Пошук

10.05.2024 16:16   Мікола Гракаў / Фота: з архіву Catholic.by і кс. Дзмітрыя Дубовіка / Відэа: з архіву парафіі ў Будславе / Catholic.by

Тры гады таму, 11 мая 2021 года, у базыліцы ў Будславе здарыўся пажар. Пра тое, што было зроблена за гэты час і што яшчэ неабходна зрабіць у пашкоджаным агнём і вадой касцёле, апавядае Catholic.by пробашч Будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Ксёндз Дзмітрый, цяпер, калі мінаюць тры гады з дня пажару ў будслаўскай святыні, давайце ўзгадаем, з чаго распачыналася новая старонка ў жыцці парафіі і Нацыянальнага санктуарыя.

— Вядома, перадусім з ліквідацыі наступстваў. Дзякуй пажарным, якія не толькі патушылі агонь, але і знялі са скляпенняў цяжкую медзь згарэлага даху, не толькі ўратаваўшы касцёл з вагню, але і захаваўшы яго ад разбурэння. Дзякуй валанцёрам, з Мінска, з Вілейкі і з іншых мясцінаў, якія рэгулярна прыязджалі ў Будслаў, каб дапамагаць разбіраць абгарэлыя канструкцыі.

Асноўнай мэтай пасля пажару стала «ажыўленне» касцёла: святыня зачынена, абраз Маці Божай вывезены, званы маўчаць… Яшчэ ў верасні 2020 года пачалася рэстаўрацыя вежавага гадзінніка, таму адразу пасля пажару рэстаўратары прыспешылі працу, і ўжо ў чэрвені гадзіннік пачаў працаваць, адмяраючы новы час: час аднаўлення.

Паколькі было вядома, што прынамсі да кастрычніка касцёл будзе зачынены, адразу пасля фэсту 2021 года абраз Маці Божай Будслаўскай быў перададзены рэстаўратарам, каб гэты час выкарыстаць на яго аднаўленне. 10 кастрычніка, калі дах быў ужо завершаны, цудадзейны абраз Маці Божай быў вернуты ў галоўны алтар касцёла. Заставалася толькі пытанне адкрыцця святыні для малітвы, бо ўвесь гэты час мы з парафіянамі маліліся ў суседнім будынку, прыстасаваўшы яго пад капліцу.

У снежні 2021 года, пасля дадатковага абследвання, адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях Мінаблвыканкама, на якім было прынята рашэнне аб часовым дазволе на эксплуатацыю касцёла з абмежаваннямі на прабыванне людей у некаторых яго частках. 24 снежня 2021 года мы святкавалі Пастэрку Нараджэння Пана ў святыні.

— Адразу пасля пажару па ўсёй краіне распачаўся збор сродкаў на аднаўленне касцёла. Колькі грошай удалося сабраць, і што за іх ужо атрымалася зрабіць?

— Так, салідарнасць, асабліва ў першыя месяцы пасля пажару, была неверагодная: сродкі на аднаўленне святыні пералічвалі і арганізацыі, і простыя людзі.

Вядома, вядзецца дакладны ўлік усіх ахвяраванняў і выдаткаў. Усяго з 11 мая 2021 года да 1 красавіка 2024 года на аднаўленне касцёла было атрымана 1.493.852 рублёў. Гэтымі сродкамі былі аплочаны наступныя працы: інжынернае абследаванне (42.243 руб.), праектныя працы на дах і ўмацаванне купала (75.200 руб.), выраб і мантаж часовага даху (1.116.884 руб.), маніторынг стану канструкцый касцёла (84.000 руб.), комплексныя навуковыя даследаванні (103.381 руб.), працы па ўмацаванні купала (109.815 руб.), аванс за праект рэстаўрацыі касцёла (35.069 руб.).

Такім чынам, агульныя выдаткі за гэты час склалі 1.566.592 рублёў.

— Сродкі працягваюць паступаць, ці парафія ў Будславе вымушана штосьці рабіць за свой кошт?

— Фактычна за апошнія два гады ахвяраванняў, прызначаных непасрэдна на аднаўленне базылікі, было каля 76 тыс. рублёў, якія ў большасці пайшлі на аплату маніторынгу стану касцёла і справы, звязаныя з электразабеспячэннем. Усе іншыя працы аплачваюцца з «агульных» ахвяраванняў.

Найбольш складаная сітуацыя з фінансаваннем праектных прац, агульны кошт якіх складае амаль 450 тыс. рублёў.

Для паскарэння прац і размеркавання аплаты ў часе праект быў падзелены на 4 чаргі: крыпта (38.645 руб.), дах (згарэўшая частка, 92.787 руб.), фасады і «ніжні» дах (170.090 руб.), інтэр’еры і ўмацаванне канструкцый (105.564 руб.). Праектна-каштарысную дакументацыю першай чаргі рыхтуем для праходжання экспертызы, другой чаргі плануем падаць у жніўні 2024 года. Завяршэнне праектных прац трэцяй чаргі плануецца ў ліпені 2025 года, чацвёртай — у сакавіку 2026 года, пры наяўнасці фінансавання.

— Ці ў ходзе прац былі выяўлены яшчэ нейкія праблемы, што ўзніклі ў выніку пажару, якіх не было відаць адразу?

— Не. Усе праблемныя месцы былі выяўлены ў інжынерным абследванні. Самым праблемным месцам быў купал касцёла: яго стан пасля пажару быў ацэнены як перадаварыйны. Падчас мантажных прац даху была зроблена «страхоўка» купала — канструкцыя, якая павінна прадухіліць разбурэнне яго канструкцый. Нават калі ў снежні 2021 года быў атрыманы дазвол на часовую эксплуатацыю святыні, частка пад купалам была закрыта.

У маі–чэрвені 2022 года былі праведзены працы па ўмацаванні канструкцый купала згодна з падрыхтаваным праектам. Падчас абследвання была выяўлена праблема з кроквавай сістэмай «ніжніх» дахаў, перадусім над «старым» касцёлам, што прывяло да яго закрыцця да замены гэтай часткі даху і неабходнасці ачышчаць яго ад снегу пры таўшчыні снежнага покрыва больш за 10 см.

Вялікую занепакоенасць выклікалі шчыліны ў сценах святыні: інжынеры выявілі малую глыбіню залягання падмурку і ў адным месцы — размыццё грунту пад падмуркам (некаторыя звесткі ўказваюць, што з гэтым былі праблемы ўжо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ). Інструментальны маніторынг паказаў, што шчыліны сезонна раскрываюцца і закрываюцца, але наогул за год іх раскрыццё цалкам нівелюецца, або складае 0 мм.

Такім чынам, наступствы пажару пацягнулі за сабой неабходнасць правядзення і іншых незаплавнаваных прац, на якія таксама былі патрэбныя сродкі.

Гэта і ўкрыццё канструкцый касцёла да пачатку мантажных прац, каб захаваць іх ад непагадзі, і аднаўленне электрычнасці ў касцёле, і праца альпіністаў, якія займаліся пад’ёмам матэрыялаў, ачысткай ад снегу і іншымі працамі на вышыні, і праца рэстаўратараў, якія раскрылі стары жывапіс у купале, і яшчэ шмат іншага: усяго немагчыма пералічыць.

— Якую дапамогу аказала дзяржава ў справе аднаўлення касцёла?

— Перадусім гэта самаахвярная праца пажарных, якія цудоўна справіліся са складанай задачай.

У 2021 годзе на аднаўленне будслаўскай святыні былі пералічаны сродкі з суботніка. Плануецца пасля завяршэння паасобных чэргаў праектавання ўносіць каштарысы ў абласныя і рэспубліканскія інвестыцыйныя праграмы.

Парафія пастаянна трымае сувязь з прадстаўнікамі розных дзяржаўных устаноў і органаў улады, зацікаўленых у хутчэйшым аднаўленне касцёла. Прадстаўнікі ўлады рознага ўзроўню, у тым ліку ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, не раз наведвалі Будслаў, каб непасрэдна трымаць сітуацыю пад кантролем, за што ім вялікі дзякуй.

Нельга не ўзгадаць і важкі ўнёсак Мінскага абласнога і Мядзельскага раённага выканаўчых камітэтаў у справу арганізацыі і правядзення Будслаўскага фэсту на працягу многіх гадоў.

Касцёльныя ўлады таксама падтрымліваюць нас. Важнай падзеяй стаў нечаканы візіт арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на наступны дзень пасля яго ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

— Парафіяльнае жыццё і дзейнасць санктуарыя ў Будславе яшчэ ў чымсьці абмежаваныя з-за наступстваў пажару?

— На дадзены момант не.

Мы молімся ў святыні; сюды, як і раней, прыбываюць шматлікія пілігрымы і турысты, тут адбываюцца розныя касцёльныя мерапрыемствы і сустрэчы.

Адзінае абмежаванне, якое засталося, датычыцца «старога» касцёла.

— Вядома, што падчас тушэння пажару на канструкцыі касцёла было выліта шмат вады. Наколькі вялікую шкоду гэта нанесла святыні, і ці паказчыкі вільготнасці ўжо ў норме?

— Апроч вады, якая выкарыстоўвалася для тушэння пажару, увесь наступны тыдзень ішлі дажджы: нават цяпер можна назіраць тыя месцы дзе вада цякла па сценах. Найбольшая праблема з вільготнасцю ўзнікла ў крыпце касцёла, дзе скляпенне было пакрыта кроплямі вады.

Для памяншэння вільготнасці былі адкрытыя ўсе вокны і дзверы ў крыпце. Заставалася пытанне, як захаваць скляпенне касцёла ад далейшага намакання. Пасля кансультацый з інжынерамі было прынята рашэнне зрабіць адмысловую канструкцыю ў выглядзе конуса, якая б збірала ваду і праз сістэму труб адводзіла яе па-за касцёл. Гэтыя працы былі праведзеныя ў чэрвені 2021 года.

На шчасце, першая палова лета 2021 года была даволі сухая, і дзякуючы гэтаму большая частка канструкцый касцёла падсохла. Новыя праблемы з вільготнасцю ўзніклі ўжо падчас мантажных прац, калі пачаліся моцныя дажджы, а ўжо змантаваная частка даху не забяспечвала дастатковай цыркуляцыі паветра, што прывяло да значнага увільгатнення сцен і скляпенняў: менавіта ў гэты час на іх з’явіліся водарасці.

Хоць цяпер здаецца, што сцены прасохлі, але канчаткова гэты працэс скончыцца толькі у сярэдзіне 2030-х гадоў, паколькі сцяна высыхае на 10–15 см глыбіні ў год, а месцамі сцены маюць таўшчыню да 4-х метраў.

— Якія працы выконваюцца ў гэтым сезоне, што плануецца зрабіць у бліжэйшы час, і колькі на гэта спатрэбіцца сродкаў?

— Цяпер выконваюцца праектныя працы, наперадзе — праект і пачатак рэстаўрацыі алтара 1649 года. Думаем пра стварэнне экспазіцыі прысвечанай гісторыі нашай парафіі.

На жаль, не можам знайсці спонсараў на праектныя працы. Калі б прынамсі адна з чэргаў праекту была гатовая да канца 2023 года, то ўключэнне ў інвестыцыйныя праграмы магло б забяспечыць фінансаванне на гэты год.

Таму сёння сродкаў патрэбна яшчэ нямала, і мы ўдзячныя за кожнае ахвяраванне.

Найбольш аптымістычна выглядае справа рэстаўрацыі алтара і прасторы «старога» касцёла, для якога цяпер рыхтуем асобны праект. Плануецца, што значная частка прац будзе спансавацца ААТ «Савушкінпрадукт» і «мэтавымі» ахвяраваннямі вернікаў. Цалкам рэстаўрацыю гэтай часткі святыні плануем завяршыць за 5–6 гадоў. Першыя адрэстаўраваныя фігуры са славутага алтара можна будзе ўбачыць ужо ў ліпені гэтага года.

Абноўлена 12.05.2024 07:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа