24 студзеня каля 250 тысяч удзельнікаў Сусветных дзён моладзі ў Панаме, у тым ліку і прадстаўнікі Беларусі, з вялікім энтузіязмам і радасцю прывіталі папу Францішка, які ўвечары да іх далучыўся.
Пяць маладых прадстаўнікоў пяці кантынентаў у традыцыйным адзенні сустрэлі Святога Айца, і, узяўшыся за рукі, разам падняліся з ім на памост, усталяваны на панамскім узбярэжжы Чынта-Кастэра.
Пасля гэтага сюды ж былі прынесены сімвалы СДМ: Крыж пілігрымаў і абраз Маці Божай Снежнай.
У падарунак ад мясцовай моладзі папа Францішак атрымаў стулу — сімвал святарскага служэння — выкананую і аздобленую ў тэхніцы, традыцыйнай для карэннага насельніцтва Амерыкі.
У адказ на радаснае прывітанне моладзі Святы Айцец таксама прывітаў усіх юнакоў і дзяўчат, якія сабраліся на СДМ, асабліва звярнуўшыся да мясцовых маладах людзей і пілігрымаў з Афрыкі, для якіх гэтае далёкае падарожжа было найцяжэйшым.
Калі на Сусветных днях моладзі ў польскім Кракаве папа Францішак сказаў, што наступныя СДМ пройдуць у Панаме, моладзь запыталася ў яго, ці ён возьме ў іх удзел. Тады Святы Айцец адказаў, што не ведае, ці будзе менавіта ён, але што напэўна будзе Пётр нашага часу, а «там, дзе Пётр, — там Касцёл».
Гаворачы пра сабраны з прадстаўнікоў усіх народаў «малады Касцёл», Папа падкрэсліў, што гэты «малады Касцёл» не з’яўляецца нейкай адасобленай, паралельнай структурай у Паўсюдным Касцёле. Паводле Пантыфіка, моладзь паклікана ісці наперад разам з усімі, каго сабраў у адно Езус Хрыстус, не для таго, каб стварыць нейкую асобную «модную» ці «забаўляльную» супольнасць, а каб разам спрыяць аднаўленню маладосці ўсяго паўсюднага Касцёла, незалежна ад розніцы культур і гістарычных традыцый.
Святы Айцец заклікаў моладзь быць «настаўнікамі для старэйшага пакалення», пераадольваючы ўсе падзелы і імкнучыся да адзінства ў разнастайнасці, да якога Езус кліча сваіх вучняў.
Папа Францішак такім чынам нагадаў моладзі тое, чаму ў сваім вучэнні надаваў вялікую ўвагу яго папярэднік Бэнэдыкт XVI. Узгадаўшы пра яго, Папа заклікаў моладзь перадаць яму прывітанне, якое ён, напэўна, пачуе і ўбачыць, што і было выканана з вялікім энтузіязмам — воплескамі і воклічамі тысяч удзельнікаў СДМ.
Узгадалі таксама і ініцыятара Сусветных дзён моладзі св. Яна Паўла ІІ, чый запісаны відэазварот быў надзвычай цёпла ўспрыняты ўдзельнікамі СДМ на Чынта-Кастэра.
Прадстаўнікі беларускай моладзі, асабліва адчуваючы ў Панаме сваю прыналежнасць да адзінага цела Хрыстовага Касцёла, радаваліся магчымасці ўжывую перажываць гэтае адзінства ў разнастайнасці. Вярнуўшыся дадому, яны абавязкова падзеляцца такім важным духоўным досведам са сваімі аднагодкамі ў Беларусі.