Пошук

19.06.2013 10:38  

23 верасня 2011 г. адбылася ўнікальная гістарычная падзея — Рымскі Пантыфік наведаў будынак, у якім жыў, вучыўся і працаваў Марцін Лютэр. Гаворка ідзе пра візіт Бэнэдыкта XVI у былы аўгустыніянскі кляштар у Эрфурце. Менавіта тут у перыяд паміж 1501–1511 гг. будучы «айцец Рэфармацыі» правёў час свайго навуковага і духоўнага станаўлення: тут ён вывучаў тэалогію, прыняў святарскае пасвячэнне і цэлебраваў сваю першую святую Імшу. Будынак былога кляштара ў Эрфурце з’яўляецца важным месцам для гісторыі Рэфармацыі і, канешне, для кожнага лютэраніна і пратэстанта.

Папа накіраваўся сюды па запрашэнні прадстаўнікоў лютэранскай супольнасці Германіі ў рамках свайго апостальскага візіту ў гэтую краіну. Ён быў горача прывітаны мясцовымі рэлігійнымі лідарамі, а таксама меў магчымасць звярнуцца да іх з прамовай.

Канешне, падзея вылучалася сваёй унікальнасцю і была ў цэнтры ўвагі СМІ ва ўсім свеце. У сувязі з гэтым яшчэ напярэдадні многія журналісты і эксперты задаваліся пытаннем: што можа сказаць Папа Рымскі пра асобу Марціна Лютэра? Сапраўды, што каштоўнага для католіка ёсць у жыцці вядомага рэфарматара? Пра гэта мы пагаворым сёння.

Мы прызвычаіліся глядзець на Марціна Лютэра перш за ўсё праз прызму наступстваў рэлігійных падзей XVI ст., у выніку якіх, без сумненняў, наступіў самы глыбокі і балючы падзел паміж вызнаўцамі Хрыста за ўсю гісторыю хрысціянства. Канешне, можна шмат разважаць на гэтую тэму і ўздымаць многія пытанні, якія да сённяшняга дня застаюцца для католікаў і лютэран нявырашанымі. Але ў дадзеным кантэксце таксама важна паглядзець на тое, што нас аб’ядноўвае і з’яўляецца аднолькава важным для прадстаўнікоў усіх рэлігій і нават няверуючых. Менавіта так зрабіў Бэнэдыкт XVI.

Паводле Святога Айца, каштоўнымі для сучасных католікаў, перш за ўсё, з’яўляюцца некаторыя аспекты веры «айца Рэфармацыі». Пантыфік адзначаў, што сучасным вернікам не хапае такога прагнення пазнаваць і шукаць Бога, якое меў Марцін Лютэр. Для апошняга гэты пошук быў лейтматывам усяго жыцця і тым, што не давала яму спакою.

«„Як мне знайсці міласэрнага Бога?“ — гэтае пытанне прасякала яго сэрца і было ўнутры кожнага яго тэалагічнага пошуку і кожнага ўнутранага змагання», – казаў Бэнэдыкт XVI і дадаваў, што «для Лютэра тэалогія не была проста навуковай праблемай, але ўнутранай барацьбой з самім сабой».

Святы Айцец адзначаў, што пошук «міласэрнага Бога» быў натхняючай сілай для Лютэра. «Хто сёння турбуецца гэтым, нават сярод хрысціян?», «якое месца пытанне аб Богу займае ў нашым жыцці?» — пытаўся Бэнэдыкт XVI. Пантыфік з жалем адзначаў, што сёння тое, што так турбавала Лютэра, для многіх хрысціян не ўяўляе вялікай значнасці і часта не хвалюе іх.

Папа падкрэсліваў, што Марцін Лютэр шукаў Бога, які можа па-сапраўднаму прабачыць усе правіны. Паводле Бэнэдыкта XVI, сёння большасць сучасных хрысціян у глыбіні душы лічыць, што Бог не цікавіцца нашымі «маленькімі правінамі» і цнотамі і ігнаруе іх. «Але ці нашы правіны па-сапраўднаму такія малыя?» — пытаўся Пантыфік. Ці з’яўляюцца малымі правінамі «карупцыя», «наркотыкі», «панаванне грошай», «прагнасць асалодаў», «насілле, якое апраўдваецца рэлігійнай прыналежнасцю? Ці не быў спустошаны свет у выніку правінаў “вялікіх” і “малых”, якія шукаюць толькі ўласнай карысці? (...) Зло не было б такім магутным, калі б у рэальнасці мы адводзілі Богу самае галоўнае месца ў нашым жыцці», — казаў Святы Айцец.

Паводле Бэнэдыкта XVI, сёння важна, каб кожны задаў сабе пытанні, якія ставіў Марцін Лютэр: як Бог адносіцца да мяне? Якім я прадстаю перад Богам? «Гэтае пастаяннае пытанне Лютэра павінна стаць нанава, канешне, у новай форме, таксама і нашым пытаннем», — сказаў Папа і дадаў, што на яго погляд «гэта першае, што нам варта адчуць пры сустрэчы з Марцінам Лютэрам».

Таксама Папа адзначаў, што духоўнасць Лютэра была глыбока хрыстацэнтрычнай. «Тое, што кажа на карысць Хрыста, было для яго рашаючым герменеўтычным крытэрыем пры інтэрпрэтацыі Святога Пісання», — падкрэсліваў Пантыфік. Паводле Бэнэдыкта XVI, таксама і для нас Хрыстус павінен быць у цэнтры духоўнасці, а любоў да Яго, супольнае жыццё з Ім павінны кіраваць нашым жыццём.

У сувязі з вышэй сказаным могуць узнікнуць пытанні: што азначае ўсё гэта для сучаснай экуменічнай сітуацыі? Ці не з’яўляецца ўсё гэта толькі спробай з дапамогай словаў схаваць тэрміновыя праблемы, якія чакаюць практычнага вырашэння і канкрэтных вынікаў? Канешне, не! Паводле Бэнэдыкта XVI, у развіцці экуменізму самым важным з’яўляецца тое, каб перад абліччам секулярызацыі мы не згубілі супольныя «вялікія рэчы, якія самі ў сабе робяць нас хрысціянамі і былі нам даручаны, як дар і заданне». Папа назваў «„памылкай канфесійнай эпохі“ пошук таго, што дзеліць, а не ўсведамленне таго, што маем супольнае». Пытанні, якія ставіў перад сабой Лютэр, якраз і з’яўляюцца тым супольным, што датычыцца і лютэран, і католікаў.

Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа