Адной з самых вядомых у свеце каталіцкіх святых з’яўляецца французская дзяўчына, якая жыла ў эпоху позняга сярэднявечча і прыклала вялікія намаганні для вызвалення сваёй айчыны ад замежных захопнікаў. Гаворка ідзе пра Жанну Д’Арк. Многімі, аднак, ставіцца пад сумненне дарэчнасць яе кананізацыі: маўляў, як Касцёл мог абвясціць святым чалавека, які кіраваў войскам і заклікаў змагацца супраць іншых людзей? А як жа запаведзь «не забівай»?
Гаворачы пра св. Жанну Д’Арк, часцей за ўсё ўвага звяртаецца на гістарычную ролю ў жыцці сярэднявечнай Францыі. Таму сёння яе вобраз часта выкарыстоўваецца для розных палітычных ці нацыяналістычных спекуляцый. Ёсць і іншыя крайнасці — у некаторых мастацкіх творах яна прадстаўляецца ў выглядзе чалавека фанатычнага і неталерантнага, для якога вера была апраўданнем насілля. Канешне, абодва такія погляды не маюць нічога супольнага з рэчаіснасцю.
На пачатку трэба адзначыць, што св. Жанна Д’Арк жыла ў эпоху, калі барацьба з насіллем ажыццяўлялася з дапамогай насілля, і іншых шляхоў для гэтага не існавала. Выкарыстанне насілля дзеля абароны разглядалася як нешта нармальнае. Аднак, нягледзячы на агульнапрынятую ментальнасць, Жанна Д’Арк была перш за ўсё чалавекам міру, чалавекам, які не любіў вайны і прагнуў спакою і справядлівасці для свайго народа.
У пацвярджэнне адданасці св. Жанны Д’Арк ідэалам міру гавораць факты, занатаваныя ў дзвюх галоўных крыніцах: першая — гэта дакументы з яе абвінаваўчага судовага працэсу, а другая — з рэабілітацыйнага.
Дык вось, у зборніку абвінаваўчых дакументаў адзначаецца, што яшчэ на самым пачатку сваёй вызваленчай місіі Жанна напісала ліст да англійскага караля і французскіх вайскоўцаў. У ім яна прапанавала заключыць «сапраўдны мір у справядлівасці паміж двума хрысціянскімі народамі, у імя Езуса і Марыі». Але прапанова была адхілена. Толькі пасля гэтага Жанна Д’Арк пачала вызваленчую справу.
У тую эпоху яе народ апынуўся перад абліччам вялікай несправядлівасці, якая заключалася ў акупацыі, забойствах і марадзёрстве, што чынілі на яе тэрыторыі захопнікі. Сваю місію Жанна бачыла ў вызваленні Францыі і аднаўленні спакойнага жыцця. Такім чынам, для яе галоўнай мэтай было не забойства англічан, але дасягненне міру. Такога правіла яна прытрымлівалася сама і заклікала да яго сваіх салдат.
Для кожнага католіка гэтая святая з’яўляецца перш за ўсё прыкладам глыбокай веры, паслухмянасці волі Бога і любові да людзей і Касцёла. Усё яе жыццё — гэта ўзор сапраўднага хрысціянскага жыцця. Жанна нарадзілася ў беднай сялянскай сем’і, якая не магла даць ёй добрай свецкай адукацыі, але дзякуючы прыкладу бацькоў яна атрымала моцную веру і навучылася любіць бедных і патрабуючых.
Вядома, што яшчэ ва ўзросце 13 гадоў яна атрымала свой першы містычны досвед. Праз голас арханёла Міхала пачула пакліканне ўмацаваць сваё хрысціянскае жыццё і прычыніцца да вызвалення ўласнага народа. Будучая святая адразу адказала «так» і паабяцала Богу жыццё ў чысціні і малітве. Яна амаль штодзённа прымала ўдзел у св. Імшы, часта прыступала да споведзі і камуніі, падоўгу малілася перад крыжам і выявай Марыі.
Менавіта ад такога глыбокага асабістага кантакту з Хрыстом нарадзілася яе імкненне да палітычнай дзейнасці. На гэтую сувязь паміж верай і грамадскай адказнасцю звяртаў увагу Бэнэдыкт XVI у адной з катэхез, прысвечаных Жанне Д’Арк. «Пасля гадоў схаванага жыцця і ўнутранага сталення наступіў кароткі, але насычаны двухгадовы перыяд публічнага жыцця: год дзейнасці і год пакут», — падкрэсліў тады Папа.
Шматлікія сведчанні пацвярджаюць, што разам з вызваленчай дзейнасцю св. Жанна вяла сапраўдную евангелізацыйную місію сярод салдат. Захавалася вялікая колькасць успамінаў аб яе дабрыні, адвазе і любові да цялеснай чысціні. Вайскоўцы называлі яе не інакш як «паннай». Яе вера была сапраўднай і сталай і, канешне, не мела нічога супольнага з фундаменталізмам. Святая любіла не толькі сваіх бліжніх, але і ворагаў. У яе жыццяпісах распавядаецца, што яна плакала як над ранамі французаў, так і англічан.
23 мая 1430 г. пачаўся час яе пакут. Яна патрапіла ў палон да сваіх ворагаў, а пасля доўгага і драматычнага перыяду была прызнана вінаватай у ерасі і асуджана на спаленне на кастры. Суддзі ўжо загадзя мелі негатыўнае стаўленне да яе. Бэнэдыкт XVI адзначаў, што яны былі «тэолагамі, якім не хапала любові і пакоры, каб убачыць ва ўчынках гэтай маладой дзяўчыны дзеянне Бога». «Суддзі Жанны былі радыкальна няздольныя зразумець яе, убачыць прыгажосць яе душы: не ведалі, што асуджаюць святую», — казаў Папа ў сваёй катэхезе.
Нягледзячы на несправядлівае асуджэнне з боку прадстаўнікоў Касцёла, Жанна Д’Арк да апошняга моманту заставалася вернай Хрысту. Яна памірала, углядаючыся ў крыж, які перад ёй трымаў адзін са святароў, а на яе вуснах было імя Езуса. Яно было «подыхам яе душы, стукам сэрца і цэнтрам яе жыцця», як сказаў Бэнэдыкт XVI.
Яе рэабілітацыя адбылася праз некалькі гадоў пасля асуджэння. У 1909 г. яна была абвешчана благаслаўлёнай, а ў 1920 г. — святой. Імя Жанны Д’Арк вельмі часта ўзгадваецца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла. Яна з’яўляецца прыкладам свецкага верніка, глыбока ўключанага ў гістарычныя буры свайго часу. Сучасным людзям Жанна Д’Арк указвае на неабходнасць глыбокіх і асабістых адносін з Хрыстом, важную ролю малітвы і сакрамэнтальнага жыцця, якія дапамагаюць ў грамадскай і палітычнай дзейнасці, спрыяюць справядлівасці і міру паміж народамі.
Аляксандр Панчанка