Пошук

28.11.2012 00:00  

30 лістапада будзе адзначацца Міжнародны дзень «Гарады за жыццё. Гарады супраць смяротнага пакарання», ініцыятарам якога з’яўляецца экуменічная «Супольнасць св. Ідзія». У яго рамках у 1500 гарадах свету пройдуць розныя мерапрыемствы, маніфестацыі, дыскусіі на тэму права чалавека на жыццё.

У Рыме, на славутым Калізеі, у знак пратэсту супраць пакарання смерцю на працягу дня будуць гарэць знічы. Гэтая тэма застаецца балючай для многіх краін, у тым ліку і Беларусі, і яшчэ зусім нядаўна яна шырока абмяркоўвалася ў сувязі з прысудам двум маладым людзям у нашай краіне. Міжнародны дзень, які набліжаецца, падштурхоўвае яшчэ раз паразважаць на гэтую тэму. Сёння мы пагаворым аб тым, як Касцёл ставіцца да смяротнага пакарання.

Аб пакаранні смерцю вельмі ясна ідзе гаворка ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла. Тут адзначаецца, што дзяржава павінна стрымліваць распаўсюджанне такіх паводзінаў, якія пагражаюць правам чалавека, а таксама асноўным нормам жыцця грамадства. Каб выконваць гэта заданне, дзяржава мае права караць злачынцаў прапарцыянальна цяжару тых злачынстваў, якія яны ўчынілі. Пакаранне павінна накладацца з канкрэтнай мэтай: па-першае, выправіць непарадак, справакаваны злачынствам; па-другое, бараніць грамадскі лад і бяспеку людзей; а па-трэцяе, яно павінна, у межах магчымага, садзейнічаць выпраўленню злачынцы.

У Катэхізісе таксама адзначаецца: «пры ўмове, калі асоба і адказнасць вінаватага цалкам устаноўлены, традыцыйнае навучанне Касцёла не выключае ўжывання смяротнага пакарання», але яно дапушчальна толькі ў тым выпадку, «калі гэта адзіны магчымы шлях дзейсна абараніць жыцці людзей ад несправядлівага агрэсара».

У нашыя дні дзяржава валодае дастатковымі магчымасцямі для таго, каб не дазволіць злачынцам паўтараць свае ўчынкі. Таму, як казаў бл. Ян Павел ІІ, выпадкі, калі знішчэнне злачынцы абсалюна неабходна, «маюць месца вельмі рэдка ці ўвогуле адсутнічаюць». Паводле каталіцкага навучання, улада павінна прыбягаць да некрывавых сродкаў пакарання. Для гэтага ёсць тры рацыянальныя прычыны: яны ў большай меры садзейнічаюць супольнаму дабру; больш адпавядаюць годнасці асобы; не пазбаўляюць вінаватага магчымасці выправіцца.

Гаворачы аб тым, што ў некаторых выключных выпадках смяротнае пакаранне непазбежнае, Касцёл звязвае яго з правам на самаабарону, што з’яўляецца абавязкам кожнага чалавека, уладаў, а таксама адказных за жыцці іншых.

Тут трэба падкрэсліць, што права на самаабарону «не з’яўляецца выключэннем у адносінах да забароны забіваць нявіннага, гэта значыць здзяйсняць свядомае забойства». У Катэхізісе гаворыцца, што асабістая самааброна прыводзіць да падвойнага выніку: па-першае — захавання ўласнага жыцця; па-другое — забойства агрэсара. Толькі першы вынік — наўмысны, а другі — не наўмысны.

Акрамя таго, законная самаабарона можа быць не толькі правам, але сур’ёзным абавязкам для таго, хто нясе адказнасць за жыццё іншых. Абарона супольнага дабра патрабуе, каб несправядлівы агрэсар быў больш не ў стане прыносіць шкоду. Па гэтай прычыне тыя, хто валодае законнай уладай, таксама маюць права ўжываць зброю з мэтай прадухілення агрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, за якую яны адказныя.

Касцёл навучае, што падчас выбару пакарання неабходна, каб яно было прапарцыянальным злачынству. Святы Тамаш Аквінскі пісаў, што, «калі, баронячы ўласнае жыццё, чалавек дзейнічае больш агрэсіўна, чым патрэбна, яго дзеянні супрацьзаконныя» (2264).

Такім чынам, смяротнае пакаранне можа быць ужыта толькі для самаабароны ці абароны ўсяго грамадства, калі іншага эфектыўнага спосабу абараніцца не існуе; яно патрабуе дакладнага ведання асобы злачынцы і доказаў яго віны; таксама яно павінна быць дазволена законнай уладай і выключаць любыя формы самасуду.

Касцёл асабліва падкрэслівае, што пакаранне павінна мець выхаваўчую функцыю. Яно павінна спрыяць выпраўленню вінаватага, даваць яму магчымасць загладзіць сваю віну добрымі ўчынкамі ці цярпеннем у зняволенні. Смерць злачынцы пазбаўляе яго гэтых магчымасцяў.

Таксама, паводле каталіцкага навучання, аднаўленне парадку, парушанага злачынствам, не дасягаецца праліццём крыві злачынцы паводле закону «вока за вока, зуб за зуб», але яго добрымі ўчынкамі ці прабываннем у зняволенні з надзеяй на тое, што ён зменіцца.

Нарэшце, Касцёл нагадвае, што толькі Бог з’яўляецца Панам жыцця. Любое жыццё паходзіць ад Бога, і дзяржава не мае ўлады над ім. А Святое Пісанне неаднойчы падкрэслівае, што Бог не жадае смерці злачынцы, але яго навяртання і выпраўлення.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.