Пошук

26.11.2018 10:57   Catholic.by

25 лістапада арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў гамілію падчас урачыстай св. Імшы ў 25-ю гадавіну асвячэння касцёла Хрыста Валадара Сусвету ў г. Маркс (Расія).

Напачатку беларускі іерарх, першы Апостальскі Адміністратар Еўрапейскай часткі Расіі, сардэчна прывітаў вернікаў, якія раней знаходзіліся пад яго пастырскай апекай. Ён таксама падзякаваў за запрашэнне біскупу саратаўскай каталіцкай дыяцэзіі св. Клімэнта Клеменсу Пікелю, які 25 гадоў таму быў пробашчам парафіі Хрыста Валадара ў г. Маркс і завяршыў распачатае цяперашнім ардынарыем дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску біскупам Іосіфам Вертам будаўніцтва першай каталіцкай святыні, узведзенай пасля падзення СССР.

«Чвэрць стагоддзя таму на берагах магутнай і паўнаводнай Волгі ў зімовы дзень адбылося асвячэнне першай каталіцкай святыні, пабудаванай у Расіі пасля набыцця свабоды веравызнання. Гэтае асвячэнне тады здзейсніў святой памяці кардынал Георг Штэрцынскі, арцыбіскуп Берлінскі», — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх падкрэсліў глыбокую сімвалічнасць таго, што першым пабудаваным пасля савецкіх ганенняў на веру касцёлам у Расіі стаў менавіта касцёл у горадзе Маркс, названым у гонар вядомага змагара з рэлігіяй Карла Маркса, які казаў, што рэлігія — «гэта опіум для народа». У сувязі з гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў гісторыю пра тое, як адзін чалавек, звычайны фурман, убачыўшы гэты марксісцкі лозунг на транспаранце, так яго пракаментаваў:

«Калі я хварэў і моцна пакутаваў ад болю, лекар даў мне опіум, і я забыўся пра свой боль. Так і з рэлігіяй: калі на душы цяжка, памаліся, і стане лепш».

Рэлігія, дадаў іерарх, — гэта духоўны лек, якога людзі былі пазбаўленыя на працягу дзесяцігоддзяў ганення на веру ў тым ліку і на берагах Волгі, дзе стагоддзямі жыла супольнасць паволжскіх немцаў, у большасці сваёй — католікаў.

У 90-х гадах тут адбылося абяцанае Марыяй у Фаціме духоўнае адраджэнне, і ў г. Маркс, насуперак атэістычнай прапагандзе, распачатай Карлам Марксам, з’явіўся новы прыгожы касцёл — месца сустрэчы чалавека з Богам; месца, дзе чалавек атрымлівае неабходны духоўны лек.

Вуглавым каменем гэтай новай святыні стала звычайная чырвоная цагліна ад старога касцёла, знішчанага савецкімі ўладамі, якую рупліва захавалі мясцовыя вернікі. Гэтая цагліна стала сімвалам веры, якую гэтыя людзі збераглі ў сваіх сэрцах, каб перадаць яе новым пакаленням.

«Сёння мы павінны схіліць перад імі галовы, бо, калі б не было іх, не было б і нас. Няхай тых, якія адышлі з гэтага свету, Бог прыме ў сваё нябеснае Валадарства, а жывых няхай адорыць сваім благаслаўленнем», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

На заканчэнне беларускі іерарх заклікаў вернікаў г. Маркс заўсёды з радасцю ўваходзіць у гэты дом Пана Бога.

«Тут вас чакае Хрыстус — Валадар сусвету. Сустрэўшыся з Ім, нясіце Яго сучаснаму свету і сведчыце пра Яго <…>

Няхай горад Маркс насуперак сілам зла стане горадам Хрыста — найвышэйшага Валадара сусвету», — завяршыў сваю палымяную гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вечарам напярэдадні цэлебрацыю святой Імшы ў святыні ўзначаліў біскуп Іосіф Верт, ардынарый дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску У сваім казанні іерарх і былы пробашч парафіі ў Марксе, які распачаў будаўніцтва святыні, распавёў пра гісторыю адраджэння духоўнага жыцця супольнасці паволжскіх немцаў пасля іх вяртання з месцаў ссылкі, па якіх іх раскідаў нялюдскі савецкі рэжым.

Які ж юбілей бывае без падарункаў? Так і святыня-юбілярка атрымала ў 25-годдзе асвячэння цудоўны дар — новы пнеўматычны арган.

Пасля св. Імшы інструмент благаславіў Апостальскі Нунцый у Расіі арцыбіскуп Чэлестыно Мільёрэ. У сваім слове прадстаўнік Святога Айца засяродзіўся на значэнні арганнай музыкі ў літургіі і ў мастацтве, пасля чаго хор парафіі Узвышэння Святога Крыжа з Казані выканаў першы канцэрт у суправаджэнні новага аргана.

Абноўлена 26.11.2018 14:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця