Калі мы чуем імя Аляксандра Борджыа, часцей за ўсё перад намі ўзнікае вобраз карумпаванага, распуснага, прагнага да грошай і ўлады чалавека, наскрось прасякнутага інтрыганцтвам і самымі цяжкімі грахамі. На працягу апошніх праграм мы пачалі даведвацца, што гэта зусім не так. Крок за крокам, праз знаёмства з розным аспектамі жыцця Аляксандра VI, перад намі паўстае вобраз звычайнага манарха эпохі Сярэднявечча, якія меў шмат слабасцяў, але таксама і цнотаў. Італьяна-кубінскі даследчык гісторыі сям’і Борджыа Арэстэ Ферара казаў, што Папа Аляксандр VI “не быў ні містыкам, ні святым; ён меў усе цноты і хібы практычнага чалавека, які імкнуўся да поспеху і рэальнага, а не абстрактнага дабра”. Да гэтага дабра, дарэчы, адносілася таксама і дабро Касцёла, клопат пра якое займала важнае месца ў сэрцы Пантыфіка.
Яшчэ падчас канклава 1492 г. ён заявіў, што бачыць адной з галоўных задач, рэфармаванне духавенства і аддаленне Касцёла ад духу марнасці, які прасякнуў усе аспекты яго жыцця. Аляксандр VI стварыў шэраг прапаноў рэформы, а яе падрыхтоўку даверыў членам старой кардынальскай гвардыі, сярод якіх былі такія выдатныя постаці, як кардынал Алівьера Кафара, выдатны мецэнат і вайсковы дзеяч, і Франчэска Пікаламіні, будучы Папа Пій ІІІ.
Прапановы Пантыфіка былі даволі строгімі і прагрэсіўнымі для свайго часу: ён жадаў дэпалітызацыі касцёльных пасадаў, абмежавання колькасці сваякоў пры папскім двары, забароны на ахоту, наведванне прадстаўленняў і балоў для духавенства, уваходу цыркачоў і шутоў у кардынальскія палацы, абмежавання выдаткаў на ўрачыстыя пахаванні, дэмілітарызацыі папскай аховы, надання большай ролі адукаваным людзям у Рымскай Курыі.
Паводле нямецкага гісторыка Касцёла Губерта Едзіна, змены, запланаваныя Аляксандрам VI, былі “самай поўнай праграмай рэформы паміж Базэльскім (1431-1448) і V Латэранскім Саборамі (1512-1517). На жаль, задумы Аляксандра VI не былі рэалізаваны, у сувязі са складанай палітычнай сітуацыяй, але яны сталі зернем, якое прарасло падчас Трыдэнцкага Сабору.
Трэба адзначыць, што сам Папа Борджыа вёў параўнальна сціплы лад жыцця. Выдаткі на яго ўтрыманне складалі прыкладна 700 дукатаў у месяц, у той час як, напрыклад, расходы яго наступніка, Папы Юлія ІІ, перавышалі гэтую суму больш чым у 10 разоў. Гісторыкі адзначаюць, што Аляксандр VI не любіў раскошы. Ён піў мала віна і пры гэтым не асабліва клапаціўся пра яго якасць. Некаторыя даследчыкі апавядаюць, што многія заможныя людзі, будучы запрошанымі на абед да Пантыфіка, выдумвалі прычыны, каб не ісці, ведаючы, наколькі сціплыя пасілкі іх чакалі.
Аляксандр VI меў глыбокую пашану да Маці Божай і св. Ганны. Ён паспрыяў папулярызацыі марыйнага культу і ружанцовай малітвы, якая ў тую эпоху была яшчэ не вельмі распаўсюджанай. У Святы 1500 год ён выдаў загад, паводле якога ў Рыме павінны былі штодзённа біць усе званы, каб нагадваць вернікам аб неабходнасці маліцца ў інтэнцыі спынення турэцкай экспансіі. Аляксандр VI заклікаў вернікаў да частай эўхарыстычнай адарацыі і камуніі. З сабой ён насіў Цела Хрыста ў выглядзе эўхарыстычнага хлеба, кажучы: “Ідучы з Богам, усё праходзіць лепш”.
Трэба адзначыць, што Аляксандр VI актыўна падтрымаў рэформу Касцёла, пачатую іспанскай каралевай Ізабэлай. Ёй і яе сужонку Фердынанду ІІ Арагонскаму ён надаў тытулы “каталіцкіх каралёў”, у якасці падзякі за распаўсюджванне веры і вяртанне земляў, захопленых арабамі.
Адказваючы на нараканні, якія паступалі ў адрас вялікага інквізітара Тамаша Тарквемады, Пантыфік абмежаваў яго паўнамоцтвы. Ён зрабіў гэта вельмі дыпламатычна: Папа акружыў яго паўнамоцнымі прэлатамі, якія павінны былі стрымліваць запал інквізітара. Акрамя таго, Аляксандр VI прызначыў спецыяльнага прадстаўніка рымскай інквізіцыі для Іспаніі, біскупа Санчэса дэла Фуэнтэ, які стаў галоўным аўтарытэтам у пытаннях абароны веры, адсунуўшы скандальнага Тарквемаду на другі план.
Варта нагадаць, што Папа Борджыа перадаў іспанскім каралям паўнамоцтвы над новымі землямі, адкрытымі Калумбам, у замен на абяцанне евангелізаваць народы, якія там пражывалі. Менавіта Аляксандр VI сваімі буламі прызнаў індзейцаў дзецьмі Божымі, роўнымі з усімі іншымі людзьмі. Да гэтага карэнныя народы Амерыкі многімі не прызнаваліся за людзей. Аляксандр VI абавязаў Іспанію вучыць каталіцкай веры новыя народы. Падобныя прывілеі ён даў іспанскім манархам у адносінах да новых земляў, адкрытых у Афрыцы.
Французскі гісторык Жан Дзюмон сцвярджае, што рэформа манаскага жыцця ў Іспаніі таксама адбывался пры падтрымцы Папы Аляксанда VI. Ён захапляўся дзейнасцю благаслаўлёнай містычкі і стыгматычкі Лючыі Брокадэлі з Нарні, якую называў “вернай вучаніцай св. Кацярыны Сіенскай”, і дапамагаў святому Францішку з Паўлы – італьянскаму законніку, заснавальніку аднаго з жабрацкіх ордэнаў.
Асаблівай увагі заслугоўвае адкрытасць Пантыфіка на яўрэяў. Ён дазволіў прадстаўнікам выбранага народа сяліцца на тэрыторыі Папскай дзяржавы, пасля таго як у Іспаніі яны пачалі падвяргацца пераследу. Толькі ў Рыме знайшлі прытулак 8 тысяч яўрэяў, нягледзячы на пратэсты іх мясцовых адзінаверцаў.
Такім чынам, відавочна, што Аляксандра VI цікавіла не толькі ўлада і грошы, у адрозненне ад многіх іншых манархаў і баронаў тагачаснай Еўропы. Нягледзячы на свае слабасці, ён клапаціўся пра статак, давераны яму, і дабро Касцёла.
Аляксандр Панчанка