Пошук

13.01.2025 20:40   Фота: Вольга Дубягіна / Catholic.by

12 студзеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Ніжні Ноўгарад на Волзе ў Расіі, дзе ўзначаліў набажэнства з нагоды срэбранага юбілею пасвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гэтую святыню заслужаны іерарх сам пасвяціў 25 гадоў таму, будучы ў той час Апостальскім адміністратарам для католікаў Еўрапейскай часткі Расіі.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім падкрэсліў значэнне свята Хросту Езуса ў Ярдане, якое Касцёл адзначаў у гэты дзень.

«Сімвалічна, што як Хрост Езуса стаў пачаткам Яго публічнай дзейнасці, таксама і хрост чалавека робіць яго членам Касцёла з усімі правамі і абавязкамі. Дзякуючы гэтаму ён можа і павінен браць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла», — адзначыў пры гэтым іерарх.

З нагоды 25-годдзя пасвячэння касцёла, ён нагадаў багатую і часам трагічную гісторыю паарфіяльнай супольнасці Ніжняга Ноўгарада, дзе католікі з’явіліся ў XVII стагоддзі. У XIX стагоддзі тут быў пабудваны першы касцёл, а на пачатку ХХ стагоддзя — другі. Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года першы быў разбураны, а другі перададзены Цэнтру навукова-тэхнічнай інфармацыі.

У 1994 годзе ў горадзе на Волзе была адроджана каталіцкая парафія, якая атрымала для малітвы будынак… былой стайні. Намаганнямі святароў Стэфана Капрыё з Італіі і Марыё Бэвэрацці з Аргентыны стайня была перабудавана ў вельмі прыгожы невялікі касцёл.

«Як калісьці Езус сказаў мытніку Закхкю, што хоча быць у яго доме, таксама 25 гадоў таму Ён як быццам паўтарыў гэтыя словы на берагах Волгі, бо і тут ласка Яго збаўлення павінна дзейнічаць. Касцёл быў пасвячаны. У ім загучаў голас Евангелля, распачалася катэхізаця, целебрацыя Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў, дабрачынная дзейнасць, забруіла парафіяльнае жыццё.

Былая стайня стала месцам сустрэчы з Богам для людзей розных нацыянальнасцяў і моваў, бо Касцёл — гэта іх духоўны дом», — падкрэсліў іерарх.

Ён дадаў, што Ніжні Наўгарад называюць трэцяй пасля Масквы і Санкт-Пецярбурга сталіцай Расіі.

«Тут, як грыбы пасля дажджу, растуць хмарачосы. У параўнанні з імі малы касцёл выглядае як мурашка. Але калі храмачосы толькі цягнуцца да хмараў, то касцёл дасягае нябёсаў», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Ён пажадаў католікам Ніжняга Ноўгарада, каб новая старонка гісторыі іх парафіі, якую яны пачынаюць пісаць, была напоўнена толькі добрымі справамі, а струмень Божай ласкі, які выцякае з гэтага касцёла, быў паўнаводным, як вялікая расійская рака Волга.

Пасля Імшы вернікі падзякавалі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за яго намаганні ў справе аднаўлення парафіі і візіт з нагоды 25-годдзя з часу пасвячэння касцёла, а таксама павіншавалі беларускага іерарха з 35-годдзем біскупскага служэння.

 

Абноўлена 13.01.2025 21:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.