Пошук

25.04.2019 17:12   Catholic.by
Ніколь Кідман з мужам Кітам Урбанам. Фота: Fox News

Вядомая амерыканская актрыса Ніколь Кідман мае моцную веру ў Бога і не баіцца казаць пра яе ўслых. Яна яшчэ раз сцвердзіла гэта ў майскім нумары амерыканскага часопіса Vanity Fair.

«Многія мае сябры з мяне кпяць», — прызнаецца зорка. Прычына кпінаў у тым, што Ніколь Кідман — практыкуючая каталічка, якая са сваёй сям’ёй рэгулярна ходзіць у касцёл.

«Так мы гадуем нашых дзяцей. У Кіта [Кіт Урбан, муж спявачкі — рэд.] свая вера, але ён таксама ходзіць з намі.

Мая бабуля была моцна веруючай каталічкай, і я гадавалася ў малітве, што мела на мяне вялікі ўплыў», — сказала актрыса.

Кідман вярнулася да каталіцтва ў 2006 г. Да гэтага яна працяглы час разам са сваім першым мужам Томам Крузам належала да секты саенталогіі. З дапамогаю кс. Пола Колмана, аўстралійскага святара і сябра сям’і, Ніколь Кідман пакінула секту, а яе сужэнства з Крузам было прызнана несапраўдным.

Перад шлюбам з выканаўцам музыкі кантры Кітам Урбанам яна спецыяльна вывучала тэалогію, каб лепш зразумець свае каталіцкія карані. Кідман і Урбан маюць двух дзетак: Сандзі Роўз і Фэйс Маргарэт.

51-гадовая актрыса знялася ў некалькіх дзясятках фільмаў і ў 2002 г. атрымала прэмію амерыканскай кінаакадэміі «Оскар» за ролю пісьменніцы Вірджыніі Вулф у фільме «Гадзіны». Цяпер яна кажа, што каталіцтва вядзе яе па жыцці:

«Я маю сапраўды моцную веру, стараюся рэгулярна хадзіць у касцёл і да споведзі. Мая духоўнасць заключаецца ў абсалютнай веры ў Бога.

Мне заўсёды падабалася думка стаць законніцай. Як відаць, я не пайшла гэтым шляхам».

Абноўлена 25.04.2019 17:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.