Напярэдадні Божага Нараджэння 1925 г., цягніком з Берліна ў Рым прыбыў Апостальскі нунцый у Германіі. Каля цэнтральнага вакзала ён сеў у фурманку і накіраваўся ў бок плошчы св. Пятра. Пад’ехаўшы да ватыканскай брамы каля Тэўтонскага калегіюма, арцыбіскуп падзякаваў фурману і прайшоў за сцены горада.
Па дарозе нунцый абдумваў тэму, якую хацеў абмеркаваць з кардыналам дзяржсакратаром Пьетро Гаспары. Яго мэтай было як мага ясней акрэсліць сітуацыю, што склалася ў Баварыі і была звязана з дзейнасцю маладой антыкаталіцкай партыі НСДАП, на чале якой стаяў Гітлер.
Дыпламат падрыхтаваў ліст да Святога Айца, у якім адзначаў, што члены
гэтай партыі падбухторваюць людзей супраць Касцёла, Пантыфіка і
дзейнасці манаскіх супольнасцяў. У якасці доказу нунцый прывёз некалькі
газет выдадзеных паслядоўнікамі Гітлера. Іх галоўны змест зводзіўся да
прапаганды супраць католікаў і яўрэяў. Арцыбіскуп лічыў неабходным
прыняць меры супраць фанатычнай, «вульгарнай і жорсткай» палітыкі, якая
захоплівала Германію. Імя гэтага нунцыя было Эўджэніо Пачэллі. У 1939
годзе, годзе распачацця ІІ Сусветнай вайны, ён быў абраны на пасад св.
Пятра і стаў вядомы ўсяму свету як папа Пій ХІІ. Аб ім пойдзе гаворка ў
нашай сённяшняй праграме.
У пасляваены час па ініцыятыве КДБ была створана легенда пад сакрэтнай назвай «Seat 12». Яе змест зводзіўся да дыскрэдытацыі Пія ХІІ, з дапамогай абвінавачванняў у антысемітызме і маўклівай падтрымцы злачынстваў Гітлера. Легенду падхапілі журналісты і пісьменнікі. Пію ХІІ былі прысвечаны дзясяткі кніг і тысячы артыкулаў, у якіх ён быў прадстаўлены як «Папа Гітлера».
Крытыкі Касцёла ставілі яму ў віну падпісанне канкардата з Гітлерам у 1933 г. У той час будучы Папа займаў пасаду Дзяржсакратара Яго Святасці Пія ХІ. Варта адзначыць, што ініцыятыва заключэння канкардата паходзіла менавіта ад Гітлера. Паводле яго прапаноў дзяржава абяцала Касцёлу магчымасць спакойна выконваць сваю місію, але пры ўмове, што католікі не будуць удзельнічаць у палітыцы.
Пантыфік апынуўся перад вельмі цяжкім выбарам — з аднаго боку, ён разумеў, што нацысцкая ідэалогія несумяшчальная з каталіцкім навучаннем, а з іншага было неабходна выратаваць тое, што яшчэ было магчыма. Менавіта з гэтай мэтай і быў заключаны канкардат. Папа згадзіўся на яго, а кардыналу Пачэллі не заставалася нічога, як толькі падпарадкавацца волі Пантыфіка.
Нягледзячы на гэта, іерарх працягваў выкрываць нечалавечнасць палітыкі Гітлера. Ён сустракаўся з дыпламатамі многіх краін і тлумачыў, што Пій ХІ не меў выбару, калі пайшоў на заключэнне дамовы з нацыстамі. У 1934 г. ён апублікаваў дакумент, у якім падверг жорсткай крытыцы расавую палітыку Рэйха.
28 красавіка 1935 г. у гаміліі да 10 тысяч пілігрымаў у Лурдзе ён упершыню публічна назваў нацысцкую ідэалогію памылковай і цалкам несумяшчальнай з каталіцкім навучаннем. Па ініцыятыве кардынала Пачэліі ў 1935 г. пачалася падрыхтоўка спецыяльнага дакумента, у якім асуджаліся асновы нацыянал-сацыялізму, расізму і таталітарызму. Культ дзяржавы і расавая тэорыя ў ім называліся псеўдарэлігіяй.
Гэты дакумент стаў асновай для энцыклікі Пія ХІ «Мit brennender Sorge», у якой ясна асуджалася нацысцкая ідэалогія. Пантыфік напісаў яе, абапіраючыся на парады кардынала Пачэллі, бо менавіта ён ведаў аб нацызме больш, чым многія яго сучаснікі. Энцыкліка «Мit brennender Sorge» была таемна надрукавана ў 12 нямецкіх друкарнях, а затым развезена ва ўсе парафіі Рэйха.
Часта пробашчы, баючыся рэжыму, захоўвалі гэты дакумент у самых надзейных месцах — табэрнакулюмах касцёлаў. Нарэшце 21 сакавіка 1937 г., у Пальмовую нядзелю, энцыкліка Папы была прачытана з амаль усіх амбонаў Германіі. Калі Гітлер даведаўся аб гэтым, ён загадаў тэрмінова канфіскаваць усе экзэмпляры дакумента, зачыніць каталіцкія друкарні, а іх супрацоўнікаў арыштаваць. Кожны пратэст Касцёла з таго часу сустракаўся з насіллем і пераследам з боку ўладаў. Менавіта такую спадчыну атрымаў кардынал Пачэллі, калі ў 1939 г. стаў Рымскім Пантыфікам.
Гітлер бачыў у ім свайго апанента. Ён нават не паслаў свайго спецыяльнага прадстаўніка на інаўгурацыю новага Папы. Міністр прапаганды Гебельс называў яго «хітрым і спрытным Папам-палітыкам» і заклікаў быць уважлівымі да яго.
Пій ХІІ ніколі не маўчаў адносна злоўжыванняў нацыстаў. У сваёй першай энцыкліцы «Summi pontificatus» ён падкрэсліваў адзінства чалавечай сям’і, асуджаў абагаўленне дзяржавы, расізм і таталітарызм. Тысячы экзэмпляраў гэтага дакумента на тэрыторыю Германіі скідвалі з англійскіх аэрапланаў, а моладзь з «Гітлерюгенда» была абавязана збіраць іх і знішчаць.
Папу абвінавачваюць у тым, што ён адкрыта не асудзіў Халакост. Аднак гэта няпраўда. Па-першае, Пій ХІІ не валодаў дакладнай інфармацыяй аб памерах масавых знішчэнняў яўрэяў. А па-другое, ён асуджаў знішчэнне «бязвінных людзей па прычыне іх нацыянальнасці ці расы» ў радыёпасланні на Божае нараджэнне 1942 г., агучаным дзякуючы Ватыканскаму радыё. Цікава будзе нагадаць, што першыя здымкі, якія пацвярджалі існаванне лагеру смерці «Аўшвіц», з’явіліся за пяць месяцаў да таго, як саюзнікі пачалі вызваленне яго вязняў. Узнікае пытанне: чаму ў той час, як у газавых камерах гінулі тысячы людзей, ваеннае камандаванне маўчала аб гэтым і вырашала іншыя стратэгічныя пытанні?
Адкрытая дапамога яўрэям была вельмі рызыкоўнай. Кожны крок у гэтым накірунку сустракаўся з рэпрэсіямі з боку нацыстаў, таму Папа дзейнічаў патаемна. Святы Айцец выступаў пасярэднікам паміж саюзнікамі і групай нямецкіх змоўшчыкаў, якія хацелі адхіліць Гітлера ад улады.
Папа заклікаў католікаў ва ўсім свеце дапамагаць яўрэям. Дзякуючы яго намаганням і кантактам многія яўрэі змаглі атрымаць візы ў краіны Лацінскай Амерыкі і ЗША, магчымасць хавацца ў каталіцкіх кляштарах і касцёльных будынках. Яўрэйскі гісторык Эміль Лапід адзначаў, што «Пій ХІІ, Апостальская Сталіца, нунцыятуры і ўвесь Каталіцкі Касцёл выратавалі каля 700–850 тысяч яўрэяў». Ізраільскія ўлады таксама прызналі асаблівы ўклад Пія ХІІ у дапамогу сваім суайчыннікам падчас вайны.
Такім чынам, мы бачым, што легенда аб маўчанні Пія ХІІ і надуманай падтрымцы Гітлера не мае ніякіх падстаў. Яна была выдумана для дыскрэдытацыі Касцёла і працягвае выкарыстоўвацца з гэтай мэтай сёння.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка