Пошук

27.05.2019 13:07   Паводле: Svjazep.org / Фота: podlasie24.pl / Catholic.by

Бласлаўлёную Мар’яну Бярнацкую, якая ў 1943 г. прыняла мучаніцкую смерць ад рук нацысцкіх вылюдкаў на фартах у Навумавічах, што пад Гроднам, ушанавалі 26 мая ў санктуарыі благаслаўлёных падляскіх мучанікаў у Пратуліне (Польшча).

Як паведамляе сайт мінскай грэка-каталіцкай парафіі святога і праведнага Язэпа Svjazep.org, ужо на працягу чатырох гадоў у маі ў Пратуліне, што непадалёк ад неа-унійнай парафіі ў Кастамлотах над Бугам, адбываецца Пілігрымка жанчын, якую арганізуе Душпастырства жанчын Сядлецкай рыма-каталіцкай дыяцэзіі. Штогод яна збірае ад 2 да 3 тысяч удзельніц.

Сёлета да пілігрымкі далучыліся больш за тры тысячы жанчын.

Яны прыязджаюць сюды індывідуальна, арганізаванымі групамі, на матацыклах або роварнымі пілігрымкамі. Часта ў ёй удзельнічаюць цэлыя сем’і.

Акрамя рыма-каталіцкіх верніц у пілігрымцы бяруць удзел таксама верніцы, звязаныя з неа-унійнай парафіяй у Кастамлотах і нашчадкі падляскіх грэка-католікаў. Дарэчы, «мужная свякроў» бл. Мар’яна Бярнацкая таксама была грэка-каталічкай.

З каштоўным сведчаннем выступіла праўнучка бл. Мар’яны Бярнацкай Гражына Серафін, якая распавядала пра заступніцу свякровак, узор маці і свекрыві.

«Яна аддала сваё жыццё за выратаванне цяжарнай нявесткі. Праз яе заступніцтва жанчыны моляцца з просьбай аб ласцы мацярынства», — адзначыла прамоўца.

Праўнучка бл. Мар’яны Бярнацкай Гражына Серафін

Падчас сустрэчы пілігрымаў быў час на малітву, на размову пра місію хрысціянскіх жанчын у сучасным свеце, на духоўную сустрэчу з бл. Мар’янай Бярнацкай.

Малітоўны ўспамін благаслаўлёнай свекрыві дапамог глыбей адчуць сведчанне моцнай веры, якой мужна і непахісна трымаліся ў сваіх сем’ях жыхары Падляшша ў даўняй і бліжэйшай гісторыі.

Гродзенскія грэка-католікі ўшаноўваюць памяць благаслаўлёнай Мар’яны два разы на год: у нядзелю Усіх беларускіх святых (2-я нядзеля пасля Зыходу Святога Духа) і ў дзень яе нараджэння для неба — 13 ліпеня.

Мар’яна Бярнацкая нарадзілася ў 1888 г. у Ліпску. Бог, Яго закон і любоў да сям’і былі для яе каштоўнасцямі, важнейшымі за ўласнае жыццё. Падчас карнай акцыі гестапа яна ахвяравала сябе замест сваёй цяжарнай нявесткі. Стоячы на каленях каля ног эсэсаўца, прасіла: «Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе». Нявестка вярнулася дамоў, а Мар’яну расстралялі 13 ліпеня 1943 г. у Навумавічах каля Гродна. Чакаючы пакарання, яна мела толькі адну просьбу: каб ёй далі ружанец.

Абноўлена 27.05.2019 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа