Пошук

17.10.2024 15:58   Catholic.by
Мучаніцтва св. Ігнацыя. Мастак Франчэско Франкацана / Wikimedia Commons

17 кастрычніка Касцёл успамінае ў літургіі святога Ігнацыя з Антыёхіі, біскупа і мучаніка.

Ён нарадзіўся каля 30 года ад Нараджэння Хрыстова і, паводле традыцыі, быў адным з дзяцей, якіх Езус узяў на рукі і благаславіў. З гэтай прычыны яго называлі таксама Тэафорам, або тым, каго нясе Бог.

З лістоў святога Ігнацыя вынікае, што ён быў першым, хто ўжыў тэрмін «каталіцкі» на акрэсленне ўсяго Касцёла.

Святы Ігнацый быў біскупам Антыёхіі — горада на тэрыторыі сучаснай Турцыі, вядомага тым, што менавіта тут, паводле Дзеяў Апосталаў, паслядоўнікі Хрыста ўпершыню сталі называцца хрысціянамі (гл. Дз 11, 26).

Эўзэбій Кесарыйскі, гісторык IV стагоддзя, прысвяціў цэлы раздзел сваёй «Гісторыі Касцёла» жыццю і дзейнасці Ігнацыя, а таксама напісаным ім лістам да шэрагу супольнасцяў тагачаснага Касцёла. «З Сірыі, — піша Эўзэбій, — Ігнацый быў адпраўлены ў Рым, дзе павінен быў быць кінуты на разарванне дзікім жывёлам за сведчанне, якое ён даваў пра Хрыста. Здзяйсняючы сваё падарожжа па Азіі, пад наглядам строгай варты, у кожным з гарадоў, дзе ён спыняўся, ён умацоўваў Касцёлы пропаведдзю і настаўленнямі; перш за ўсё, з найвялікшым запалам ён заклікаў пазбягаць ерасяў, якія пачалі распаўсюджвацца ў той час, і заахвочваў не адрывацца ад апостальскай традыцыі».

Ніхто з Айцоў Касцёла не выказваў з такой моцай, як Ігнацый, жаданне еднасці з Хрыстом і жыцця ў Ім. Ігнацый просіць хрысціянаў Рыма не перашкаджаць яго мучаніцкай смерці, бо ён з нецярплівасцю чакае «з’яднання з Езусам Хрыстом». У сваім Лісце да Рымлянаў святы Ігнацый пісаў: «Пішу ўсім Касцёлам і абвяшчаю ўсім, што ахвотна памру за Бога, калі мне ў гэтым не перашкодзіце. Прашу вас: не аказвайце мне заўчаснай любові. Дазвольце мне стаць ежаю для звяроў, дзякуючы якім я дайду да Бога.

Я – Божая пшаніца: няхай раструшчаць мяне зубы звяроў, каб я стаў чыстым хлебам Хрыста. Прасіце за мяне Хрыста, каб праз гэтых звяроў я стаў ахвярным прынашэннем для Бога».

Ігнацый быў цвёрдым і адважным чалавекам, які дасягнуў святасці, аддаўшы жыццё за Хрыста і Касцёл, і цяпер эфектыўна дапамагае тым, хто моліцца праз яго заступніцтва. Пададзеная ніжэй кароткая малітвы можа дапамагчы вернікам у штодзённых цяжкасцях і выпрабаваннях і падтрымаць у духоўных і эмацыйных змаганнях, даючы сілу і надзею. Яна таксама можа дапамагчы у адносінах з іншымі людзьмі, навучыць ставіцца да іх са зразуменнем, цярплівасцю і міласэрнасцю. Заступніцтва святога Ігнацыя можа паспрыяць глыбейшаму ўсведамленню сваіх грахоў і навяртанню, усталяванню большай блізкасці з Богам, а таксама дапамагчы адкрыць сваё пакліканне і мэту ў жыцці.

Малітва праз заступніцтва святога Ігнацыя з Антыёхіі

Усемагутны вечны Божа, сведчаннем святых мучанікаў Ты аздабляеш Касцёл, Містычнае цела Твайго Сына, учыні, каб мучаніцкая смерць святога Ігнацыя, якая прынесла яму вечную славу, стала для нас крыніцаю мужнасці ў вызнаванні веры. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця