Пошук


Навіна аб падзенні Канстанцінопаля была ўспрынята хрысціянамі тых часоў як знак Божы, падобны да збурэння Ерузалема. Паўставалі шматлікія літаратурныя творы — плачы, у якіх аўтары імкнуліся ў святле веры асэнсаваць гэтую падзею. Аднак высновы атрымліваліся розныя. Паспрабуем і мы дакрануцца гэтай тэмы, бо вельмі важнай справай з’яўляецца правільнае распазнанне Божага знаку.

На пачатку прывядзём выказванне вядомага польскага гісторыка Яна Длугаша, які, даведаўшыся аб падзенні Канстанцінопаля, у сваёй «Хроніцы Польскага Каралеўства» прысвяціў гэтай падзеі асобны доўгі раздзел і ў канцы напісаў так:

«Гэтае паражэнне Канстанцінопаля —  як жа вартае жалю і як жа сумнае — вялікая перамога туркаў, а канчатковы заняпад грэкаў, пакрыла ганьбаю лацінянаў; баюча раніла яно веру каталіцкую, уводзячы смуту ў рэлігіі. Імя Хрыста было ганебна зняважана. Хрысціянству з двух вокаў вырвалі адно, з дзвюх рук адну абрубілі, бо спалілі бібліятэкі і паклалі канец грэчаскай навуцы, без якой ніхто не ўяўляў сабе, што можна быць вучоным»1.

Звяртаюць на сябе ўвагу словы, што «гэтае паражэнне Канстанцінопаля... пакрыла ганьбаю лацінянаў». Магчыма, аўтар мае на ўвазе тое, што заходнія хрысціянскія краіны не выступілі адзіным фронтам супраць туркаў, каб уратаваць гінучую Візантыйскую імперыю. Адносна гэтага варта заўсёды дадаваць удакладненне: не выступілі рашуча і паспяхова, але факт, што дапамагалі. Нельга забываць пра дзясяткі тысяч лацінянаў, якія аддалі сваё жыццё ў бітве пад Варнай (1444 г.) дзеля вызвалення ўсходніх братоў-хрысціянаў ад прыгнёту іншаверцаў. Там жа ў баі загінуў і кардынал Джуліано Чэзарыні, адзін з галоўных ініцыятараў падпісання Фларэнтыйскай уніі і арганізатар гэтага крыжовага паходу, хаця ён мог бы правесці сваё жыццё і ў больш бяспечных, выгодных умовах. Таксама і ў апошняй абароне Канстанцінопаля, паводле большасці гісторыкаў, амаль трэцюю частку абаронцаў (каля 2000 воінаў) складалі лаціняне. Царкоўным лідарам быў тут, рызыкуючы сваім жыццём, кардынал Ісідор — адзін з галоўных ініцыятараў уніі з боку грэкаў2.

Аднак вернемся да тэмы распазнання Божага знаку. Вядома, гэты артыкул не ставіць сваёй мэтай даць канчатковае вытлумачэнне знаку, але толькі з’яўляецца нагодай задумацца над некаторымі фактамі і акалічнасцямі. А задумацца варта, тым больш, што вельмі часта пры размовах з праваслаўнымі адносна уніі можна пачуць стэрэатыпны погляд, што падзенне Канстанцінопаля было Божым пакараннем за падпісанне Фларэнтыйскай уніі. Аднак Пан Бог глядзіць, як здаецца, не столькі на афіцыйныя подпісы і ўрачыстыя акты, але на сэрцы вернікаў (пар. 1Сам 16, 7). Разважце самі – унія была падпісана ў 1439 г., а ў 1453-м справа адзінства выглядала зусім наадварот: многія біскупы адракліся ад сваіх подпісаў, пераважная большасць духавенства, манахаў і вернікаў былі настаўлены супраць уніі і не прызнавалі яе. Можа, такім чынам, падзенне імперыі было Божым знакам адносна непрымання уніі?

Сапраўды, калі мы разважаем над фактам збурэння Ерузалема ў 70 годзе як над знакам Божага гневу на абраны народ, то мы ж не кажам, што гэта пакаранне за тое, што частка юдэяў прыняла хрысціянства. Зусім наадварот — менавіта за непрыманне большасцю юдэяў хрысціянства, што ў 70 годзе было ўжо відавочным.

Некаторыя факты з гісторыі Візантыйскай імперыі, як здаецца, злучаюцца ў пэўны лагічны ланцуг:

  1. 1054 г. — узаемнае абвяшчэнне анафем і разрыў эўхарыстычнай супольнасці паміж Канстанцінопалем і Рымам. І амаль адразу — з'яўленне турэцкай пагрозы, разгром візантыйцаў у 1071 г. у бітве пад Манзікертам3.
  2. 1274 г. — Ліёнская унія і яе афіцыйннае ануляванне ў 1283 г. І пасля гэтага — паўстанне Асманскай імперыі ў 1299 г4.
  3. 1439 г. — Фларэнтыйская унія і яе фактычнае непрыманне большасцю. І пасля гэтага — падзенне Візантыйскай імперыі ў 1453 г.

Для турэцкага султана факт царкоўнага падзелу сярод хрысціянаў і іх дагматычныя спрэчкі быў адным з галоўных аргументаў, калі ён прымаў рашэнне аб распачацці вайны дзеля захаплення Канстанцінопаля5.

У аднаго з тагачасных гісторыкаў знаходзім такое апісанне міжканфесійных адносінаў у асаджаным Канстанцінопалі:

«Жыхары Горада, калі ў Вялікай царкве было нібы абвешчана вяртанне да царкоўнага адзінства, беглі ад яе, як ад юдэйскай сінагогі (…) — стаялі ў ёй да моманту ахвяравання Святых Дароў, а потым усе выходзілі: як жанчыны, так і мужчыны; як манахі, так і манахіні...  лічылі гэтую святыню капішчам, а ахвяру — ахвяраю Апалону. (…) Першы ж радны з імператарскай рады [Лука Натара] казаў: 'Лепш было б бачыць у Горадзе панаванне турэцкай чалмы, чым лацінскай тыяры'»6.

Гэтыя апошнія словы вартыя, каб над імі задумацца: сёння на месцы Канстанцінопаля мы бачым мусульманскі Стамбул, у якім усіх жыхароў —  13 млн., а праваслаўных сярод іх — толькі 3000 (0,02 %)! Дарэчы, і сам Лука Натара, якому гісторыкі прыпісваюць узгаданыя словы, быў з вялікай лютасцю разам са сваімі роднымі закатаваны султанам.

Прыведзены фрагмент падказвае нам яшчэ адну выснову: о! калі б прынамсі было імкненне да адзінства, нават адчуваючы нязгоду з дагматычнымі пастановамі Фларэнтыйскага сабора, калі б было імкненне працягваць дыялог, шукаць адпаведных тэалагічных і царкоўных рашэнняў! Аднак, на жаль, часцей перамагалі чалавечыя страсці: многія грэкі лацінянаў не любілі, не шанавалі іх звычаяў і не жадалі быць з імі ў царкоўным адзінстве. Таксама і лаціняне часта пагарджалі грэкамі і іх традыцыяй. Такім чынам, трагедыя 1453 г. –  выразны знак парушэння галоўнай Божай запаведзі любові, якая мае свой выраз у захаванні адзінства.

У асаджаным Канстанцінопалі сярод падзеленых хрысціянаў нібы цэментуючым звяном выступаў апошні візантыйскі імператар Канстанцін XI. Раней ужо была гаворка пра тое, што ў апошнія стагоддзі для візантыйскіх імператараў справа аднаўлення царкоўнага адзінства (=уніі) з Рымам была адным з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў, і ў гэтым сваім імкненні яны заўсёды ішлі «супраць плыні» агульнага настрою мас. Так і Канстанцін XI – да канца быў верны уніі, імкнуўся, як мог, прымірыць супраціўнікаў, аддана і разважна арганізаваў абарону сталіцы і загінуў у апошнім баі. Афіцыйна ён не быў кананізаваны, але ў поўных праваслаўных календарах імператар-уніят Канстанцін XI узгадваецца як святы цар-мучанік за хрысціянскі народ7. Таксама і ў некаторых уніяцкіх грэка-каталіцкіх цэрквах ён шанаваны як мясцовы святы8. Такім чынам, і перад адыходам да Пана, і цяпер у небе ён працягвае служыць хрысціянскаму адзінству.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Jan Długosz «Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae», кніга XII, стар. 145; пар. рус. пераклад фрагменту ў А. А. Васильева «История Византийской империи» т. 2, гл. 3-7.
  2. Галоўнымі крыніцамі адносна абароны Канстанцінопаля з’яўляюцца 4 грэчаскія аўтары, пераклады якіх можна знайсці ў кнізе «Византийские историки о падении Константинополя в 1453 году» (аднак рэдакцыйныя заўвагі ў гэтай кнізе не заўсёды адпавядаюць сапраўднасці); і варта дадаць таксама «Малую хроніку» Г. Сфрандзі (гл. уступ і тэкст).
  3. Пар. Вікіпедыя, Бітва пад Манцыкертам.
  4. Пар. Вікіпедыя, Асманская імперыя.
  5. Пар. «Византийские историки о падении Константинополя в 1453 году», стар. 35.
  6. «Византийские историки...», стар. 85-86.
  7. Архиеп. Сергий (Спасский) «Полный православный месяцеслов Востока», т. II, 29 і 30 мая, стар. 142(177) і 143(178); пар. таксама заўвагі дыяк. А. Кураева.
  8. Гл. падрабязней на англ. мове тут.

 

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа