заўтра прыедзе,
За спакой, каб у сэрцы... і вера
Узрастала, мацнела надзея.
Ружанцовая малітва ў пашане ў нашага народа, у пашане ў беларускай каталіцкай моладзі.
Прапануйце памаліцца каму-небудзь разам з вамі, і абавязкова захочацца выцягнуць вам і вашаму суразмоўцу з кішэні ружанец. У вас такое ўжо здаралася?
І запытайцеся ў старой бабулі, якая ўжо каторы год не ўстае з ложка: як яна трывае такое выпрабаванне ў сваім жыцці? Яна не будзе вам доўга тлумачыць, але працягне ружанец, які ці не заўсёды трымае ў руках, — і менавіта ён дапамагае вытрываць, і вытрываць годна, даючы прыклад жыццялюбства і дзецям, і ўнукам, і ўсім, хто яе ўбачыць і заўважыць вялікую надзею ў вачах.
Ружанец – гэта не проста малітва, але гэта зброя. Зброя, якая сапраўды дапамагае перамагаць свой грэх, якая гартуе ў хвіліны слабасці і роспачы, якая падтрымлівае ў хвіліны сумневу. Зброя, якая калісьці дапамагла выстаяць у часы ганенняў, у часы здзеку з веры і вернікаў.
У многіх народаў малітва на ружанцы чыніла цуды, так лучыла людзей, што праз малітоўную еднасць мацавалася адзіная душа народа, які быў здольны бараніць свае правы, свае свабоды, свае памкненні і мары, які мог выстаяць супраць уціску і перамагчы моцай духу...
Напрыклад, у Бразіліі у 1962 годзе жанчыны, каб уратаваць сваю краіну ад небяспекі прыйсця камуністычнай улады, заснавалі дэмакратычны рух CAMDE (Campaign of Women for Democracy).
Асноўная дзейнасць руху палягала на тым, каб публічна маліцца. Аднойчы 20 тысяч жанчын выйшлі на вуліцу ў Белу-Арызонці і голасна маліліся на ружанцы, каб не дазволіць адбыцца сустрэчы, якая была запланавана левымі. 600 тысяч жанчын маліліся на ружанцы ў Сан Паўла падчас самай вялікай рэвалюцыі. І малітва жанчын прадухіліла шматлікія падзеі, якія, напрыклад, не былі прадухілены на Кубе, дзе камуністы ўзялі верх.
Ружанец – гэта не проста малітва, гэта еднасць тых, хто злучаны ружанцовай малітвай і адзінай інтэнцыяй.
Наш народ, як і кожны іншы народ, як асабліва ў складаныя ваенныя хвіліны ўкраінскі народ, мае патрэбу ў гэтай з’яднанасці, у моцы, якая нараджаецца найперш у духоўным адзінстве.
Мае патрэбу ў малітве на ружанцы ў кожнай сям’і, у кожнай парафіі, проста ва ўсёй краіне.
Стаўшы на калені, вітаючы Маці, прывітайма Сына, які з’яднае нас падчас Эўхарыстыі.
Вітай, ласкі поўная!
«Звеставанне» С. Бацічэлі
Таму «Вітай, Марыя, Маці Таго, хто збаўляе і дае надзею, якой так патрабуюць народы». Амэн...
Аксана Ючкавіч