Сёлета 21 сакавіка ўжо ў чатырнаццаты раз адзначаецца Сусветны дзень сіндрому Даўна.
Мэта гэтай міжнароднай ініцыятывы — спрыянне людзям з сіндромам Даўна ў іх прыняцці грамадствам і ў рэалізацыі іх правоў.
Сёлета гэты дзень пройдзе пад дэвізам «Ніхто не будзе пакінуты » (No one will be left behind).
Гэтыя словы ўзятыя з рэзалюцыі ААН ад 25 верасня 2015 г., прысвечанай неабходнасці перамянення свету дзеля стабільнага развіцця.
«Мы адважваемся на рашучыя крокі дзеля зменаў, якія як найхутчэй неабходна здзейсніць, каб скіраваць свет на сцежку стабільнага і трывалага развіцця. Распачынаючы гэтае супольнае падарожжа, мы прымаем на сябе абавязак, што ў ім ніхто не будзе пакінуты», — падкрэслена пры абвяшчэнні 17 мэтаў стабільнага развіцця, якія неабходна дасягнуць да 2030 г.
Дэвіз нагадвае таксама пра незадавальняючае становішча ў грамадстве людзей з сіндромам Даўна. Яны часта становяцца ахвярамі дыскрымінацыі і адкідання і не маюць роўнага з іншымі доступу да адукацыі, аховы здароўя і працы, адзначаюць арганізатары Дня сіндрому Даўна.
Дзень 21 сакавіка сімвалізуе трэцюю храмасому ў дваццаць першай пары, наяўнасць якой з’яўляецца генетычнай прычынай сіндрому Даўна.
У гэты дзень арганізатары заклікаюць усіх, хто неабыякавы да праблемаў людзей з сіндромам Даўна, насіць рознакаляровыя шкарпэткі, якія могуць быць таксама з дзвюх розных пар.
Прафесар Жэром Лёжён, генетык і медык, які адкрыў прычыну сіндрома Даўна, рашуча адстойваў правы асобаў з гэтым сіндромам, перадусім іх права на жыццё. Акрамя таго, ягоныя адкрыцці ў галіне генетыкі мелі вялікае значэнне для акрэслення прававога статусу чалавека на стадыі прэнатальнага развіцця (да нараджэння).
У перыяд Вялікага посту найменшае, што могуць зрабіць вернікі для такіх людзей і іх родных, — гэта атуліць іх сваёй малітвай і хрысціянскім клопатам.