Пошук

12.06.2013 11:23  

Для многіх людзей застаецца загадкай навучанне Каталіцкага Касцёла пра чысцец. Часта ўзнікаюць пытанні, што гэта такое і адкуль паходзяць веды пра яго існаванне. Адны лічаць чысцец асобным месцам, на падабенства таго, якое прадставіў у сваёй «Боскай камедыі» Дантэ Аліг’еры, другія лічаць яго праклёнам ці пакараннем, трэція бачаць у ім усяго толькі неабгрунтаваную выдумку, падставаў для якой у Святым Пісанні няма.

Трэба адзначыць, што сапраўды, у Бібліі не знойдзеш самога слова «чысцец», бо гэта тэалагічны тэрмін, які быў уведзены пазней, але казаць, што ў Святым Пісанні няма ўспамінаў пра яго – няправільна. Дагмат пра чысцец быў прыняты галоўным чынам на Ферара-Фларэнтыйскім і Трыдэнцкім Саборах (XV-XVI cтст.) на падставе касцёльнай традыцыі, якая ў сваю чаргу спасылаецца на некаторыя тэксты Святога Пісання. Аб іх мы пагаворым сёння.

Па-першае, трэба адзначыць, што Касцёл называе чыстцам стан, у які трапляюць тыя, хто памірае ў сяброўстве з Богам, але мае ўсё ж патрэбу ў ачышчэнні дзеля таго, каб атрымаць святасць, неабходную для ўваходу ў нябеснае шчасце. Гэта не канкрэтнае месца, але менавіта часовы стан, у які душа чалавека, які не меў цяжкіх грахоў, трапляе пасля смерці і праходзіць ачышчэнне, неабходнае, каб атрымаць радасць прабывання побач з Богам. Таксама гэта не праклён і не пакаранне. Чысцец дае душы чалавека магчымасць дасягнуць нябеснага шчасця.

Нягледзячы на тое, што дагмат пра чысцец быў канчаткова зацверджаны толькі ў XVI ст., вера ў магчымасць ачышчэння ад грахоў пасля смерці прысутнічала ў Касцёле ад самага пачатку.

Ужо некаторыя Айцы Касцёла, як напрыклад св. Кіпрыян, які памёр у 258 г., падтрымлівалі навучанне аб існаванні чысца, абапіраючыся на словы Езуса, запісаныя ў Евангеллі паводле Мацвея: «Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош» (пар. Мц 5, 25-26).

Святы Кіпрыян сцвярджаў, што для памерлых вернікаў, асабліва для мучанікаў, збаўленне наступае адразу пасля смерці. Таксама ён казаў пра тое, што тыя, хто памірае ў цяжкім граху, адразу трапляюць у пекла. З гэтым было ўсё зразумела. Але ён думаў таксама пры тых вернікаў, якія падчас ганенняў адмаўляліся ад веры, але потым шкадавалі за гэта і каяліся. Паколькі некаторыя з іх паміралі, да канца не адкупіўшы свой грэх (у тыя часы напачатку вернікі павінны былі чыніць доўгі жаль за грахі і толькі пасля гэтага маглі прымірыцца з Касцёлам), ён сцвярджаў, што для такіх людзей існавала магчымасць працягнуць ачышчэнне пасля смерці – а менавіта ў чыстцы.

У Евангеллі ёсць яшчэ адно ўказанне на існаванне чыстца – калі Езус кажа пра грэх, які не будзе прабачаны «ні ў гэтым, ні ў будучым веку» (пар. Мц 12, 32). Гэтыя словы сведчаць пра тое, што некаторыя грахі могуць быць прабачаны таксама і пасля смерці. Паводле навучання Касцёла, гэта адбываецца менавіта ў чыстцы.

Акрамя Евангелляў, у іншых частках Святога Пісання ёсць указанні пра існаванне таго, што мы называем чысцец. Напрыклад, св. Павел піша: «Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус. А ці будуе хтосьці на гэтым падмурку з золата, срэбра, дарагіх каменняў, дрэва, сена, саломы, пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь выпрабуе справу кожнага, якая яна. Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той атрымае ўзнагароду. А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але як бы праз агонь» (пар. 1 Кар 3, 10-15). У гэтым фрагменце Апостал Народаў кажа пра ачышчальны агонь, які адкрывае шлях да збаўлення. Хоць тут і не гаворыцца прама пра чысцец, тым не менш менавіта з апорай на дадзены фрагмент Касцёл пачаў развіваць сваё навучанне на гэтую тэму.

Нарэшце, яшчэ адно ўказанне на існаванне чыстца ўтрымліваецца ў старазапаветнай Другой Кнізе Макабэяў. Там гаворка ідзе пра загінуўшых падчас бітвы войнаў, за якіх узносілася ахвяра і малітва: «Таму прынёс (Юда Макабэй) за памерлых ахвяру ўміласціўлення, каб ачысціліся ад граху» (пар. 2 Мак 12,46). Гэты фрагмент зноў жа ўказвае на існаванне магчымасці маліцца за душы памерлых, якія могуць «ачысціцца ад граху». Калі б яны прабывалі ў пекле, малітвай мы б ім ужо не дапамаглі, а калі на Небе – то малітвы ім ужо былі б не патрэбны. З гэтага вынікае, што душы памерлых, якія прабывалі ў сяброўстве з Богам, трапляюць у часовы, прамежкавы стан ачышчэння, які мы называем чыстцам. Такім чынам, можна ўбачыць, што навучанне Касцёла пра чысцец не з’яўляецца неабгрунтаванай выдумкай, але абапіраецца на тэксты Святога Пісання.

Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця