Пошук

07.02.2019 13:02   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Слуга Божы Пэдро Арупэ. Фота iaju.deusto.es

Увечары 5 лютага Генеральны вікарый Рыма кардынал Анджэло Дэ Данаціс узначаліў цырымонію адкрыцця дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсу Слугі Божага Пэдро Арупэ Гондры SI.

Як паведаміла італьянская рэдакцыя партала Vatican News, на цырымоніі, якая праходзіла ў галоўнай святыні Вечнага горада — базыліцы св. Яна на Латэране, высокі іерарх звярнуў увагу на багацце чалавечай асобы і духоўнасці гэтага святара, які да рэшты прысвяціў сябе выкананню Божай волі ў служэнні Касцёлу і сваім братам. Больш за трыццаць гадоў айцец Пэдро Арупэ быў Генеральным настаяцелем Таварыства Езуса (ордэна езуітаў). Невыпадкова пастулатарам працэсу стаў а. Паскуаль Сэбалада, таксама езуіт.

Як адзначыў кардынал Дэ Данаціс, айцец Арупэ «быў укаранёны ў Хрысце, якога палымяна любіў, і з адважным даверам дазволіў весці сябе шляхам мудрасці і свабоды, якія паходзяць ад Святога Духа». Сапраўдны чалавек Божы і слуга Касцёла, ён меў таксама выключныя чалавечыя якасці і заўсёды быў гатовы прыняць, выслухаць і дапамагчы кожнаму.

Хвала святасці, якая спадарожнічала айцу Арупэ ўжо пры жыцці, стала яшчэ больш пашырацца пасля яго смерці.

Як падкрэсліў кардынал Дэ Данаціс, сёння нямала вернікаў у Рыме і ў свеце падмацоўваюцца яго духоўнымі творамі, а таксама даручаюць сябе яго заступніцтву. Імя Пэдро Арупэ носяць сотні супольнасцяў, апостальскіх ініцыятываў і праграм ва ўсім свеце, што, на думку высокага іерарха, з’яўляецца сведчаннем прызнання шматлікіх цнотаў гэтага выдатнага хрысціяніна, які пасля завяршэнны кананічнага працэсу «можа стаць прызнаным Касцёлам узорам святасці для ўсіх вернікаў».

Пэдро Арупэ нарадзіўся 14 лістапада 1907 г. у Більбао ў Краіне Баскаў на поўначы Іспаніі. Пасля вучобы вырашыў стаць езуітам. Будучы місіянерам у Японіі, 6 жніўня 1945 г. айцец Арупэ перажыў падзею, якая стала лёсавызначальнай для ўсяго ягонага далейшага жыцця, а менавіта — ядзерную бамбардзіроўку Хірасімы. Каб дапамагаць пацярпелым, ён разгарнуў у будынку навіцыяту палявы шпіталь і сам аказваў дапамогу параненым.

Пазней, ужо ў якасці Генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса, ён вёў свой ордэн шляхам паслясаборнага аднаўлення, ставячы ў цэнтр увагі найбольш гаротных, асабліва бежанцаў.

Улетку 1981 г. цяжкі ісульт прымусіў айца Арупэ пакінуць пасаду Генерала езуітаў. Ён стаў першым у гісторыі Таварыства Генеральным настаяцелем, які не заставаўся на сваёй пасадзе да смерці. Паралізаваны, страціўшы мову, Пэдро Арупэ адышоў у вечнасць 5 лютага 1991 г.

14 лістапада 1997 г. яго парэшткі былі перанесены ў галоўны касцёл езуітаў у Рыме Іль-Джэзу.

Абноўлена 07.02.2019 13:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця