Пошук

20.02.2013 12:17  

У першай палове сакавіка каталіцкі свет чакае важная падзея — абранне новага Папы. Паводле прадугледжаных правілаў, канклаў павінен пачацца не раней за 15 і не пазней за 20 дзён з моманту абвяшчэння Пасаду св. Пятра вакантным. Аднак, у сувязі з тым, што Бэнэдыкт XVI загадзя паведаміў аб сваім рашэнні, гэты канклаў зможа пачацца раней. Яго ўдзельнікі маюць магчымасць загадзя прыбыць у Рым і таму, паводле кіраўніка Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, «няма сэнсу чакаць» заканчэння прадугледжанага тэрміну.

Канклаў — гэта падзея, якая прываблівае ўвагу людзей незалежна ад іх веравызнання ці поглядаў на жыццё. Ужо зараз можна назіраць вялікі ажыятаж вакол гэтай падзеі: у Рыме на бліжэйшых да Ватыкана вуліцах і дахах дамоў ужо тыдзень як стаяць камеры тэлевізійных кампаній з усяго свету; часопісы і газеты амаль штодзённа змяшчаюць на сваіх старонках каментарыі і прагнозы. Часта прыгадваюцца таксама і некаторыя гісторыі, звязаныя з абраннем Папы. Сёння мы таксама пагаворым пра канклавы і некаторыя цікавыя моманты, з імі звязаныя.

Першыя выбары Пантыфіка «за закрытымі дзвярыма» адбыліся ў 1198 г. Тады кардыналы самі пажадалі схавацца ад свету ў будынку аднаго з кляштараў для абрання новага Папы. Але само слова «канклаў» узнікла ў сувязі з іншай падзеяй. Каб узгадаць аб ёй, неабходна перанесціся ў 1268 г., у невялікі горад Вітэрба, які знаходзіцца ў 82 кіламетрах ад Рыма. Менавіта тут, пасля смерці Клімента IV, кардыналы сабраліся для выбараў новага Папы. Аднак на працягу 19 месяцаў перыяду «sede vacante» яны ніяк не маглі пагадзіцца адносна яго кандыдатуры. Каб паскорыць гэты працэс, жыхары горада зачынілі выбаршчыкаў на ключ у біскупскім палацы. Адсюль і з’явілася назва «канклаў», што ў перакладзе з лацінскага «cum clave» азначае «зачыненыя на ключ». Выбары Папы тады працягваліся 2 гады і 9 месяцаў, а скончыліся абраннем на Пасад св. Пятра Грыгорыя Х. Менавіта ён у 1274 г. упершыню ўжыў слова «канклаў» у Апостальскай канстытуцыі «Ubi periculum».

Цікава таксама адзначыць, што канклаў не заўсёды праходзіў у такім выглядзе, як гэта адбываецца зараз. Напрыклад, у першыя гады хрысціянства выбары новага Пантыфіка здзяйсняла хрысціянская супольнасць Рыма. Праз некалькі стагоддзяў гэтае права было пакінута толькі за рымскімі святарамі, а яшчэ пазней, у ХІ ст., папа Мікалай ІІ вырашыў, што выбіраць Папу павінны толькі кардыналы.

Сёння права выбіраць Папу маюць кардыналы, не старэйшыя за 80 гадоў. Выбаршчыкі і тыя, хто ім спадарожнічае, падчас канклаву пражываюць у Доме св. Марты на тэрыторыі Ватыкана, а само галасаванне з моманту пабудовы Сікстынскай капэлы адбываецца ў ёй.

На пачатку кардыналам раздаюць бюлетэні для галасавання і выбіраюць падліковую камісію, якая складаецца з трох чалавек. Выбіраюць таксама трох рэвізораў і трох інфірмарыяў (якія праводзяць галасаванне ў лазарэце, калі ў ім ёсць удзельнікі канклаву). На бюлетэні для галасавання кожны выразна піша імя таго, за каго галасуе, а затым кожны паасобку, склаўшы бюлетэнь, кладзе яго ў скрыню, усталяваную на алтары.Усе бюлетэні падлічваюцца, і, калі іх лік супадае з колькасцю ўдзельнікаў канклаву, надыходзіць падлік галасоў. Для абрання Папы неабходны дзве трэці галасоў плюс адзін. Пасля кожнага туру ўсе карткі спальваюцца. У выпадку, калі ніхто не абраны, дым чорны (да бюлетэняў дадаюць хімікаты), калі ж новы Біскуп Рыма абраны, то ідзе белы дым. Зараз, з мэтай, пазбегнуць непаразуменняў, белы дым таксама суправаджаецца звонам званоў.

Паводле традыцыі, пасля абрання на Пасад св. Пятра, новы Пантыфік выбірае сабе імя. Упершыню гэта зрабіў папа Ян ІІ у 533 г. Прычынай такога ўчынку Святога Айца стала яго ўласнае імя — Меркурый. Пантыфік палічыў, што не варта, каб Наступнік св. Пятра насіў імя старажытнарымскага язычніцкага бажка. Пасля Яна ІІ новае імя сталі абіраць таксама і іншыя Папы. Цікава, што за ўсю гісторыю папства ніводзін з іх не абраў імя Пётр, у знак асаблівай павагі да Князя Апосталаў. Змена імені з часам стала правілам, аднак, нягледзячы на гэта, былі і выключэнні: напрыклад кардынал Адрыян Баенс, які жыў на мяжы XV–XVI ст., абраў сабе імя Адрыян VI, а кардынал Марцэл Чэрвіні стаў Марцэлам ІІ.

Перад тым, як выйсці на цэнтральную лоджыю базылікі св. Пятра, каб прывітаць вернікаў і ўдзяліць ім благаслаўленне, новаабраны Папа накіроўваецца ў спецыяльны пакой каля Сікстынскай капэлы. Тут знаходзяцца тры белыя сутаны: маленькага, сярэдняга і вялікага памеру. Папа апранае тую, якая больш адпавядае яго камплекцыі, і адначасова мае магчымасць падумаць, якімі словамі прывітаць вернікаў. Пасля пераапранання Пантыфік вяртаецца ў Сікстынскую капэлу, дзе да яго падыходзяць кардыналы, каб выказаць пашану і паслухмянасць. А затым усе разам дзякуюць Богу гімнам «Te Deum».

Пасля гэтага кардынал-протадыякан выходзіць на цэнтральную лоджыю базылікі св. Пятра, так званую ложу благаслаўлення, і прамаўляе формулу «Habemus Papam» («У нас ёсць Папа»). Затым з’яўляецца новаабраны Пантыфік і ўдзяляе ўсім благаслаўленне «Urbi et Orbi».

Апошнія два Папы ў гэты момант звярталіся да вернікаў з кароткай прамовай на італьянскай мове. Раней такой традыцыі не існавала, больш за тое, калі Ян Павел І выказаў жаданне так зрабіць, яму не дазволіў цырыманімайстар. Нарэшце, праз некалькі дзён пасля абрання праводзіцца ўрачыстая папская інтранізацыя, падчас якой Святы Айцец атрымлівае пярсцёнак Рыбака і палій.

Гісторыя правядзення канклаваў ясна сведчыць аб тым, што Касцёл заўсёды імкнуўся выпрацаваць аптымальную мадэль абрання Пантыфікаў. І тут не важныя выключна тэхнічныя моманты гэтай асамблеі кардыналаў, а глыбінны сэнс і разуменне таго, што Касцёл заўсёды імкнуўся абраць годнага Наступніка св. Пятра.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.