Пошук

24.11.2018 12:03   Catholic.by

Увечары 23 лістапада, ва ўрачыстасць св. Клімэнта, папы і мучаніка, нябеснага заступніка каталіцкай дыяцэзіі ў расійскім Саратаве і апекуна яе пастыра біскупа Клеменса Пікеля, у гэтым горадзе на Волзе з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча распачалося святкаванне 25-годдзя асвячэння першай у Расіі каталіцкай святыні, пабудаванай пасля падзення СССР.

Святкаванне распачалося ўрачыстай св. Імшой у саратаўскім катэдральным касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла, падчас якой сённяшні Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт, а колішні Апостальскі Адміністратар еўрапейскай часткі Расіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў гамілію.

Катэдральны касцёл св. Клімэнта ў Саратаве. Паштоўка пачатку ХХ ст.
У скіраваным да ўдзельнікаў святочнай літургіі Божым слове беларускі іерарх напачатку падкрэсліў сваю асабістую сувязь з галоўнай святыняй каталіцкай дыяцэзіі на паволжскай зямлі, зрабіўшы кароткі экскурс у гісторыю мясцовага Касцёла.

Гістарычна Саратаў быў цэнтрам Тыраспальскай дыяцэзіі з уласнай дыяцэзіяльнай курыяй, катэдрай св. Клімэнта, духоўнай семінарыяй і развітою сеткаю парафій, дзе асноўную частку вернікаў складалі паволжскія немцы. Упершыню Тадэвуш Кандрусевіч трапіў у Саратаў у 1991 г., калі душпастырскай апекай мясцовых вернікаў займаўся сённяшні біскуп дыяцэзіі Перамянення Пана ў Новасібірску Іосіф Верт, які ў той час быў пробашчам парафіі ў горадзе Маркс. Ён найбольш прычыніўся да адраджэння жыцця Касцёла ў гэтым рэгіёне Паволжа, і менавіта ён распачаў будаўніцтва новага касцёла ў Марксе, які быў урачыста асвячаны ў гонар Езуса Хрыста Валадара Сусвету 25 гадоў таму.

Як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, аднаўленне іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі дало новы імпульс для адраджэння парафій. Да 1991 г. у Саратаве ўжо сфармавалася супольнасць католікаў і дастаткова хутка ўдалося зарэгістраваць парафію св. апосталаў Пятра і Паўла, пастырская апека якою была даручана салезіянам.

Катэдра св. Клімэнта, пераробленая ў кінатэатр. Фота 1950-х гадоў.
Арцыбіскуп нагадаў, што ў колішняй саратаўскай катэдры, забранай атэістычнымі савецкімі ўладамі, тады быў размешчаны кінатэатр «Піянер» і нават не магло ісці гаворкі пра яго вяртанне вернікам. Адсюль узнікла неабходнасць паклапаціцца пра новае месца культу для пастаянных набажэнстваў. Для гэтых мэтаў быў атрыманы зямельны надзел, на якім пачалося будаўніцтва касцёла. Яно завяршылася ўжо пры біскупе Клемэнсе Пікелю, які на той час стаў Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Поўдня Еўрапейскай часткі Расіі. Новапабудаваня святыня адразу стала катэдраю, бо ў гістарычным катэдральным касцёле св. Клімэнта да гэтага часу знаходзіцца кінатэатр…

Завяршыўшы гістарычны экскурс, беларускі госць засяродзіўся на асаобе св. Клімэнта, папы і мучаніка. Распавядаючы пра гераічнасць цнотаў трэцяга па ліку наступніка святога Пятра, арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што гэтага святога ўшаноўваюць як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве, што сведчыць пра іх укаранёнасць у адзінай апостальскай традыцыі. На думку іерарха з Беларусі, дзе традыцыйна мірна суіснуюць хрысціяне абедзвюх традыцый — усходняй і заходняй, — такое агульнае ўшанаванне святога Папы сведчыць пра асаблівае значэнне наступніка Пятра ў справе адзінства хрысціянаў, што асабліва важна ў гэты секулярны час, калі неабходна сумеснымі намаганнямі адстойваць хрысціянскія каштоўнасці.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што ў грэцкай мове слова мучанік (μάρτῠρος) азначае сведка. Таму хрысціне першых стагоддзяў, церпячы пераслед за веру, станавіліся яе сведкамі. Кананізаваны 14 кастрычніка папа Павел VI казаў, што сучасны чалавек больш верыць сведкам, чым настаўнікам, а калі верыць настаўнікам, дык перадусім таму, што яны з’яўляюцца сведкамі. З такімі думкамі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію кароткай малітвай:

«Няхай прыклад самаадданага служэння Касцёлу св. Клімэнта дапаможа нам стаць сапраўднымі сведкамі хрысціянства, каб мы маглі захаваць і абарніць хрысціянскія каштоўнасці, а свет каб прыняў Евангелле і, жывучы паводле яго, будаваў цывілізацыю міру, жыцця і любові».

Юбілейныя ўрачыстасці працягнуцца ў саратаўскай дыяцэзіі святога Клімэнта ў суботу 24 лістапада ўрачыстай св. Імшой, падчас якой Апостальскі нунцый у Расіі арцыбіскуп Чэлестыно Мільёрэ і біскуп новасібірскай дыяцэзіі Перамянення Пана Іосіф Верт благаславяць новы арган у касцёле Хрыста Валадара Сусвету ў г. Марксе.

Абноўлена 24.11.2018 12:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця