Кажуць: «Як што не так — даруйце!» Вельмі лёгка і вельмі фармальна. Насамрэч, не ўсё тое, што робіцца не так, мае вінаватых. Прычын павесіць нос амаль кожны дзень процьма. І справа не толькі ў недасканаласці людзей і абставін. Нешта адбываецца, нібыта міжволі.
Хтосьці прыдумаў плысці, не змагаючыся з плынню. Хтосьці ўпарта сунецца насуперак. А рэальнасць рана ці позна вытыркаецца з любой плыні нечаканай перашкодай, вадаспадам ці мелкаводдзем. Ну, паспрабуй тады плысці ці змагацца. Давядзецца адчыніць вочы і пачынаць дзейнічаць.
Бо нешта не так. Ужо не марыцца, як даўней. Ужо не вельмі прыгожа вымаўляюцца словы. Ужо свая абмежаванасць і прыгнечанасць цягнуць уніз... А побач — блізкія людзі са сваімі зачаканымі вачыма. А «нешта не так» бывае штодзень. І «даруйце» ўсё больш хіліцца ў бок звычкі. Бо нічога не змяняецца. Бо я не змяняюся. Якія ж недарэчныя ўсхліпы аб недахопе часу ці ведаў, ці здольнасцяў, ці магчымасцяў — атрымліваецца шэрая такая панурасць. Яна забірае сілы — так прыемна захутацца ў яе і пачаць ленавацца, пакутліва разважаць над сабой і спадзявацца, што нехта нешта зменіць...
Мінае побач каштоўны час, застаюцца ўбаку незаўважаныя магчымасці, замаўкаюць незразуметыя людзі. Бо трэба ўставаць і рухацца далей. Не ведаю, разам з плынню ці супраць, але насуперак сваёй схільнасці да тужлівага ступару.
Бо «не так» — многа што. Але яшчэ не ўсё.
Тэрэса Клімовіч