Пошук

21.11.2018 11:39   Паводле: Vatican News / Catholic.by

З 23 па 28 студзеня 2019 г. Святы Айцец здзейсніць падарожжа ў Панаму, дзе возьме ўдзел у 34-х Сусветных днях моладзі. Праграму візіту абнародавала 20 лістапада прэс-служба Святога Пасаду.

Найбольш значнымі падзеямі дзён моладзі ў Панаме, якія пройдуць з удзелам папы Францішка, стануць Крыжовы шлях 25 студзеня на полі Санта-Марыя-ла-Антыгуа на ўзбярэжжы Чынта Кастэра, вігілія з моладдзю ўвечары 26 студзеня на полі св. Яна Паўла ІІ і галоўная св. Імша на наступны дзень.

23 студзеня Святы Айцец вылеціць раніцай з Рыма ў Панаму, дзе пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы ў міжнародным аэрапорце Такумен спыніцца ў Апостальскай Нунцыятуры.

Раніцай 24 студзеня папа Францішак скіруецца ў прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам Панамы, пасля чаго наведае Міністэрства замежных спраў у палацы Балівара, дзе выступіць з прамовай перад прадстаўнікамі ўладаў краіны, дыпламатычнага корпусу і грамадзянскай супольнасці. Потым у касцёле св. Францішка Асізскага адбудзецца сустрэча Святога Айца з біскупамі Цэнтральнай Амерыкі, а ўвечары на полі Санта-Марыя-ла-Антыгуа Пантыфік узначаліць цырымонію афіцыйнага адкрыцця 34-х Сусветных дзён моладзі.

Раніцай 25 студзеня папа Францішак правядзе пакаяннае набажэнства для моладзі, якая знаходзіцца ў зняволенні ў вязніцы для непаўналетніх Лас-Гарсас у Пакары, на ўсход ад сталіцы краіны. Увечары пастыр паўсюднага Касцёла возьме ўдзел у Крыжовым шляху з моладдзю, а раніцай 26 студзеня ўзначаліць цэлебрацыю св. Імшы з асвячэннем алтара ў катэдральнай базыліцы Санта-Марыя-ла-Антыгуа з удзелам духавенства, кансэкраваных асобаў і прадстаўнікамі касцёльных рухаў свецкіх.

У гэты дзень Святы Айцец паабедае з моладдзю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі Сан-Хасэ, пасля чаго ўвечары ўзначаліць вігілію з моладдзю. 27 студзеня папа Францішак а восьмай гадзіне раніцы ўзначаліць цэлебрацыю галоўнай св. Імшы Сусветных дзён моладзі, пасля чаго наведае прытулак Дом добрага самраніна і сустрэнецца з валанцёрамі СДМ на стадыёне імя Ромэля Фэрнандэса.

Увечары ў міжнародным аэрапорце сталіцы Панамы са Святым Айцом развітаюцца, і ён вылеціць у Рым, куды вернецца 28 студзеня апоўдні.

Абноўлена 21.11.2018 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа