Ад рэдактара: Так склалася, што Catholic.by працуе пераважна з навінамі, дзе няма месца для вобразнасці і эпітэтаў. Але па-мастацку апісаныя сюжэты ў тэксце Артура Мартынконіса не пакінулі нас абыякавымі, таму ці не ўпершыню на Catholic.by мы змяшчаем нарыс.
У ім аўтар дзеліцца ўражаннямі ад XX пешай пілігрымкі Іўеўскага дэканату ў Тракелі.
Людзі пры дарозе
...На шляху ў санктуарый мы прайшлі амаль праз усе касцёлы і капліцы Іўеўскага дэканату, каб з кожнай мясціны сабраць пілігрымаў і разам пераадолець шлях да Маці Божай, складаючы Ёй просьбы і словы падзякі.
Па дарозе нас сустракалі жыхары навакольных вёсак. Развітваючыся, мы бачылі ў іх вачах сапраўднае ўзрушэнне, бо для многіх сустрэць пілігрымаў — гэта свята, глыток радасці, тое, чаго можна чакаць цэлы год, і рыхтавацца да гэтага.
Гадзінамі стаяць на дварэ, услухоўваючыся: «А можа ідуць?». Дык трэба хутчэй збіраць вёску ля крыжа! Ужо чуваць спевы пілігрымаў!
Са слязьмі на вачах нас пакідала бабуля, якая стаяла адна, з торбай, поўнай цукерак, проста на краі дарогі. Яна дайшла да дарогі з кіёчкам, з далёкага хутару каля вёскі Пятровічы, стаяла і чакала невядома колькі, пакуль мы прыйшлі. А да гэтага ліў дождж, амаль лівень, і толькі нядаўна было з’явілася сонца са сваімі прамянямі вечаровай прыгажосці...
Апошні дзень пілігрымкі мы крочым у Геранёны, дзе нас чакае абед. Я тады кіраваў мікрааўтобусам, у якім ехалі пілігрымы, якія папрасілі дапамогі ў нашай пілігрымкавай медыцынскай службы. Шлях праходзіў побач з вёскай Кудэйшы, у якую мы не заходзілі. Аднак я адчуў неабходнасць адлучыцца ад пілігрымкі і заехаць у яе. І не памыліўся.
Сярод вёскі, на адзінай тут дарозе, гледзячы ў наш бок, стаяла, абапіраючыся на два кіёчкі, бабуля. Яна памаленьку крочыла ў наш бок, ведаючы, што мы павінны былі ісці. Яна чакала нас увесь год. Але з-за хворых ног не змагла дайсці да дарогі, калі мы праходзілі побач.
Якая ж была яе радасць, калі, падыйшоўшы, яна пазнала ўва мне пілігрыма! Папрасіла маліцца за яе здароўе, бо не можа хадзіць, за сваіх дзяцей і ўнукаў. Бабуля Ганна, мы маліліся за Вас!
Што такое пілігрымка?
Пілігрымка — гэта выдатная магчымасць падумаць пра сваё жыццё, пра свае ўчынкі, паспрабаваць змяніць сябе да лепшага. Гэта так цудоўна — быць адной вялікай сям'ёй, разам спяваць, маліцца, слухаць лекцыі і навучанні клерыкаў, ксяндзоў і біскупа, які кожны год традыцыйна наведвае нас.
У пілігрымцы адбываецца яднанне з Богам, Бог праходзіць глыбей у нашыя душы і селіцца ў нашых сэрцах. Кожная святая Імша зноўку нагадвае пра тое, дзякуючы Каму і чаму мы жывём на гэтай зямлі.
Кожны раз, калі хтосьці з нас чуе слова «пілігрымка», сэрца адразу ж напаўняецца нейкай цеплынёй, а ў галаве пачынаюць гучаць знаёмыя матывы песень.
«Гэта — выдатнае, невымоўнае пачуццё, пачуццё ўнутранага спакою і ціхай радасці, пачуццё вялікай сям'і, добрай пястоты, якое заўсёды суправаджае моладзь. Колькі б я не хадзіла ў пілігрымку, усё роўна яна сябе не вычарпае, усё роўна мне будзе туды хацецца, таму што гэта крыніца шматлікіх багаццяў, якія не купіць ні за якія грошы» (Таццяна, 23 гады)
«Пілігрымку нельга параўнаць ні з чым. Дзе ж яшчэ можна сустрэць столькі чыстых і адкрытых людзей? Момант, калі ідзем да цудадзейнай іконы — гэта немагчыма забыць. Слёзы радасці міжволі пачынаюць скатвацца з вачэй. Я вельмі ўдзячна нашай пілігрымцы за ўсе атрыманыя эмоцыі і духоўнае ўзмацненне, а таксама за магчымасць пабыць сам-насам са сваімі думкамі і ўзмацніцца ў веры» (Анжаліка, 19 гадоў)
Пілігрымка — гэта быццам нашае жыццё. Ёсць час жыць, ёсць час любіць, ёсць час пілігрымаваць. Аналізаваць сваё жыццё знутры, рабіць высновы, прасіць аб дапамозе, дзякаваць за атрыманыя ласкі. Кожны з нас у гэтай пілігрымцы нешта атрымаў, нешта зразумеў. Узмацніўся ў веры. Маці Божая Фацімская, вядзі нас!