Пошук


«„Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?“ А ён сказаў ім: „Варожы чалавек зрабіў гэта“. Тады слугі сказалі яму: „Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?“ Але ён сказаў: „ Не“».

Нам, калі мы слугі Пана, павінна было б хапіць гэтага простага «не». Але нават пасля міласэрнага тлумачэння «каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы», мы сунемся да бліжніх і дальніх, каб прапалоць іх душы ад пустазелля... Трывала, заўзята і чуйна гатовы выкараняць і паляпшаць. Вядома, на чужым полі — больш ахвотна, чым на сваім. 

 

Наконт свайго поля мы спадзяёмся на Езусава «не». На Ягоную руку, што захавае нас ад няпрошаных «аграномаў», што йдуць на праполку.

Хрыстовае «не» справядлівае для кожнага чалавека. Не чапайце Валадарства Божага ў чужым і ў сваім сэрцы. Яшчэ не пара. Не забывайцеся, Хто – Гаспадар. Для пшаніцы на гэтай зямлі яшчэ час сонца, дажджу і ветру, блакіту і зор, цяпла і жыцця, — усё задарма, усё дзеля росту, дзеля плёну.

А рукі слушна просяць працы, і найлепшае, што можна рабіць — падрыхтаваць раллю для Сейбіта, хоць не ведаем дакладна, калі Ён выйдзе сеяць. Карчаваць свой цёмны лес, раўняць яміны-недахопы, вызваляць поле ад камянёў-крыўдаў, рабіць цвёрдую зямлю лагоднай і мяккай...

І паважаць іншага чалавека, бо і ягоны шлях — пошук, праца і змаганне. Можна ж ісці разам і ў душу не лезці. Насіць цяжары адно аднаму і не хадзіць па пятах, каб выцягнуць бервяно з чужых вачэй. Разумець пад аднымі і тымі ж словамі розныя рэчы і не пабіцца насмерць за адценні сэнсу.

Кожны каласок палічаны, кожнае зярнятка — каштоўнасць.

Тэрэса Клімовіч


Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.