Адвэнт. Гэтае слова і яго значэнне, здаецца, добра знаёмае католікам. Але ці ёсць у ім нешта асаблівае для кожнага? Сваімі думкамі дзеляцца вернікі мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ.
Аляксандр Рыжэвіч, міністрант: «Адвэнт — гэта перыяд больш дасканалага хрысціянскага жыцця, бо менавіта ў гэты перыяд мы можам у большай ступені падняцца за Хрыстом у малітве. Жадаю змяніць свае жыццё ў бок Хрыста. Каб я стаў больш верным Хрысту».
Жанна Бачыла: «Для мяне гэта радаснае чаканне Бога, перамены. Робіш для сябе якіясьці пастановы, хочацца іх выканаць, вытрываць і радасна сустрэць свята. Хачу палепшыць адносіны ў сям’і і з калегамі на працы».
Наталля Івашкевіч: «Адвэнт — гэта такі час чакання; мы чакаем прыйсця Езуса, каб Ён нарадзіўся не толькі ў нашай сям’і, у нашых сэрцах, але і ў сэрцы кожнага чалавека. Кожны дзень буду маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці і чытаць Святое Пісанне паводле Лукі».
Кацярына Ваяводская: «Адвэнт — гэта час радаснага чакання Збаўцы Езуса Хрыста. Я выбрала сабе пастанову адмовіцца ад салодкага. Жадаю змяніцца ўнутрана, па-іншаму адносіцца да ўсіх жыццёвых клопатаў, каб на першым месцы быў Бог, а потым — усё астатняе».
Паліна Ручан, студэнтка БДУ: «Адвэнт для мяне заўсёды асаблівы час; гэта не толькі час чакання і падрыхтоўкі, але і магчымасць па-новаму прыняць Хрыста ў сваё сэрца. Я адчуваю, што хутка Немаўлятка Езус прыйдзе стукаць у дзверы майго сэрца, таму я хачу адчыніць Яму. Але нехта скажа: „Штогод вы святкуеце Божае Нараджэнне, заўсёды рыхтуецеся на працягу чатырох тыдняў…“ Але я маю надзею, што кожны год нешта змяняецца ў маім сэрцы. Гэта, напрыклад, як чытаць Біблію: кожны раз ты адкрываеш для сябе нешта новае.
Таму ў гэтым Адвэнце асаблівую ўвагу я ўдзяляю малітве, у тым ліку падчас Рарат, чытанню рэлігійнай літаратуры, разважанню над гэтымі тэкстамі; таксама спрабую медытацыю і сузіранне Яго падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнта. Маёй пастановай з’яўляецца замяніць прагляд бессэнсоўных фільмаў хрысціянскімі. Яшчэ вельмі важны для меня элемент у Адвэнце — гэта споведзь. Я імкнуся зазірнуць ва ўсе куточкі сваёй душы. Спадзяюся, што мае пастановы дапамогуць мне ўзрастаць у веры і годна прыняць маленькага Езуса».
Акрамя таго, у вернікаў ёсць і сямейныя традыцыі, якіх яны трымаюцца кожны год падчас Адвэнту.
«У нас ёсць традыцыя: мы робім адвэнтавы вянок і запальваем свечку. Вось і сёння раніцай Ваня першы прачнуўся і запаліў першую свечку, таму што сёння першая нядзеля Адвэнту», — распавядае Наталля Івашкевіч.
Генадзь і Алена Манчынскія кажуць пра Адвэнт у сваёй сям’і: «Мы робім вянок, запальваем свечку. Дзецям вельмі падабаецца маліцца менавіта ў час гарэння гэтай свечкі. Таксама ў дадатак да малітвы мы спяваем песню „Анёл Божы Габрыэль“».