Пошук

03.06.2019 11:55   Catholic.by
Паштовая марка ў памяць візіту папы Францішка ў Румынію. Фота: gulfmannnews.blogspot.com

З 31 мая па 2 чэрвеня папа Францішак знаходзіўся з Апостальскім візітам у Румыніі.

Падчас свайго падарожжа ў гэтую краіну з пераважна праваслаўным насельніцтвам Пантыфік наведаў чатыры гарады: Бухарэст, сталіцу краіны, дзе сустрэўся з дзяржаўнымі ўладамі, а таксама з праваслаўным Патрыярхам Даніілам і членамі Сінода Румынскай Царквы; Шумулеў-Чук, дзе знаходзіцца марыйны санктуарый — месца штогадовай пілігрымкі католікаў з Венгрыі і Румыніі; Ясы — першую лацінскую дыяцэзію ў краіне, а таксама Блаж, дзе ў 1795 г. быў выдадзены першы пераклад Бібліі на румынскую мову.

У Бухарэсце пастыр паўсюднага Касцёла наведаў праваслаўную катэдру, дзе разам з мясцовымі хрысціянамі супольна памаліўся «Ойча наш» на лацінскай і на румынскай мовах. Пры гэтым Папа падкрэсліў, што ў малітве Панскай найлепш выяўляецца тоеснасць хрысціянаў як дзяцей і братоў, якія моляцца поплеч.

У марыйным санктуарыі Шумулеў-Чук Святы Айцец узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі, у якой узялі ўдзел каля 100 тыс. вернікаў.

У прамоўленай гаміліі папа Францішак заўважыў, што вялікая колькасць католікаў румынскага і венгерскага паходжання, якія прыбываюць сюды напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, сімвалізуе дыялог, адзінства і братэрства.

У горадзе Ясы Папа правёў сустрэчу з моладдзю і сем’ямі, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі розных народаў. Падчас яе Святы Айцец нагадаў пра важнасць захавання каранёў і перадачы веры ў сям’і. Ён заклікаў перадаваць веру не толькі на словах, але з дапамогаю жэстаў, позірку, пяшчоты, прастаты і шчырасці.

2 чэрвеня на полі Свабоды ў горадзе Блаж папа Францішак узначаліў Боскую Літургію ва ўсходнім абрадзе, падчас якой адбылася беатыфікацыя семярых грэка-каталіцкіх біскупаў-мучанікаў — ахвяраў змагання з верай падчас камуністычнага рэжыму ў Румыніі.

«Гэтыя пастыры, мучанікі за веру, захавалі і пакінулі румынскаму народу каштоўную спадчыну, якую можна абагульніць двума словамі: свабода і міласэрнасць», — адзначыў Папа, заклікаўшы румынскіх вернікаў таксама быць сведкамі свабоды і міласэрнасці.

Пасля Літургіі Святы Айцец узначаліў традыцыйную марыйную малітву «Уладарка неба», у якой даручыў румынскі народ матчынай апецы Багародзіцы.

Апошнім пунктам Апостальскага падарожжа ў Румынію стала сустрэча папы Францішка з мясцовымі прадстаўнікамі цыганскай супольнасці.

Ад імя Касцёла Святы Айцец папрасіў прабачэння за ўсе выпадкі дыскрымінацыі і ўціску цыганоў, што мелі месца ў гісторыі.

Пры гэтым ён запэўніў прадстаўнікоў цыганскага народа ў тым, што ў Хрыстовым Касцёле ёсць месца для ўсіх, і заклікаў іх браць актыўны ўдзел у жыцці грамадства і ўзбагачаць яго такімі каштоўнасцямі, як пашана да жыцця і сям’і, салідарнасць, гасціннасць, узаемадапамога і абарона найбольш слабых, адкрытасць і жыццярадаснасць.

На гэтым завяршылася 30-е замежнае Апостальскае падарожжа папы Францішка ў Румынію, якое прайшло пад дэвізам «Ідзем разам».

Абноўлена 03.06.2019 13:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.