Пошук

17.01.2019 11:33   Паводле: opendoorsusa.org / Фота: opendoorsusa.org / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

16 студзеня была апублікавана штогадовая справаздача міжнароднай хрысціянскай праваабарончай арганізацыі Open doors («Адчыненыя дзверы»), у якой прыводзяцца дадзеныя адносна пераследу хрысціянаў у свеце. У «чорны спіс» трапіла таксама Расія.

Паводле праваабаронцаў з Open doors, больш за 245 млн хрысціянаў ва ўсім свеце на працягу мінулага года цярпелі пераслед за веру ў сваіх краінах, 4305 чалавек былі забітыя з-за свайго веравызнання, а яшчэ 3150 арыштаваныя, асуджаныя і зняволеныя без суду і без следства. Былі здзейснены напады на 1847 касцёлаў і іншых рэлігійных пабудоваў.

Гэта вельмі трывожныя лічбы, асабліва з улікам таго, што яны штогод павялічваюцца.

Са 150 даследаваных праваабаронцамі з Open doors краін быў складзены «чорны спіс», у які ўвайшлі 50 краін, дзе хрысціянаў найбольш пераследуюць і ўціскаюць, пазбаўляюць правоў, падвяргаюць насіллю і нават забіваюць за іх веру. Гаворка ідзе пра 35 краін у Азіі, 13 у Афрыцы і 2 у Лацінскай Амерыцы.

Найбольшы пераслед за веру адзначаны ў Паўночнай Карэі, дзе, як лічыцца, да гэтага часу ў працоўных лагерах утрымліваецца ад 50 да 70 тыс. хрысціянаў. Наступнымі ў спісе ідуць Афганістан і Самалі, дзе на фоне палітычнай нестабільнасці пануе радыкальны ісламізм, а таксама Лівія, Пакістан, Судан, Эрытрэя, Емен, Іран, Індыя і Сірыя. Менавіта ў гэтых адзінаццаці краінах праваабаронцы выявілі вышэйшы ўзровень пераследу хрысціянаў і іншых меншасцяў.

Яшчэ пяць гадоў таму да гэтай катэгорыі належала толькі адна краіна — Паўночная Карэя, што сведчыць пра ўзрастанне непрыязных адносінаў да хрысціянства і хрысціянаў у апошні час. Эксперты звязваюць гэта з такімі з’явамі, як таталітарызм і радыкальны ісламізм, рэлігійны нацыяналізм прадстаўнікоў індуізму ў Індыі і буддызму ў М’янме, камуністычныя і посткамуністычныя праявы ў Кітаі і В’етнаме, а таксама раздражненне супраць прадстаўнікоў Касцёла, выкліканае іх барацьбой з карупцыяй і гандлем наркотыкамі ў Мексіцы і Калумбіі.

Кантынентам, дзе жыццё хрысціянаў знаходзіцца ў найбольшай небяспецы, з’яўляецца Афрыка. Там толькі ў адной краіне, Нігерыі, у мінулым годзе забілі 3731 хрысціяніна.

Усё больш небяспечнымі становяцца паўночная частка Лівіі, Алжыр, Егіпет, Туніс, Марока, а таксама краіны Афрыканскага Рогу — Эфіопія і Эрытрэя.

У Азіі пераслед за веру церпіць кожны трэці хрысціянін. Кітай, які ў «чорным спісе» знаходзіцца на 27-м месцы, з’яўляецца лідарам па колькасці зняволенняў па рэлігійных матывах. У Індыі, якая займае 10-е месца ў спісе, у васьмі штатах дзейнічаюць законы, якія забараняюць змену веравызнання. Там, паводле дадзеных Open doors, не праходзіць і дня без нападу на хрысціянаў і касцёлы.

З краін былога Савецкага Саюза ў «чорным спісе» дзве сярэднеазіяцкія краіны: Узбекістан (17-е месца) і Туркменістан (23-е месца), дзе адбываюцца напады на касцёлы і дзе хрысціянам забараняюць збірацца разам.

Сёлета ў «чорны спіс» трапіла таксама Расійская Федэрацыя (41-е месца), дзе былі прынятыя законы, якія абмяжоўваюць рэлігійную свабоду, а таксама адбыўся шэраг нападаў на цэрквы ў Дагестане і Чачні.

Праваабаронцы з Open doors заклікаюць міжнародную супольнасць не заставацца глухімі да стогнаў мільёнаў пераследаваных хрысціянаў ва ўсім свеце і ўсвядоміць сапраўдныя маштабы гэтай трагедыі.

Абноўлена 17.01.2019 15:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця