25 студзеня ўдзельнікі Сусветных дзён моладзі ў Панаме распачалі з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзі, а завяршылі супольным набажэнствам Крыжовага шляху з папам Францішкам.
У гэты дзень дэлегаты СДМ з Беларусі і іх рускамоўныя аднагодкі з дапамогаю праведзенай біскупам Юзафам Станеўскім катэхезы разважалі над словамі Марыі: «Няхай Мне станецца паводле твайго слова».
Пасля катэхезы па традыцыі адбылася св. Імша. У ёй разам з пілігрымамі бралі ўдзел таксама валанцёры і мясцовыя жыхары, якія прымаюць у сваіх дамах моладзь з іншых краін. Да цэлебрацыі, якую ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі, далучыўся таксама пробашч мясцовай парафіі, чые вернікі праявілі вялікую гасціннасць у адносінах да нашых суайчыннікаў.
У свята Навяртання св. апостала Паўла ўдзельнікі СДМ маліліся перадусім аб адзінстве хрысцінаў, а таксама асаблівым чынам за народы Украіны і Венесуэлы, якія перажываюць цяжкія ўнутраныя канфлікты.
«Браты і сёстры, якія гавораць адну малітву „Ойча наш…“, цяпер стаяць не поплеч, а супрацьстаяць адно аднаму. Таму так важна прасіць у Нябеснага Айца адзінства, згоды і салідарнасці для падзеленых братоў і сясцёр», — падкрэсліў біскуп Юзаф.
На заканчэнне св. Імшы беларускія дэлегаты СДМ пакінулі сваім панамскім гаспадарам абраз Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, у знак духоўнай еднасці і сяброўства, якое застанецца і тады, калі наша моладзь вернецца дадому.
Юнакі і дзяўчаты з Беларусі паабяцалі сваім новым сябрам, што абавязкова будуць памятаць пра іх у сваіх малітвах падчас урачыстасці Маці Божай у Будславе.
Даведаўшыся, калі адзначаецца гэтае свята, панамскія вернікі выказалі жаданне ў гэты дзень таксама з’яднацца ў малітве з беларускім народам праз заступніцтва адзінай для ўсіх людзей Нябеснай Матулі.
Увечары на ўзбярэжжы Чынта-Кастэра адбылося набажэнства Крыжовага шляху, якое ўзначаліў папа Францішак. Крыж пілігрымаў ад стацыі да стацыі неслі юнакі і дзяўчаты, змяняючы адно аднаго. Малітвы і разважанні таксама прамаўляла сама моладзь.
На першым месцы ў гэтых разважаннях была бязмежная любоў Бога да людзей, найвышэйшым доказам якой стала крыжовая смерць Збаўцы Езуса Хрыста.
У малітвах таксама быў зроблены націск на тое зло, якое супраціўляецца гэтай бязмежнай любові як на амерыканскім кантыненце, так і ў іншых частках свету: карупцыю, непавагу да жыцця, асабліва ненароджаных, старых і хворых, канфлікты і непрыняцце іншых людзей, перадусім тых, якія вымушана пакідаюць свае дамы і шукаюць лепшай долі ў свеце, становячыся мігрантамі… Малітва суправаджалася харэаграфічнай візуалізацыяй.
На заканчэнне Крыжовага шляху Святы Айцец папрасіў моладзь яшчэ пэўны час у цішыні і засяроджанасці паразважаць над ахвярнай Божай любоўю.