Пошук

08.08.2013 15:04  

Існуе такі міф: маўляў, Марцін Лютэр вырашыў разарваць адносіны з каталіцтвам пасля свайго падарожжа у Рым. Нібыта будучы рэфарматар быў настолькі негатыўна ўражаны распустай і злоўжываннямі, якія панавалі ў сэрцы Каталіцкага Касцёла, што больш не мог сябе атаясамліваць з ім. Ці сапраўды гэта так? Паспрабуем разабрацца ў гэтым сёння.

Марцін Лютэр наведаў Вечны горад нямногім больш за 500 гадоў таму – у часы Пантыфікату Юлія ІІ (1503-1513). Гэты Папа актыўна спрыяў таму, каб горад адкрыўся на культуру Адраджэння. Ён заснаваў Ватыканскія музеі, дзе была прадстаўлена вялікая калекцыя антычнай скульптуры. Па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва новай базылікі св. Пятра на Ватыканскім пагорку. Рафаэль працаваў над фрэскамі ў апартаментах Святога Айца, а Мікеланджэла штодзённа падымаўся па рыштаваннях Сіксцінскай капэлы.

Не менш увагі надавалася развіццю навукі. Была паскорана рэканструкцыя Рымскага ўніверсітэта, абноўлены метады выкладання – прафесары былі абавязаны абмяркоўваць са студэнтамі тэмы лекцый. З’явілася друкарня, у якой выдаваліся кнігі не толькі па-лацінску, але і па-яўрэйску і грэчаску. Шырокае распаўсюджанне атрымала духоўная літаратура. У Ватыканскай бібліятэцы ў той перыяд ужо налічвалася каля 4 тысяч выданняў. Па ініцыятве Папы ўдасканальвалася праца органаў мясцовага кіравання і ўзровень грамадскага парадку, паляпшалася сістэма дапамогі хворым і бедным.

Гаворачы пра духоўнае і маральнае жыццё Вечнага горада ў XVI ст., гісторыкі адзінадушна кажуць аб поўным пагружэнні вярхоў грамадства і Касцёла ў свецкае жыццё: яны атачалі сябе непамернай раскошай, вялі амаральны і легкадумны лад жыцця. Многія святары і законнікі бралі з іх прыклад. Аднак варта задацца пытаннем: наколькі шырокімі былі колы, уцягнутыя ў гэтую дэградацыю, колькі людзей ёй заразілася?

І тут узнікаюць сумненні. Нам вядома, што менавіта ў гэты перыяд як ніколі шмат людзей прысвячалі сваё жыццё клопату пра бедных і хворых, адкрывалася велізарная колькасць кляштараў і рэлігійных брацтваў. У Італіі ў перыяд з 1503 па 1510 гг. жылі каля 20 чалавек, якія затым былі абвешчаны Касцёлам святымі. Адкуль маглі ўзнікнуць тыя шматлікія і годныя праявы святасці ў такім распусным грамадстве? У такой перспектыве Рым падаецца іншым, бо ніводзін святы не жыве ў поўнай ізаляцыі, у маральнай і рэлігійнай пустыні, ніякім чынам не кантактуючы з тым асяроддзем і месцам, з якога выйшаў і ў якім дае сваё сведчанне.

Адначасова трэба быць вельмі асцярожнымі ў адносінах да тагачасных гістарыяграфічных крыніц: часта крытыка Касцёла была перабольшана рэфармісцкай рыторыкай. Не трэба забывацца пра тое, што загана заўсёды крычыць, а дабрадзейнасць сціпла працуе.

Улічваючы вышэйсказанае, можна сцвердзіць, што Рым эпохі Адраджэння быў не такім ужо і нізкім і далёкім ад хрысціянства, як гэта хочуць прадставіць многія крытыкі. Побач са злом і грахом тут існавала сапраўдная святасць і дабрадзейнасць.

А якім убачыў Вечны горад сам Лютэр? На жаль, рэфарматар не вёў дзённіка і не дасылаў ніякіх лістоў з Італіі ў Германію. Большасць яго ўражанняў ад Вечнага горада ўтрымліваецца ў зборніку «Застольныя гутаркі». У ім вучнямі Лютэра былі запісаны тэксты яго разважанняў на розныя тэмы: пра жыццё, Касцёл, Біблію. Гэтую крыніцу трэба аналізаваць з вялікай увагай, таму што паміж падарожжам Лютэра ў Рым і «Застольнымі гутаркамі» прайшло 20-30 гадоў. Многія падзеі, пра якія казаў рэфарматар, да таго часу былі ім падзабыты, некаторыя былі запісаны недакладна, іншыя інтэрпрэтаваліся аднабакова. Не выключана, што Лютэр дзяліўся сваімі «ўспамінамі», каб падмацаваць свае ідэі і погляды.

Пра тое, што на самой справе адбывалася з Лютэрам паміж 1510 і 1511 гг., цяжка сказаць дакладна. Шукаць адказ на гэтае пытанне ў яго ўспамінах, якімі ён дзяліўся падчас пасілкаў, не мае сэнсу. Але можна быць упэўненымі, што Рым эпохі Адраджэння, з усімі яго маральнымі недасканаласцямі, не нанёс маладому законніку-ідэалісту такіх глыбокіх ран, якія маглі б падштурхнуць парваць адносіны з каталіцтвам.

Калі Лютэр вярнуўся ў Эрфурт, ён быў яшчэ дабрадзейным і верным аўгустыніянінам. Гэта пацвярджае шэраг сведчанняў, пакінутых ім самім.

У 1519 г., праз два гады пасля выдання сваіх знакамітых тэзісаў, Лютэр пісаў, што, нягледзячы на законную крытыку Рыма, «не можа існаваць падстаў настолькі сур’ёзных, каб выклікаць адыход ці аддзяленне ад гэтага Касцёла». Падобныя сцвярджэнні знаходзяцца ў яго каментарыі да Паслання да Галатаў – тым самым, у якім ён асуджаў гусітаў за іх разрыў з Рымскім Касцёлам.

У адным з казанняў 1516 г. ён тлумачыў: «Калі пайсці за ерэтыкамі, адзін з якіх сцвярджае, што яго вядзе Святы Дух, то было б столькі Цэркваў, колькі існуе кіраўнікоў. Таму Хрыстус захацеў, каб толькі адзін чалавек валодаў уладай. І умацаваў яго так, што ні сілы гэтага свету, ні сілы цемры нічога супраць яго зрабіць не змогуць».

Яшчэ ў 1518 г. Лютэр пісаў папу Льву Х: «Свяцейшы Ойча, кладуся каля Вашых ног і давяраю Вам усё, чым з’яўляюся і што маю... Хачу прызнаць Ваш голас, як голас Хрыста, які пануе і прамаўляе ў Вас».

І толькі праз год пасля гэтага яго рыторыка змянілася: ён стаў называць Рым «распусніцай», а Папу «антыхрыстам». Але ж незадоўга да гэтага ён выбіраў зусім іншыя словы. Вера Лютэра і яго вернасць Папу не зніклі ад выгляду «амаральнага» Рыма, а першыя словы аб «вавілонскай распусніцы» адносяцца да 1519 г. Ці не больш правільна лічыць, што канчатковы разрыў Марціна Лютэра з Рымам справакаваў не Рым, а жорсткія ўнутраныя канфлікты ў ім самім?

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка паводле «L'Osservatore Romano»

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.