Пошук

25.01.2019 11:17   Фота: біскуп Юзаф Станеўскі, кс. Антоні Грэмза / Catholic.by

24 студзеня з нагоды ўспаміну св. Францішка Сальскага беларускія ўдзельнікі СДМ у Панаме на чале з біскупам Юзафам Станеўскім памаліліся за супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ ў Беларусі.

Гэты дзень нашы пілігрымы распачалі з катэхезы, у якой працягнулі разважаць над дэвізам Сусветных дзён моладзі: «Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле Твайго слова», засяродзіўшыся над хрысціянскім аспектам служэння. Як адзначыў напачатку біскуп Станеўскі, з кніг і з фільмаў вядома, што былі часы, калі слугі выконвалі самую цяжкую і непрыемную працу. Да гэтага іх прымушалі сілай, а за невыкананне працы цяжка каралі.

Як жа растлумачыць такі парадокс: Езус прыходзіць збавіць людзей, вызваліць іх, падараваць свабоду, але пры гэтым Яго Маці кажа пра сябе: «Вось я, слуга…»?

Падчас Апошняй вячэры сам Езус прымае на сябе абавязкі слугі, калі, падперазаўшыся ручніком, пачаў мыць ногі сваім вучням, выконваючы такім чынам працу нявольніка. Вучні напачатку не разумеюць такога «самапрыніжэння» свайго Пана. Зразуменне прыходзіць пасля: Езус зрабіў гэта з любові.

«Часам бывае цяжка і нават сорамна прыняць служэнне іншага чалавека: нават цяжэй, чым служыць самому. Гэта становіцца магчымым толькі дзякуючы любові. Без любові немагчыма зразумець ні гэтага жэсту Езуса, ані словаў Яго Маці: „Вось я, слуга…“

Цяпер, у ХХІ стагоддзі, для таго, каб прыняць такую самаахвярную любоў і жыць любоўю, часам трэба пайсці супраць плыні, насуперак агульнапрынятым паводзінам», — падкрэсліў іерарх.

Катэхезу працягнулі самі юнакі і дзяўчаты, дзелячыся сваімі сведчаннямі пра тое, як яны атрымалі ў жыцці штосьці такое, што было для іх незаслужаным дарам любові, калі хтосьці станавіўся для іх «слугою», а таксама пра тое, як яны самі маглі чымсьці паслужыць сваім бліжнім.

На катэхезе прысутнічала адна мясцовая жыхарка, якая прымае ў сваім доме пілігрымаў, аказваючы ім такім чынам сваю паслугу любові. У адказ на словы падзякі ад беларускіх удзельнікаў СДМ яна дала сваё сведчанне. Для яе, пазбаўленай магчымасці падарожнічаць, прымаць у сваім доме пілігрымаў здалёк — вялікая радасць.

Прымаючы ўдзельнікаў СДМ, яна прымае ў іх асобе іншы народ, іншую культуру, і дзякуючы гэтаму ўзбагачаецца сама.

Таму яна ўдзячная Богу за гэтую магчымасць, а таксама пілігрымам, якія адкрываюць для яе шырэйшы погляд на свет.

Пасля катэхезы адбылася св. Імша, падчас якой беларускія ўдзельнікі СДМ прасілі ў Езуса Хрыста, каб Ён зрабіў іх сваімі слугамі, гатовымі ісці шляхам служэння бліжнім у духу любові. Яны таксама памаліліся праз заступніцтва св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, за супрацоўнікаў СМІ, асабліва каталіцкіх мас-медыя на Беларусі.

«Няхай святы Францішак Сальскі апякуецца вамі, каб вы верна неслі Божае слова, робячы яго зразумелым для сучаснага чалавека. Няхай Бог благаславіць вашых родных і блізкіх, бо часам вам даводзіцца затрымлівацца на працы, але вы робіце гэта дзеля служэння бліжнім, дзеля абвяшчэння Добрай Навіны, дзеля збаўлення людзей.

Вы — слугі Божай любові, якую несяце ў сучасны свет», — перадаў свае пажаданні і благаслаўленне з Панамы ўсім супрацоўнікам каталіцкіх СМІ Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі.

Абноўлена 25.01.2019 14:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.