Пошук

28.02.2019 13:06   Catholic.by
Сафійскі сабор у Кіеве. Фота sofiyskiy-sobor.polnaya.info

26 лютага ў Рыме пад кіраўніцтвам Вярхоўнага арцыбіскупа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука прайшло пасяджэнне круглага стала на тэму «Украіна сёння: роля Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў пераўтварэнні ўкраінскага грамадства».

Як паведаміла агенцтва КАІ, за круглым сталом сабраліся супрацоўнікі шэрагу высокіх ватыканскіх ведамстваў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе, а таксама журналісты італьянскай прэсы.

Ва ўступе кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (УГКЦ) прааналізаваў актуальную сітуацыю ў краіне, прапанаваўшы прысутным «паглядзець на Украіну не як на праблему, а як на вырашэнне многіх праблем, у тым ліку і міжнародных».

Паводле іерарха, украінскі народ цяжка паранены з многіх прычынаў.

«Перадусім гэта раны камунізму. Мы з’яўляемся краінай, якая перажыла пераход ад постсавецкага грамадства да сапраўднай дэмакратыі», — зазначыў арцыбіскуп. У гэтым кантэксце ён асабліва вылучыў праблему карупцыі — параджэнне алігархічнай сістэмы, дадаўшы, што менавіта супраць гэтага была скіравана «рэвалюцыя годнасці», якая адбылася ва Украіне.

Арцыбіскуп Шаўчук упэўнены, што ў пошуках маральных арыенціраў інстытутам, які карыстаецца ва ўкраінскім грамадстве найбольшым даверам, з’яўляецца менавіта Царква.

Пры гэтым іерарх звярнуў увагу на тое, што сёння ўкраінскім Цэрквам спрабуюць навязаць два ўзоры функцыянавання: з аднаго боку — посткамуністычную мадэль суіснавання Царквы і дзяржавы, а з другога — ліберальную мадэль секулярызаванай Еўропы, якую пэўныя сілы спрабуюць прадставіць як быццам «еўрапейскія каштоўнасці».

У якасці альтэрнатывы абедзвюм гэтым мадэлям Украінская Грэка-Каталіцкая Царква прапануе нядаўняе пасланне «Наша Святая Сафія», у якім Царква з’яўляецца ўзорам для пабудовы грамадства, а яе сацыяльнае вучэнне — асноваю адносін паміж людзьмі.

Арцыбіскуп Шаўчук распавёў удзельнікам круглага стала пра ініцыятыву сваёй Царквы абвясціць «год малітвы ў інтэнцыі сумленных і справядлівых выбараў ва Украіне», а таксама пра распрацаваны УГКЦ дапаможнік для выбаршчыкаў-хрысціянаў.

Гэтая інструкцыя павінна дапамагчы ім усвядоміць адказнасць за свой уласны голас і прадстаўляе «дэкалог, або дзесяць запаведзяў хрысціянскага палітыка».

«Царква звярнулася да вернікаў і да кандыдатаў, якія выстаўляюць свае кандыдатуры на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, асцерагаючы іх ад небяспекі папулізму, выкарыстання насілля, а таксама ад купляння-продажу галасоў выбаршчыкаў», — паведаміў арцыбіскуп.

Гаворачы пра вайну на паўднёвым усходзе краіны, іерарх назваў яе «яшчэ адной ранай» украінскага народа, маючы на ўвазе шматлікія фізічныя, духоўныя і псіхалагічныя наступствы канфлікту. Пры гэтым ён падкрэсліў асаблівую ролю Царквы, якую яна адыгрывае «ў лячэнні гэтых ранаў».

Згадаўшы словы папы Францішка, ён назваў Царкву «сапраўдным палявым шпіталем», дадаўшы, што «ў такіх складаных умовах Каталіцкая Царква становіцца для ўкраінскага грамадства сапраўднай супольнасцю веры і салідарнасці».

Гаворачы пра рэлігійнае і экуменічнае становішча ва Украіне, арцыбіскуп Кіева-Галіцкі адносна сітуацыі, якая склалася ва ўкраінскім праваслаўі, сказаў, што «дыскусія паміж Маскквой і Канстанцінопалем з’яўляецца ўнутранай справай праваслаўнага свету, а мы не з’яўляемся ўдзельнікамі гэтага працэсу». Пры гэтым іерарх падкрэсліў, што УГКЦ жадае «будаваць сяброўскія адносіны з усімі», дадаўшы, што «не ўсе хочуць быць нашымі сябрамі». Ён таксама звярнуў увагу на тое, што цяпер назіраюцца «спробы развязаць ва Украіне рэлігійную вайну, але <…> украінскі народ не паддасца гэтай правакацыі».

Гаворачы пра экуменічны рух, кіраўнік УГКЦ нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ, што «Украіна з’яўляецца лабараторыяй экуменізму», у сувязі з чым імкненне да адзінства хрысціянаў з’яўляецца для ўкраінскіх вернікаў «справай не палітычнай, а душпастырскай». Іерарх падзяліўся з удзельнікамі круглага стала сваёй упэўненасцю ў тым, што ягоная Царква, якая мае як мясцовае, так і міжнароднае вымярэнне, дзякуючы сваёй еднасці з паўсюдным Касцёлам павінна выканаць «асаблівую экуменічную місію ва Украіне і адначасова паклікана адкрыць свету мясцовую царкоўную рэчаіснасць».

Абноўлена 28.02.2019 14:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа