11 студзеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Святога Ружанца ва Уладзіміры на Клязьме.
Летась мінула 130 гадоў ад першага пасвячэння каталіцкага касцёла ў гэтым адным з найбольш старажытных гарадоў Расіі.
Каталіцкая святыня тут была зачынена ў 1930 годе і вернута парафіі толькі ў 1992 годзе.
Годам пазней яе нанава пасвяціў тагачасны Апостальскі адміністратар для католікаў Еўрапейскай часткі Расіі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі іерарх звярнуўся да Евангелля на гэты дзень аб аздараўленні пракажонага, які быў чужынцам сярод сваіх. Ён павінен быў насіць парванае адзенне, закрываць ніжнюю частку твару, крычучы «нячысты, нячысты», і жыць у ізаляцыі, падалей ад іншых людзей. Юдэйскі гісторык Юзаф Флавій пісаў, што з пракажонымі абыходзіліся як з «хадзячымі мярцвякамі».
«Калі пракажоны ўбачыў Езуса, то падышоў да Яго і сказаў: „Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць“.
Якое прыгожае вызнанне веры! Хворы быў упэўнены ў тым, што яго аздараўленне ў руках Езуса. Ён не прасіў Яго, а толькі сцвярджаў, што няма безнадзейных сітуацый», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён дадаў, што пракажоны добра ведаў дзве важныя рэчы: першая — гэта прызнанне праблемы, якой мы самі не можам вырашыць, а другая — гэта тое, што ў такой сітуацыі трэба звярнуцца да Езуса.
«Тое самае правіла існуе і ў духоўным жыцці. Мы павінны прыйсці да Езуса са сваімі грахамі, як з духоўнай праказай, каб Ён нас вылечыў. Толькі Ён можа вырашыць прабему. Толькі ў Яго ёсць рэцэпт ад грахоўнай хваробы», — падкрэсліў заслужаны іерарх. Пры гэтым ён адзначыў, што там, дзе людзі бачылі адкінутага на перыферыю пракажонага, Езус убачыў чалавека і дапамог яму.
«Калі мы збіраемся ісці за Хрыстом, то павінны быць гатовымі любіць тых, каго свет адкідае. Такім чынам мы прывядзем іх да Хрыста, які зменіць іх жыццё, ачысціць ад грахоўнай праказы і верне духоўнае здароўе», — сцвердзіў напрыканцы гаміліі арцыпастыр.
Напрыканцы Імшы вернікі павіншавалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 35-годдзем біскупскага служэння.
Пасля Імшы беларускі іерарх таксама сустрэўся з сёстрамі фэліцыянкамі, якія працуюць у парафіі, і з моладдзю, якая брала ўдзел у адмысловых рэкалекцыях.