Пошук


З даўніх часоў святарам даводзіцца сустракацца з людзьмі, якія нібыта бачылі кагосьці са святых або самога Бога дзесьці... на фіранцы, у полі ці ў цёмным пакоі. У большасці выпадкаў гэтыя «візіянеры» аказваюцца псіхічна хворымі або знаходзяцца пад моцным уплывам злога духа. Аднак больш клопату і шкоды прыносяць не самі «візіянеры», а іх прапагандатары і інтэрпрэтатары. Дзейнічаючы па прынцыпе «глухога тэлефона», гэтыя людзі прыносяць велізарную шкоду і самім сабе, і кожнаму, з кім дзеляцца «патаемнымі адкрыццямі».

«Па іхніх пладах пазнаеце іх… Кожнае добрае
дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва
родзіць дрэнныя плады» (Мц 7, 16-17).

З даўніх часоў святарам даводзіцца сустракацца з людзьмі, якія нібыта бачылі кагосьці са святых або самога Бога дзесьці... на фіранцы, у полі ці ў цёмным пакоі. У большасці выпадкаў гэтыя «візіянеры» аказваюцца псіхічна хворымі або знаходзяцца пад моцным уплывам злога духа. Аднак больш клопату і шкоды прыносяць не самі «візіянеры», а іх прапагандатары і інтэрпрэтатары. Дзейнічаючы па прынцыпе «глухога тэлефона», гэтыя людзі прыносяць велізарную шкоду і самім сабе, і кожнаму, з кім дзеляцца «патаемнымі адкрыццямі».

Жывучы ў інфармацыйную эпоху, людзі так перанасычаныя самымі неверагоднымі весткамі, што міжволі становяцца скептыкамі, аднак у чалавечым сэрцы ўсё роўна адгукаецца неспакой: а што, калі візіянер кажа праўду? А што, калі гэтае прыватнае аб’яўленне — рэальнасць? Калі такая думка закрадваецца ў сэрца верніка, то неспакой становіцца яшчэ большы: а калі ўсё гэта ад Бога? Тады паўстае пытанне: каму больш верыць — Касцёлу ці «візіянеру»?

У падобных сітуацыях вельмі шмат залежыць ад духоўнай сталасці чалавека. Чым менш развітая асоба, тым лягчэй ёю маніпуляваць. Чым больш рэлігійна адукаваная, тым цяжэй яе спакусіць нейкай навіной пра чарговае «вялікае папярэджанне» або «новае евангелле» ці «блізкі судны дзень». Хрысціянін, які добра ведае Святое Пісанне, вучэнне Касцёла і клапоціцца аб сур’ёзных адносінах з Панам Богам, не будзе цікавіцца прыватнымі аб’яўленнямі, бо яны яму не патрэбныя. Для яго духоўнага ўзрастання цалкам дастаткова публічнага Аб’яўлення Бога (запісанага ў Бібліі), вучэння і досведу Касцёла.

Праблемы заўсёды ўзнікаюць у той катэгорыі вернікаў, якія не давяраюць вучэнню Касцёла, шукаюць чагосьці па-за ім і па-за Евангеллем: новых знакаў, цудаў, аб’яўленняў. Нават рэальна паходзячае ад Бога прыватнае аб’яўленне яны імкнуцца ператварыць у суперпублічнае, сенсацыйнае, абавязкова наладаванае вострымі эмоцыямі, сакрэтнасцю, змовамі, апакаліптыкай і драматычнай наканаванасцю.

Паводле падлікаў спецыялістаў, толькі ў перыяд з 1933 па 1989 г. сярод вернікаў было зафіксавана 366 прыватных аб’яўленняў у самых розных формах і на самыя розныя тэмы. Можна сабе ўявіць, колькі ўсяго гэтага адбылося за гісторыю хрысціянства. Абсалютная большасць такіх «адкрыццяў» — гэта «творы» хворай псіхікі экзальтаваных людзей, маніпуляцыі злога духа або хітрыкі махляроў. Аднак трэба прызнаць, што здараюцца і сапраўдныя прыватныя Божыя аб’яўленні, даследаваныя і прызнаныя Касцёлам як адпаведныя публічным Аб’яўленням Бога (зафіксаваным у Святым Пісанні).

Касцёл у сваім веравучэнні падкрэслівае, што, нягледзячы на прызнанне адпаведнасці некаторых прыватных аб’яўленняў Божым Аб’яўленням, іх усё роўна нельга лічыць крыніцамі веры, бо яны не дадаюць нічога новага для веры. Іх вартасць вымяраецца толькі адкрыццём новых формаў рэлігійнай актыўнасці ў Касцёле. Пры гэтым небяспечнасць іх інтэрпрэтацыі надзвычай высокая. Вялікія аўтарытэты хрысціянства, такія як святы Ян ад Крыжа або св. Ігнацый Лаёла, вельмі моцна заклікалі вернікаў да асцярожнасці адносна прыватных аб’яўленняў. Святыя называлі іх спакусай псеўдамістыцызму, духоўнай ілюзіяй, падманам духоўнага ілюмінізму (нібыта аўтаматычнага прасвятлення зверху). Гісторыя Касцёла сведчыць, наколькі драматычныя, а часам нават трагічныя грамадскія ўзрушэнні выклікалі візіянеры, якія супрацьстаўлялі свае прыватныя бачанні несумненнаму аўтарытэту публічнага Божага Аб’яўлення (у Хрысце і Святым Пісанні). З такіх візіяў і самазваных аўтарытэтаў нараджаліся і нараджаюцца новыя секты, рэлігійныя махляры, нішчацца падманутыя злым духам людзі, перакананыя ў сваёй выбранасці і валоданні «патаемнымі ведамі», а падманутыя вернікі адыходзяць ад сакрамэнтальнага і хрысціянскага жыцця.

Касцёл заклікае людзей да вялікай асцярожнасці пры сустрэчы з нейкім прыватным аб’яўленнем, асабліва калі яно хаваецца за аўрай таямнічасці, ананімнасці, недагаворак. Трэба заўсёды звяртацца да святароў, якія маюць адпаведную тэарэтычную і практычную падтрыхтоўку, каб дапамагчы знайсці інфармацыю пра афіцыйнае стаўленне Касцёла да кожнага «адкрыцця», бо пазіцыя Касцёла, якую часта агучвае біскуп, асноўваецца на дакладных даследаваннях экспертаў. Гэтая пазіцыя вартая даверу, але абсалютна неразумна абапірацца на меркаванні прыватных людзей, нават калі яны называюць сябе хрысціянамі, католікамі.

Варта заўважыць, што Касцёл ніколі не выказваецца на тэму аб’яўленняў, пакуль яны не скончацца, бо толькі тады іх можна даследаваць цалкам і даць ім належную ацэнку, але ў працэсе аб’яўленняў і візіянер, і вернікі могуць быць падманутыя. Вядомыя выпадкі, калі злы дух з’яўляўся ў вобразах святых ці Маці Божай, спачатку казаў пабожныя словы, а пасля пачынаў настройваць неабачлівых вернікаў супраць Касцёла і сакрамэнтальнага жыцця, паволі адводзячы іх ад Бога, ад хрысціянскай веры і маралі. Таму наяўнасць аб’яўлення і нейкага святога вобраза ці прыгожых словаў — гэта яшчэ не паказчык праўдзівасці. Каб мець упэўненасць, што дадзенае пасланне паходзіць ад Бога, варта ўлічыць два галоўныя крытэрыі: прааналізаваць яго плады (рэальныя і магчымыя наступствы), а таксама праверыць адпаведнасць аб’яўлення веравучэнню Бібліі і Касцёла. Сам Езус вучыў апосталаў пазнаваць вучэнне па пладах (Мц 7, 16-20).

Зыходзячы з вялікай небяспекі, якую нясе ў сабе кожнае аб’яўленне, Касцёл у сваёй Боскай мудрасці і клопаце аб збаўленні душаў заклікае вернікаў да двух асноўных практычных дзеянняў. Па-першае, трэба мець вялікую асцярожнасць пры сустрэчы з нейкай звышнатуральнай навінкай, а па-другое, засцерагчы бліжніх ад легкавернасці і дэструктыўнага ўплыву махляроў. Неабходна сачыць за тым, каб у касцёлах не распаўсюджваліся ілжывыя і сумніўныя малітвы, сведчанні ці лістоўкі ананімных аўтараў ці псеўданімшчыкаў. Ёсць нямала правераных Касцёлам і жыццём прыватных аб’яўленняў (і літаратуры), якія маюць благаслаўленне касцёльных уладаў.  Трэба знаёміцца менавіта з такой праверанай інфармацыяй, якая можа паслужыць не толькі асабістаму духоўнаму ўзбагачэнню, але праз нас — і збаўленню нашых бліжніх.

Паводле матэрыялаў  часопіса «Ave Maria».

Кс. Андрэй Рылка 


Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця