Пошук

21.05.2013 22:08  

Адным з распаўсюджаных элементаў сучаснай культуры з’яўляецца вера ў астралогію. Большасць газет, тэлеканалаў і радыёстанцый абавязкова пакідаюць у сваім штодзённым раскладзе месца на тое, каб пазнаёміць аўдыторыю з «парадамі зорак». Часта нават ад ахрышчаных людзей можна пачуць, што «ў гараскопах няма нічога кепскага». Здараецца, што астралогію змешваюць з хрысціянствам і кажуць: раз Бог стварыў зоркі, значыць надзяліў іх уладай уплываць на паводзіны і лёс чалавека. Аднак Касцёл заўсёды рашуча асуджаў і працягвае асуджаць гараскопы. Чаму? Адказаць на гэтае пытанне мы паспрабуем сёння.

Па-першае, трэба адзначыць, што гараскопы, якія належаць да сферы астралогіі, не маюць нічога супольнага з навукай і навуковымі метадамі. Навукай з’яўляецца астраномія. Яна вывучае палажэнне, рух, структуру, паходжанне і развіццё нябесных целаў і створаных імі сістэмаў. Астранамічная абсерваторыя ёсць нават у Ватыкане. У сваю чаргу, астралогія — гэта «група прадказальных практык», якія прэтэндуюць на вывучэнне ўплыву нябесных целаў на чалавека, вызначэнне рысаў яго характару, рашэнняў і ўчынкаў, а таксама гістарычныя падзеі. Яна зарадзілася ў старажытнай Вавілоніі, а адтуль распаўсюдзілася ў Персію, Індыю, Кітай, Грэцыю і Рым. Астралогія звязана з язычніцкім фаталізмам — верай у тое, што нябесныя стварэнні ў стане вырашаць за чалавека яго ўласны лёс.

Трэба адзначыць, што Касцёл асуджаў астралогію з самага пачатку свайго існавання. Таледскі Сабор пастанавіў, што «калі нехта думае, што можна верыць астралогіі, таму будзе анафема». Сабор казаў пра распаўсюджаную ў тыя часы ментальнасць, паводле якой крыніцай чалавечых ўчынкаў лічыліся зоркі, а ў канчатковым рахунку — Бог. Гэтым адмаўлялася свабода чалавека. Святы Аўгустын пісаў з гэтай нагоды: «Астролагі прымушаюць нас паверыць у тое, што на небе знаходзіцца непазбежная прычына граху: будзь тое Венера, Сатурн ці Марс — якія нас прымусілі зрабіць тое ці іншае, каб апраўдаць чалавека (...) і абвінаваціць Таго, хто стварыў і трымае неба і зоркі».

Святы Аўгустын таксама казаў: «Трэба прызнаць, што калі астролагі кажуць праўду, то гэта адбываецца пад акультным уплывам, якому падвяргаюцца чалавечыя душы, не асэнсоўваючы гэтага. І паколькі гэта адбывацца з мэтай падману людзей, то дзеянне гэтае паходзіць ад нячыстых духаў і спакусіцеляў, якім дазволена мець некаторыя веды аб зямных рэчах. Вось чаму добры хрысціянін павінен пазбягаць астролагаў і ўсіх, хто прыбягае да мастацтва прадбачання, асабліва калі прадказваюць праўду: каб яны не спакусілі душу праз кантакты са злымі і згоду з імі».

Трэба адзначыць, што сапраўды нябесныя целы, асабліва Луна, маюць пэўны ўплыў на прыроду (дастаткова падумаць аб тым, наколькі важныя фазы Луны для земляробаў, калі яны збіраюцца на жніво ці пераліваюць віно). Нябесныя целы, разам з іншымі метэаралагічнымі фактарамі, могуць уплываць на настрой чалавека. Але яны, паводле св. Тамаша Аквінскага, «не могуць прама ўплываць на розум і волю». «Чалавек валодае здольнасцю суджэння і разважання аб тым, што можа зрабіць, — і гэта тычыцца як выкарыстання рэчаў, так і таго, падтрымліваць ці адмаўляцца ад унутраных жарсцяў. Гэта было б бессэнсоўным, калі б наша воля залежала ад зорак і не была пад нашай уладай. Такім чынам, зоркі не могуць быць прычынай рашэнняў нашай волі», — падкрэсліваў Аквінат.

Астралогія, якая прэтэндуе на навуковасць, на самой справе няздольная стварыць індывідуальны гараскоп для кожнага асобнага чалавека. Стан зорак для тых, хто нарадзіўся ў прыблізна адзін і той жа час, супадае. Атрымліваецца, што для гэтых людзей гараскоп, а значыць іх лёс, таксама з’яўляюцца аднолькавымі? Дзясяткі людзей валодаюць тым жа гараскопам, што Напалеон, Гётэ і Гандзі, але нельга сказаць, што ўсе яны валодалі адным лёсам і характарам.

Гараскоп — гэта адна з самых папулярных формаў астралогіі. Для многіх гэта не што іншае, як гульня ці мода. Для іншых — жыццёвы компас. На жаль, яны прымаюць свае рашэнні ў залежнасці ад чытання знакаў задыяка.

Часцей за ўсё гараскопамі захапляюцца людзі далёкія ад Касцёла, якія не вераць у Бога і не практыкуюць якой-небудзь рэлігіі. Менавіта аб іх пісаў св. Павел: «Называючы сябе мудрымі, яны сталі неразумнымі» (Рым 1, 22).

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла асуджае астралогію, падкрэсліваючы, што яна супярэчыць веры ў абсалютнае панаванне Бога над нашым жыццём. У сувязі з гэтым Касцёл заклікае «адкінуць любыя формы варажбы», не практыкаваць выклікання памерлых і іншых метадаў, якія нібыта «адкрываюць» будучыню. «Зварот да гараскопаў, астралогіі, хірамантыі, тлумачэння знакаў і лёсаў, феномену прадбачання, зварот да медыумаў – хаваюць за сабой жаданне атрымаць уладу над часам, над гісторыяй, і ў канчатковым рахунку над чалавекам, і адначасова імкненне зрабіць блізкімі сябе нейкія акультныя сілы», — гаворыцца ў Катэхізісе.

Адначасова адзначаецца, што «Бог можа адкрыць будучыню сваім прарокам ці іншым святым. Тым не менш справядлівыя хрысціянскія паводзіны заключаюцца ў тым, каб з даверам аддаваць сябе ў рукі Провіду ў тым, што тычыцца будучыні, і адмовіцца ад усялякай нездаровай цікаўнасці з гэтай нагоды».

Той факт, што часам прадказанні спаўняюцца, не азначае, што выкарыстаны метад сам па сабе з’яўляецца добрым. Святы Павел пісаў што сатана можа апрануцца ў анёла святла. Карыстацца паслугай астролагаў, ведаючы, што Бог і Касцёл гэта асуджаюць, азначае давяраць сваё жыццё іншым сілам, якія не паходзяць ад Бога.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка паводле www.amicidominicane.it

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.