Пошук

22.08.2012 10:40  

Зусім нядаўна, у студзені 2012 г., на плошчы св. Пятра адбыўся невялікі інцыдэнт. Некалькі дзясяткаў маладых італьянцаў прыйшлі сюды, каб выказаць пратэст супраць «багацця Касцёла». Яны паспрабавалі ўстанавіць намёты і выкрыквалі антыкасцёльныя лозунгі, аднак былі стрыманы паліцыяй.

Цікава, што тэма «ватыканскіх багаццяў» ужо даўно знаходзіцца «ў топе». Яе кульмінацыяй можна назваць кнігу італьянскага журналіста Джанлуіджы Нуццы «ААТ Ватыкан», якая была перакладзена на 14 моваў і стала бестсэлерам у 2009 г. У ёй аўтар выказвае прэтэнзіі Святому Пасаду ў сувязі з інвеставаннем грошай у прадпрыемствы, якія займаюцца аховай здароўя, турызм, банкаўскую сферу і нерухомасць. Журналіст звяртае ўвагу чытачоў на тое, што такім чынам Ватыкан не толькі займаецца клопатам аб збаўленні душаў, але і зарабляе грошы. Але трэба адзначыць, што практыка інвеставання грошай выкарыстоўвалася Касцёлам пастаянна, і яна заўсёды сумяшчалася з евангельскай дзейнасцю. Якім чынам? Паспрабуем разабрацца сёння.

Кіраванне Касцёлам, які складаецца амаль з 1 мільярда вернікаў ва ўсім свеце, а таксама дзейнасцю касцёльных дабрачынных арганізацый, навучальных устаноў і бальніц, патрабуе большых ці меншых фінансавых затрат. Акрамя таго, варта нагадаць, што Ватыкан з’яўляецца суверэннай дзяржавай, якая мае больш за 100 пасольстваў ва ўсім свеце, дзясяткі «міністэрстваў», якімі з’яўляюцца кангрэгацыі, Папскія рады, камісіі, камітэты і сакратарыяты. Яны ўсе неабходны для эфектыўнага выканання місіі Касцёла — распаўсюджванні любові і Божага слова ў свеце. Але калі параўнаць увесь ватыканскі бюджэт з бюджэтам якой-небудзь буйной кампаніі ці нават аднаго італьянскага парламенту, то выявіцца, што Ватыкан расходуе свае сродкі ў некалькі разоў эканомней.

Італьянскі журналіст і ватыканіст Вітторыё Місоры падлічыў, што напрыклад толькі італьянскія дэпутаты дзвюх палат парламенту абыходзяцца падаткаплацельшчыкам амаль у два разы даражэй, чым «каштуе» ўвесь ватыканскі бюджэт.

Акрамя таго, у сваёй кнізе «Чорныя легенды аб Касцёле» ён прыводзіць цікавую статыстыку. Амаль мільярд католікаў ахвяруе на патрэбы Касцёла менш, чым сваім супольнасцям ахвяруюць 2,5 мільёны амерыканскіх адвентыстаў, не кажучы аб «Сведках Іеговы» і членах іншых сект. У параўнанні з даходамі ад інвестыцый і ахвяраванняў членаў гэтых супольнасцяў, даходы Ватыкана з’яўляюцца вельмі малымі. Аднак пра іх у свеце гаворыцца з большай незадаволенасцю.

Вітторыё Місоры нагадвае, што ў адрозненні ад розных сект, якія нічога пасля сябе не пакідаюць, Касцёл на працягу стагоддзяў укладаў грошы ў тое, што застанецца назаўсёды — а менавіта ў мастацтва. Паводле справаздачы аб даходах Ватыкана за мінулы год, апублікаванай на пачатку ліпеня 2012 г., асноўны ўнёсак у іх быў зроблены Ватыканскімі музеямі, у якія Папы інвеставалі на працягу стагоддзяў. Адзначаецца, што за мінулы год Ватыканскія музеі прынеслі 91 мільён 300 тысяч еўра, а наведала іх больш за 5 мільёнаў чалавек.

Акрамя таго, менавіта дзякуючы Касцёлу турысты з усяго свету сёння захапляюцца прыгажосцю еўрапейскіх, а асабліва італьянскіх гарадоў. «Можна задумацца: чым бы стаў Рым, які ўяўляў сабой руіны былой імперыі, калі б бесперапынная дынастыя Рымскіх Пантыфікаў не спрыяла з’яўленню тут славутых „багаццяў“, якія сталі самымі цудоўнымі ў свеце — мастацкіх твораў, размешчаных ва ўсіх раёнах горада?» — пытаецца італьянскі журналіст Вітторыё Місоры.

Ён адзначае, што сёння аматарам распускаць плёткі аб «багаццях Касцёла» варта нагадаць, што Рым, пабудаваны Папамі, а таксама яго ваколіцы, жывуць менавіта за кошт турызму. А гэта дзякуючы таму, што Пантыфікі, якія ў эпоху сярэднявечча амаль нічым не адрозніваліся ад іншых свецкіх манархаў, у адрозненні ад іх трацілі свае сродкі на стварэнне вечных твораў мастацтва, якія павінны былі служыць евангельскай місіі Касцёла.

Варта нагадаць таксама пра паходжанне «ватыканскіх грошай». А для гэтага вернемся ў той час, калі Італія ўяўляла сабой тэрыторыю з мноствам незалежных княстваў, у цэнтры якіх знаходзілася Папская вобласць. Дык вось, у 1860 г. жыхары аднаго з паўночных княстваў, П’емонта, напалі на землі Маркі і Умбрыю, якія ўваходзілі ў склад Папскай вобласці. Затым імі былі захоплены ўсе астатнія тэрыторыі разам з горадам Рымам. Уся Папская маёмасць — а гэта сотні кляштараў, тэрыторый, касцёлаў, шпіталёў і школ — была канфіскавана. Паводле міжнародных законаў гэта называецца акупацыяй і крадзяжом.

Праз некаторы час, праўда, новыя кіраўнікі Італіі прызналі незаконнасць сваіх учынкаў і вырашылі кампенсаваць выдаткі. У 1929 г., па ўмовах Латэранскіх пагадненняў, былі ўстаноўлены правілы кампенсацыі за згубленую касцёльную маёмасць. Было вырашана, што Італія заплаціць Касцёлу 750 мільёнаў лір, будзе падтрымліваць працу святароў і аплаціць некаторыя крэдыты. Такім чынам, грошы, якія былі атрыманы Апостальскай Сталіцай, не з’яўляюцца нейкім сюрпрызам, але законнай кампенсацыяй за скрадзенае. Затым у часы ІІ Сусветнай вайны пачалося іх інвеставанне ў буйныя кампаніі, каб гэтыя грошы не трапілі ў рукі нацыстаў.

Нягледзячы на гэта, паўтаруся, што даходы Ватыкана не з’яўляюцца вялікімі адносна маштабу дзейнасці Касцёла і той місіі, якую выконвае ва ўсіх кутках свету. Каб пацвердзіць і павялічыць празрыстасць сваёй фінансавай сістэмы, на працягу апошніх некалькіх гадоў Ватыкан актыўна супрацоўнічае з камісіямі міжнародных экспертаў, што праводзяць перыядычныя праверкі, з вынікамі якіх можа азнаёміцца любы жадаючы, зайшоўшы на адпаведны сайт, дзе публікуецца такая інфармацыя.



Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа