Тры аспекты посту, пра якія можна вельмі часта пачуць, прачытаць, нават узяцца практыкаваць. Пра Вялікі пост гаворыцца як пра «выключны час». На жаль, тое, што падчас яго «выключаецца», пасля Вялікадня працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Тады атрымліваецца так, што ўвесь астатні перыяд года — нармальны? А зараз трэба сябе перазагрузіць, каб нешта адчуць?
Яшчэ зусім нядаўна мне здавалася гэта лагічным і патрэбным. Менавіта так — бярэш сабе пастановы і чакаеш асаблівых перажыванняў. Ды вось не працуе без навяртання такі посны «перамыкач». Мы ставім каня за возам і чакаем, калі ж ужо рушым наперад. Сядзім, нешта вакол сябе перакладаем, а нічога не змяняецца. Чаму? Ужо і пярыны мяккія выкінулі, і ядзімо праз дзень, і адзенне параздавалі... А можа, на самой справе мы так едзем, памалу, бо куды спяшацца?
А трэба спяшацца, бо кожны пост мінае хутка, як кароткі шанец агледзецца, зрушыць з месца, вярнуцца да праўды. Як проста і добра напісаў Бэнэдыкт XVI у Папяльцовую сераду:
У перыяд Вялікага посту, які мы пачынаем, адновім наша навяртанне, даючы больш месца Богу.
Успомні, ты ужо вяртаўся. Падумай, як пасунуцца набок, садзьмуцца і даць месца Богу, даць Яму магчымасць навучыць цябе ставіць у сваім жыцці ўсё на належныя месцы...
Таму пост — на сябе, на сваю ўсюдыпрысутнасць, на нецярплівасць і мітуслівасць, пустую балбатню і насмешкі. Стрымайся, дай свету адпачыць.
Дай свету сваю малітву. Як таямніцу, як прысутнасць, як глыбіню, малітву красамоўную і маўклівую, сумную і спеўную, якая патрабуе месца, часу і зместу. І якой нічога не трэба, бо яна сама — дар з нябёсаў.
Міласціна. Дзе тое ахвотнае сэрца, каб шчодра сябе раздаваць? Любові той маленькі агеньчык — як ад сябе забраць і таму, хто не заслугоўвае, аддаць? Рабі дабро. Хоць бы так, як украўшы. Хтосьці ўмее шчодра і прыгожа, а ты ціха, патроху — але дабро. Асабліва тым, хто дзякуй не скажа.
Тэрэса Клімовіч