Пошук

22.03.2019 11:59   Паводле: KAI / Catholic.by
Фота rzeszow-news.pl

Ноч, цяжкасці, выклік, змаганне з самім сабой — усё гэта пераадольваюць удзельнікі экстрэмальнага Крыжовага шляху.

Гэтая незвычайная малітоўная ініцыятыва ўзнікла ў суседняй Польшчы і з году на год становіцца ўсё больш папулярнай падчас Вялікага посту ў розных краінах. Сёння экстрэмальны Крыжовы шлях праходзіць па 552 маршрутах у амаль 250 розных месцах на тэрыторыі 25 краін.

Экстрэмальны Крыжовы шлях — гэта пешая начная вандроўка ў цішыні і самотнасці працягласцю як мінімум каля 40 кіламетраў. Гэты шлях неабходна пераадолець уначы, у самотнай і засяроджанай малітве, без размоваў, прывалаў і пікнікоў.

Фота dziennikwschodni.pl

Гэта патрабуе ад чалавека пакінуць камфортныя ўмовы і сказаць Богу: «Я тут дзеля таго, каб Ты штосьці мне сказаў, каб нешта зрабіў для мяне. Я хачу сустрэцца з Табою на гэтым шляху». Экстрэмальны Крыжовы шлях — гэта асаблівая форма малітвы для тых, хто не баіцца знясіліцца, тлумачаць арганізатары.

Сёлета экстрэмальны Крыжовы шлях праходзіць пад дэвізам «Касцёл ХХІ стагоддзя».

«Першыя хрысціяне не мелі касцёлаў, сродкаў інфармацыі, навучальных установаў, адукаваных святароў і вялікіх матэрыяльных сродкаў, а між тым колькасць паслядоўнікаў Хрыста няспынна павялічвалася. У сучасных хрысціянаў ёсць усё вышэйпералічанае, але, тым не менш, нас становіцца ўсё менш. У чым крыецца таямніца?

Фота gazetakrakowska.pl

Першыя хрысціяне дзякуючы Божай ласцы былі такімі людзьмі, што іншым хацелася проста быць з імі, праводзіць разам час і быць да іх падобнымі.

Моц першых хрысціянаў была ў іх саміх; у тым, якімі добрымі і прыцягальнымі яны былі людзьмі», — лічыць кс. Ярослаў Рачак, прэс-сакратар экстрэмальнага Крыжовага шляху.

Святар звяртае ўвагу на тое, што Касцёл ХХІ ст. — гэта Касцёл добрых, адказных людзей. Людзей, якія не нарадзіліся такімі, але такімі сталі.

«Перамяняючыся, яны са сваіх слабасцяў здабылі моц, якая зрабіла іх прыгожымі людзьмі. Экстрэмальны Крыжовы шлях — гэта шлях слабасці, шлях пераадольвання цяжкасцяў і ўласных абмежаванняў дзеля таго, каб стаць прыгожым чалавекам», — кажа кс. Ярослаў.

Фота eska.pl

Арганізатары экстрэмальнага Крыжовага шляху шукаюць лідараў, якія на мясцовым узроўні будуць пашыраць і прапагандаваць гэтую ідэю. На іх думку, для гэтага дастаткова толькі вызначыць маршрут, арганізаваць св. Імшу на пачатак і прасачыць за тым, каб усе правільна зразумелі правілы ўдзелу ў экстрэмальным Крыжовым шляху. Усё астатняе — гэта добрая воля ўдзельнікаў і плён іх асабістай суcтрэчы з Богам.

Маршруты экстрэмальнага Крыжовага шляху і магчымасць удзелу ў ім цяпер існуюць у Ерузалеме, а таксама ў Рыме, літаральна «пад вокнамі» ў папы Францішка.

Яны праходзяць у Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Галандыі, Германіі, ЗША, Канадзе, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Нарвегіі, Польшчы, Славакіі, Украіне, Францыі, Швейцарыі, а таксама на Святой Зямлі.

Фота gazetakrakowska.pl

Сёлета групы ўдзельнікаў асаблівай формы малітвы рушаць у дарогу 29 сакавіка і 5 красавіка, але самы масавы экстрэмальны Крыжовы шлях запланаваны на 12 красавіка — пятніцу перад Пальмовай, або Вербнай нядзеляй.

Год таму ўдзельнікі экстрэмальнага Крыжовага шляху пераадолелі каля 30,5 тыс. км па 720 розных маршрутах.

З імі духоўна яднаўся таксама папа Францішак. Святы Айцец заахвоціў іх з даверам даручыць Богу саміх сябе, свае сем’і, сяброў і непрыяцеляў, каб у кожным чалавеку пасяліліся супакой і моц Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага.

Знайсці маршруты экстрэмальнага Крыжовага шляху на карце можна ТУТ>>>

Магчыма, і сярод беларускіх вернікаў знойдуцца тыя, хто пажадае падтрымаць гэтую ініцыятыву і прайсці свой уласны экстрэмальны Крыжовы шлях, каб пераадолець свае слабасці і такім чынам наблізіцца да Хрыста.

Фота e-gniezno.pl

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця