Пошук


Вяртаючыся з Ферара-Фларэтыйскага Сабору, мітрапаліт Ісідар амаль цэлы год прысвяціў наведванню епархій Рускай мітраполіі на землях Літвы і Польшчы, абвяшчаючы царкоўнае паяднанне паміж католікамі і праваслаўнымі. Разам з ім у гэтым падарожжы ўдзельнічала большая частка дэлегацыі прадстаўнікоў з Уладзіміра-Маскоўскай Русі на Саборы.

Калі мітрапаліт Ісідар прыбыў у Вялікае княства Літоўскае ў жніўні 1440 г., то найперш ён з дэлегацыяй скіраваўся да Вільна. Аднак затрымаліся яны ў сталіцы, мабыць, усяго толькі адзін-два дні1. Рыма-каталіцкі біскуп Віленскі Мацей не прызнаў Папу Яўгена IV і Ферара-Фларэнтыйскі Сабор і не дазволіў абвясціць унію2. Падобна ўчыніў і суседні арцыбіскуп Рыжскі.

Перадусім, варта задумацца над кантэкстам узгаданай падзеі ў Вільні. Вялікае княства Літоўскае ў 1440 годзе перажывала моцны палітычны крызіс і нестабільнасць. У сакавіку быў забіты замахоўцамі вялікі князь Жыгімонт, а новы вялікі князь Казімір, абраны 29 чэрвеня, быў трынаццацігадовым хлопчыкам3. Як вышэй было сказана, мітрапаліт Ісідар прыбыў у Вільна ў жніўні. У гэтай сітуацыі цяжка было разлічваць на стабільную падтрымку з боку цэнтральнай свецкай улады для такой новай, для грамадскай свядомасці справы, як унія.

У гэтым палітычным «вакууме» значную ролю адыгрываў біскуп Віленскі Мацей, як біскуп сталіцы. Але… не быў ён такім выбітным і аўтарытэтным палітыкам, як біскуп Кракаўскі  Збігнеў Алясніцкі. Да таго ж, ён меў вялікую прыхільнасць да схізматычнага Базельскага сабору, які якраз перад гэтым анафемстваваў Папу Яўгена IV, а абраў «свайго» антыпапу Фелікса V4.

Хутчэй за ўсё, выразная антыўнійная пазіцыя лацінскага духавенства ў сталіцы ВКЛ, выразнае акрэсленне імі Ферара-Фларэнтыйскага Сабору як псеўда-сабору, мела вельмі негатыўны ўплыў на свядомаць рускай праваслаўнай дэлегацыі. Паводле хронікі падарожжа світы біскупа Суздальскага Аўрамія, бачна, што ён пасля гэтага адлучыўся ад мітрапаліта Ісідара і скіраваўся ў Маскву і Суздаль5. Якія ж весткі ён мог прынеці для вернікаў на сваіх землях, як адзіны прадстаўнік мясцовых біскупаў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы, пасля такой “сустрэчы” іх у сталіцы ВКЛ?

Важнасць таго, што адбылося ў Вільні, пацвярджае факт, што пазней, у 1451 годзе, мітрапаліт Ісідар ініцыяваў у Рыме касцёльны судовы працэс супраць Мацея, біскупа Віленскага, абвінавачваючы, што дзеянні Мацея сталіся галоўнай прычынаю пазнейшага арышту яго, Ісідара, у Маскве і заняпаду Фларэнтыйскай уніі на ўсходнеславянскіх землях6.

Нягледзячы на непрыняцце ў Вільні, мітрапаліт Ісідар вырашыў абвясціць унію ў іншых княствах у складзе ВКЛ, якія падчас крызісу цэнтральнай улады ў 1440 годзе адчувалі значную сваю самастойнасць. Паводле крыніц, якія захаваліся, нават з крыніц варожых да уніі, ведаем, што мітрапаліт Ісідар быў прызнаны і зычліва прыняты кіеўскім князем Аляксандрам (Алелькам) Уладзіміравічам7 і мсціслаўскім (а ў гэты час — смаленскім) князем Юрыем Лугвеньевічам. Ведаем, што на іх землях падчас набажэнстваў Ісідар узгадваў імя Папы Рымскага8. Нягледзячы на тое, што ў некаторых летапісах можна знайсці згадкі, што нібы народ не прыняў Ісідара, а нават выгнаў яго9, усё ж такі многія праваслаўныя гісторыкі не лічаць гэта гістарычнай праўдай. Калі ёсць важкія пацвярджэнні, што князь прыняў мітрапаліта зычліва, то, як на тыя часы, найхутчэй і просты народ не выказваў выразнага супраціву.

Такім чынам, пасля паўгода, які быў прысвечаны абвяшчэнню уніі ў Вялікім княстве Літоўскім, мітрапаліт Ісідар, нязломны апостал царкоўнага паяднання, скіраваўся ў Маскву, на месца сваёй сталай мітрапалічай рэзідэнцыі.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Гл. «Хождение на Флорентийский Собор», нататкі невядомага суздальца са світы еп. Аўрамія.
  2. Пар. Б. Гудзяк «Криза і реформа», с. 60 (76);  A. Lewicki «Unia florencka w Polsce» w «Rozprawy Akademii Umijętności...», сер.2, т.13, с. 234 (237) — 235 (238).
  3. Пар. Гісторыя Беларусі, рэд. М. Касцюк, том 2, с. 165 (166)
  4. Пар. Каталіцкая энцыклапедыя — Базельский собор.
  5. Гл. «Хождение на Флорентийский Собор», нататкі невядомага суздальца са світы еп. Аўрамія.
  6. Пар. A. Lewicki «Unia florencka w Polsce» w «Rozprawy Akademii Umijętności...», сер.2, т.13, с. 235 (238) — 238 (241); Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Флорентийская уния и Восточная Европа.
  7. Гл. Грамота Кіевскаго Князя Александра Владимировича Митрополиту Исидору.
  8. Пар. Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Флорентийская уния и Восточная Европа.
  9. Густынскі летапіс (ПСРЛ, том 2, Спб 1843), с. 354 (366) — 355 (367); пар. крытыка:  Голубинский Е. Е. «История Русской Церкви», т.2, ч.1, с. 451; Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Флорентийская уния и Восточная Европа.
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.